Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі плянуе 22 сакавіка наведаць Беларусь


Вітальд Вашчыкоўскі
Вітальд Вашчыкоўскі

У беларускім МЗС гэтую інфармацыю пакуль не пацьвярджаюць.

Пра тое, што Вітальд Вашчыкоўскі плянуе наведаць Менск зь візытам, стала вядома яшчэ ў лютым. Кіраўнік польскага МЗС станоўча ацаніў рашэньне ЭЗ пра адмену большасьці санкцыяў у адносінах да Беларусі.

«Можна сказаць, што гэта экспэрымэнт. Мы як суседзі рады, паколькі спадзяёмся на паляпшэньне нашых суседзкіх адносінаў. У бліжэйшым часе я пляную наведаць Беларусь, каб самому пераканацца, ці там адбыўся прагрэс і ці ёсьць імкненьне да супрацы з Эўразьвязам і, перш за ўсё, з Польшчай», — цытуе Польскае радыё Вітальда Вашчыкоўскага.

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік заявіў, што візыт міністра замежных спраў Польшчы будзе «першым за некалькі гадоў візытам польскага міністра ў Беларусь».

На прэс-канфэрэнцыі ў жывым эфіры польскага тэлебачаньня кіраўнік МЗС Польшчы заявіў, што Польшча мае намер нармалізаваць стасункі зь Беларусьсю.

«Верым, што Беларусь вернецца на шлях супрацоўніцтва з ЭЗ, і Польшча можа быць партнэрам у наладжваньні гэтага ўзаемадзеяньня», — цытуе польскага міністра РИА Новости.

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч сказаў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што беларуска-польскія стасункі «ўжо мяняюцца, і пасьля візыту такіх пераменаў будзе больш».

Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

«Чым бліжэй да Варшавы, Бэрліну і Брусэля, тым далей ад Масквы. Я думаю, што будзе прапанаваны дыялёг, і важна, каб ён быў крытычны і абумоўлены. А для Беларусі гэта шанец на тое, каб зрабіць рэформы, каб зрабіць трансфармацыю. Гаворка не ідзе пра ўступленьне ў Эўразьвяз, мы гэта разумеем. Але набліжацца да стандартаў вельмі важна. І ня толькі Нямеччына, але і Польшча павінна адыгрываць вялікую ролю ў гэтых працэсах».

На пытаньне, ці ёсьць падставы для нармалізацыі стасункаў, Мілінкевіч адказаў:

«Самая галоўная падстава — гэта пагроза з боку імпэрскай Масквы. Вось гэта сур’ёзная падстава. Калі гэтага не рабіць, калі Эўропа проста будзе працаваць па прынцыпе санкцыяў... Санкцыі — гэта маральная пазыцыя, безумоўна. Але як інструмэнт уплыву на ўнутраную сытуацыю і мацаваньне незалежнасьці санкцыі не працуюць. Наадварот, яны шкодзяць. Таму я за дыялёг. Але дыялёг такі, які ўплывае на ўладу. Вось як вызваленьне палітвязьняў. У нас вызвалялі палітвязьняў два дыялёгі. Першы — як пачаўся пасьля візыту Саляны. І вось цяпер ідзе другі. Гэта не гарантыя. Гэта — шанец».

Што азначае візыт міністра Вашчыкоўскага ў Менск?

Былы палітвязень і кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч адказаў на гэтае пытаньне Свабоды так:

Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

«Гэта азначае адно, што краіны ЭЗ, і ў тым ліку Польшча, напалоханыя расейскімі дзеяньнямі ва Ўкраіне. Яны баяцца за сваю бясьпеку, яны хочуць толькі, каб было спакойна на іх усходняй мяжы, і дзеля гэтага яны гатовыя не зважаць на прынцыпы дэмакратыі ў суседніх краінах. Гэта азначае адно, што праблема свабоды ў Беларусі — гэта праблема беларусаў. А як інакш?! Нам давядзецца вырашаць гэтую праблему самім».

Паводле Статкевіча, эўрапейцы не праводзілі адносна Беларусі палітыкі санкцыяў — гэта была палітыка маральных абмежаваньняў.

«Гэта была вельмі моцная палітыка. Яна была настолькі эфэктыўная, што, не зважаючы ні на што, ведаючы мой стан і погляды, мае магчымасьці, напрыклад, Лукашэнка пайшоў на маё вызваленьне. Дзякуючы ўсяго толькі палітыцы маральных абмежаваньняў. Бачыце, якая яна была эфэктыўная. А цяпер яны ад гэтай палітыкі адмаўляюцца. Бо яны напалоханыя. Яны гатовыя бачыць саюзьнікаў супраць Пуціна нават у выглядзе марыянэткі Пуціна, няхай і сварлівай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG