Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Мірановіч: Беластоцкая «Ніва» сфармавала нацыянальную эліту


Яўген Мірановіч
Яўген Мірановіч

Да 60-годзьдзя беларускага тыднёвіка «Ніва» ў Беластоку

Чаму пасьляваенная Польшча ня стала дзяржавай выключна польскай нацыі? Дзе польскія камуністы шукалі беларускага нацыяналізму? Якую ролю адыграла «Ніва» ў жыцьці падляскіх беларусаў? З гісторыкам Яўгенам Мірановічам, былым рэдактарам «Нівы» (1992-2003), размаўляе Ян Максімюк, былы журналіст «Нівы» (1989-1993).

Яўген Мірановіч (нар. 1955) — прафэсар Беластоцкага ўнівэрсытэту, дасьледнік беларуска-польскіх дачыненьняў, гісторыі беларускага нацыянальнага руху ды руху іншых нацыянальных меншасьцяў у Польшчы, а таксама найноўшай гісторыі Беларусі і Ўкраіны. Сярод іншага, апублікаваў кнігі: «Białorusini w Polsce 1944–1949» (1993), "Mniejszości narodowe w Polsce (1998, у суаўтарстве), «Historia państw świata w XX wieku. Białoruś (1999), «Polityka narodowościowa PRL» (2000), Polityka zagraniczna Białorusi 1990-2010, (2011), «Polityka zagraniczna Ukrainy 1990-2010» (2012), «Wojna wszystkich ze wszystkimi. Białoruś 1941-1944» (2015).

РС: Помню, калі я чытаў тыя разьдзелы тваёй працы «Этнічная палітыка ў Народнай Польшчы» (2000), якія тычыліся беларускай меншасьці, мяне не пакідала пачуцьцё абсурду. Бо ў дзяржаўнай палітыцы ў пасьляваенныя гады беларусы то зьяўляліся, то зноў зьнікалі. А найбольш абсурднае было тое, што самі беларусы ўспрымалі гэта зусім нармальна. То бок, калі ўлада хацела, каб іх не было, яны зьнікалі. А калі ўлада хацела, каб яны ўсё ж былі, яны знаходзіліся. Ці магчымы быў такі варыянт разьвіцьця сытуацыі пасьля 1944 году, што беларуская меншасьць як арганізаваная група ў Польшчы магла і не зьявіцца?

Яўген Мірановіч: Гэта быў цалкам рэальны праект. Польшча пасьля вайны ўспрымалася як дзяржава аднае нацыі. Ніякіх меншасьцяў не прадбачалася. Такі быў тады асноўны прапагандысцкі лёзунг: Польшча — дзяржава аднае нацыі. Хаця пасьля вайны на тэрыторыі Польшчы пражывалі 3,5 мільёны не-палякаў, гэтая ідэя пасьпяхова рэалізоўвалася ў першыя пасьляваенныя гады.

Вучні беларускай школы ў Гацьках каля Бельску
Вучні беларускай школы ў Гацьках каля Бельску

Беларусам пашанцавала па простай прычыне — не па волі польскіх уладаў, а па волі савецкіх. Калі абодва бакі ў верасьні 1944 году падпісалі дамову пра перасяленьне, савецкія камісары вельмі хутка правялі падлік насельніцтва на Беласточчыне, каб дазнацца, колькі людзей магло б выехаць адсюль у СССР. Яны вельмі дакладна палічылі ўсіх праваслаўных на Беласточчыне, і лік атрымаўся ня большы за 150 тысяч. Яны таксама палічылі католікаў у Беларусі, якіх трэба было б перасяліць у Польшчу. Колькасьць была значна большая — 550 тысяч. Гэта азначала, што Беларусь у выніку абмену насельніцтвам страціла б 400 тысяч чалавек. Паводле савецкіх дакумэнтаў, якія мне ўдалося знайсьці ў архіве ў Менску, пасьля 1945 году савецкі бок пачаў адназначна тармазіць акцыю перасяленьня. А раней ўсё ішло да таго, каб беларусаў перасяліць так, як украінцаў. І тады ўзьнікла цікавая зьява — улады ўпершыню сталі пераконваць католікаў у Беларусі, што ніякія яны не палякі, а беларусы каталіцкага веравызнаньня. Тады разгарнулася вялікая прапагандысцкая акцыя, каб затрымаць католікаў у Беларусі. І савецкі бок моцна не намагаўся, каб праваслаўныя беларусы выяжджалі зь Беласточчыны.

Зь Беласточчыны ў Савецкі Саюз выехалі толькі тыя беларусы, якім пагражала сьмерць з боку падпольля.

РС: Якім чынам пацыфікацыя беларускіх вёсак польскім антыкамуністычным падпольлем уплывала на кансалідацыю беларусаў на Беласточчыне і на іх перасяленьне ў Савецкі Саюз? Напэўна людзі баяліся таго, што рабіў «Буры» на Беласточчыне...

Вучні з Праневічаў каля Бельску
Вучні з Праневічаў каля Бельску

Яўген Мірановіч: Гэта быў ня толькі «Буры». Акцыі супраць беларускага насельніцтва былі і там, дзе «Бурага» ўвогуле не было — у ваколіцах Сямяціч і асабліва ў Сакольскім павеце, адкуль выехала адносна найбольшая колькасьць праваслаўных. З Сакольскага павету выехала амаль палова праваслаўных. Выяжджаць ніхто не зьбіраўся, але, маючы выбар — загінуць на сваёй зямлі ці выехаць у СССР і застацца жывым — многія выбіралі другі варыянт. Трэба адзначыць, што тады яшчэ жылі пакаленьні, якія вельмі добра памяталі бежанства 1915 году. Кашмар бежанства адбіўся вельмі моцна ў іх сьвядомасьці, і ніхто не хацеў паўтараць яго. Другой прычынай, якая тармазіла выезд, было дасьведчаньне з 1939-1941 гадоў, калі людзі пабачылі савецкую ўладу на практыцы.

РС: Як лічылі беларусаў на Беласточчыне польскія камуністы? Ці спрабавалі яны залічваць да беларусаў беларускамоўных католікаў?

Вучні зь Дзяніскаў
Вучні зь Дзяніскаў

Яўген Мірановіч: Ніякім чынам. Дарэчы, пра беларусаў гаварылася толькі да канца 1944 году. Пасьля 1944 году, калі польскія камуністычныя ўлады былі яшчэ ў Любліне, было вырашана, што ніякіх беларусаў у Польшчы няма і ня будзе. Тыя, што адчуваюць сябе беларусамі, або зьехалі ў Савецкі Саюз, або неўзабаве туды зьедуць. Ну а тыя праваслаўныя, якія застануцца — гэта будуць праваслаўныя палякі. Пачынаючы ад 1945 году, пачалі ліквідаваць беларускія школы, якія ўзьніклі ў 1944-м. Камуністы ахвотна прымалі праваслаўных беларусаў на службу ў партыйным апараце, таксама ў міліцыю ці службу бясьпекі, але пры ўмове, што ніхто зь іх ня будзе заяўляць сябе беларусам. У 1946 годзе зьявіліся інструкцыі, якія выразна казалі, што на працу можа быць прыняты толькі той чалавек, які добра валодае польскай мовай. Камуністам перш за ўсё залежала, каб здабыць прыхільнасьць сярод палякаў.

РС: Якая была прычына таго, што потым палітыка ў адносінах да беларусаў зьмянілася?

Яўген Мірановіч: Трэба адзначыць, што потым палітыка зьмянілася ў адносінах да ўсіх меншасьцяў. Палітыка пабудовы Польшчы як аднанацыянальнай дзяржавы закончылася ў 1948 годзе, калі ўладу ў Польшчы перанялі савецкія дарадчыкі. Намінальныя ўлады ў Польшчы былі — і прэзыдэнт, і прэм’ер-міністар — але краінай фактычна пачалі

Вучні з Кнаразоў
Вучні з Кнаразоў

кіраваць савецкія дарадчыкі, якім не залежала на тым, каб Польшчы была дзяржавай аднае нацыі. Таму сытуацыя зьмянілася і для ўкраінцаў, якіх перасялілі, і асабліва для немцаў. Немцаў наогул пачалі тады лічыць за людзей. Хапіла, што ў 1948 годзе ў палітбюро польскай камуністычнай партыі адзін чалавек — яго звалі Вольскі — сказаў, што «мне здаецца, што беларусы павінны мець свае школы», каб радыкальна памяняць сытуацыю. Бо ўсе ведалі, што той Вольскі ў палітбюро быў рупарам, празь які свае пажаданьні абвяшчала Масква. Усе пагадзіліся, і літаральна праз два тыдні пачалася арганізацыя беларускага школьніцтва на Беласточчыне. Падкрэсьлю — школьніцтва поўнасьцю на беларускай мове. Але сярод беларусаў на Беласточчыне не было ні ахвотных, ні нават зацікаўленых, каб выступаць з такой ініцыятывай, асабліва пасьля таго, як двума гадамі раней усё ў галіне беларускамоўнага школьніцтва было дакладна ліквідавана. І раптам у 1949 годзе пачалася вялікая акцыя пабудовы гэтага школьніцтва. На працягу двух месяцаў, у пэрыяд канікулаў, былі створаныя 49 беларускіх школаў — знайшлі настаўнікаў, знайшлі падручнікі, знайшлі ўсё патрэбнае. І некалькі наступных гадоў гэтыя школы на беларускай мове працавалі, хоць, зразумела, яны прапагандавалі камуністычную ідэалёгію і каштоўнасьці тае эпохі. Там вучылі ня толькі беларускай мове, але і ўсе іншыя прадметы таксама былі на беларускай мове.

РС: Калі гэтыя беларускамоўныя школы на Беласточчыне зьніклі? Пасьля 1956 году, здаецца, іх ужо не было...

Вучні з Дубічаў Асочных
Вучні з Дубічаў Асочных

Яўген Мірановіч: Не, яны былі і пасьля 1956 году, але пачалі мяняцца ў бок зьмяншэньня беларускага ў іх. Калі пасьля 1956 году настала свабода слова, на беларускі фактар у жыцьці краіны пачалі рэагаваць палякі, ківаючы на беларусаў як на «агентаў чужой дзяржавы». Беларусы, чые дзеці хадзілі ў беларускамоўныя школы, пачалі кепска сябе адчуваць у польскім асяродзьдзі. Некаторыя бацькі-беларусы нават пачалі пісаць просьбы ў аддзел асьветы ў Беластоку, каб гэтыя школы ліквідавалі. Але, на шчасьце, у 1956 годзе, пасьля палітычнага пералому, узьнікла Беларускае грамадзка-культурнае таварыства (БГКТ) у Беластоку і зьявіліся дзеячы, якія пачалі езьдзіць па вёсках і пераконваць бацькоў, каб тыя не выпісвалі дзяцей зь беларускамоўных школ.

РС: Як было з узьнікненьнем БГКТ — хто яго інсьпіраваў?

Вучні з Ласінкі
Вучні з Ласінкі

Яўген Мірановіч: Узьнікненьне такіх арганізацый было інсьпіраванае партыйнымі ўладамі, безь ніякага ўдзелу меншасьцяў. Адбывалася гэта на тле ліквідацыі разнастайнай культурна-грамадзкай і выдавецкай дзейнасьці габрэйскай меншасьці ў Польшчы. Гэтая меншасьць пасьля вайны вяла вельмі актыўную і багатую дзейнасьць у сваім асяродзьдзі. Партыя вырашыла, што будзе толькі адна габрэйская газэта і адна габрэйская арганізацыя. І пры нагодзе партыя таксама вырашыла, што ўсе астатнія меншасьці павінны мець такія самыя ўмовы.

РС: А што варта ведаць пра абставіны ўзьнікненьня беларускага тыднёвіка «Ніва» ў Беластоку?

Яўген Мірановіч: «Ніва» ўзьнікла так, як і БГКТ — была партыйная пастанова, што арганізацыя павінна мець свой прэсавы орган. Трэба было толькі знайсьці чалавека на пасаду рэдактара. Такога чалавека вельмі лёгка знайшлі — Юрыя Валкавыцкага, які працаваў у партыйных структурах і меў закончаны факультэт журналістыкі, здаецца, у Ленінградзе. Прафэсійна ён быў цалкам падрыхтаваны, каб выконваць такую функцыю. Астатніх людзей зьбіралі сярод мясцовых, якія больш-менш ведалі пісьмовую беларускую мову або вывучалі яе.

Рэдакцыя «Нівы» ў 1986 годзе. Сядзіць пасярэдзіне: Юры Валкавыцкі
Рэдакцыя «Нівы» ў 1986 годзе. Сядзіць пасярэдзіне: Юры Валкавыцкі

У 1956 годзе «Ніва» была даволі лібэральнай газэтай, там шмат што пісалася, у тым ліку і пра беларускую гісторыю, але ўжо ў 1957 і 1958 гадах была ўведзеная вельмі пільная цэнзура. Ня толькі ў адносінах да «Нівы», але і да ўсіх іншых выданьняў нацыянальнай меншасьці. Партыя пасылала туды людзей беларускага паходжаньня, якія добра адчувалі, чаго ад іх чакаюць. Перш за ўсё ад іх патрабавалася, каб яны там шукалі «беларускі нацыяналізм». У 1957-1958 гадах гэтыя пошукі мелі ўжо прыкметы хваробы. Беларускага нацыяналізму як такога на Беласточчыне не было ніколі. Але кожны, хто з большай прыхільнасьцю пісаў у «Ніве» пра беларускую культуру ці нават фальклёр, рабіўся падазроным. Пад асаблівым наглядам была таксама дзялянка, зьвязаная з праваслаўем і рэлігіяй. Гэта было аб’ектам радыкальнай крытыкі з боку партыйных чыноўнікаў, найчасьцей таксама беларускага паходжаньня. Ратаваў рэдакцыю ад такой крытыкі толькі аўтарытэт галоўнага рэдактара Юрыя Валкавыцкага, які быў у камісіі па нацыянальных меншасьцях у ваяводзкім камітэце партыі ў Беластоку і меў таксама аўтарытэт у цэнтральным партыйным апараце.

РС: Як бы ты вызначыў ролю «Нівы» ў беларускім асяродзьдзі ў Польшчы ў 1960-я і 1970-я гады, калі паглядзець на яе вачыма не партыйнага кіраўніцтва, а звычайнага беларускага чытача?

Вучні з Орлі
Вучні з Орлі

Мірановіч: Ці будзем гаварыць пра БГКТ, ці пра «Ніву» — у абодвух выпадках выснова аднолькавая: і адна установа і другая адыгралі вельмі станоўчую ролю ў фармаваньні тоеснасьці беларусаў. Калі зьявілася «Ніва», пачала фармавацца беларуская грамадзкая думка на Беласточчыне. У той час, калі журналіст пра некага напісаў і гэты тэкст апублікавалі разам са здымкам — гэта была вельмі важная і вялікая падзея для людзей. Яшчэ ў 1990-х гадах я сустракаў чытачоў, якія захоўвалі экзэмпляры «Нівы» з 1950-х і 1960-х, у якіх напісалі пра іх. Газэта была плятформай для беларускай грамадзкай дыскусіі. І вакол «Нівы» сфармавалася нацыянальная эліта. Варта прыгадаць, што ў «Ніве» дэбютавалі ўсе пісьменьнікі і паэты, якія стварылі Літаратурнае аб’яднаньне «Белавежа». На тэкстах зь «Нівы» выхоўваліся і пакаленьні сучаснай беларускай інтэлігенцыі.

РС: Якую ролю для «Нівы» ты бачыш сёньня?

Сяміклясьнікі са Скупава
Сяміклясьнікі са Скупава

Яўген Мірановіч: Справа ў тым, што калі я быў рэдактарам і калі мы працавалі разам з табою ў пачатку 1990-х, ужо тады вельмі цяжка было вызначыць форму газэты. Найбольш верныя чытачы тады ўсё яшчэ былі на вёсцы, але сёньня яны ўжо зышлі з гэтага сьвету. Заданьне знайсьці чытачоў у гарадзкім асяродзьдзі — вельмі цяжкое. Зь пераходам нашых людзей у гарадзкое асяродзьдзе, асабліва ў Беласток, куды ідзе большасьць, маланкава наступае асыміляцыя. У дадатак — існуюць разнастайныя формы кантактаў ды арганізацыйнай і іншай актыўнасьці для беларусаў, якія аб’ектыўна звужваюць поле дзейнасьці для «Нівы». Таму сытуацыя «Нівы» вельмі складаная. Ну і найважнейшая праблема — маладое пакаленьне ня ведае «букваў», кірыліцы. Патэнцыяльныя чытачы «Нівы» — толькі тыя, якія ходзяць у школы з навучаньнем беларускай мовы. А іх штораз менш.

РС: А ці быў бы сэнс хоць часткова перавесьці «Ніву» на лацінскі альфабэт?

Яўген Мірановіч: Гэта ў прынцыпе магчыма, але гэта не зьмяніла б чытацкай сытуацыі радыкальным чынам. Асноўная праблема ў тым, што новыя пакаленьні штораз у меншай ступені вывучаюць беларускую мову.

Здымкі да гэтага інтэрвію ўзятыя з публікацыі «Ніва — час і людзі 1956-2006», Беласток 2006.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG