Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча: Зьняцьце санкцыяў з Лукашэнкі — гэта «важны экспэрымэнт»


Вітальд Вашчыкоўскі

Вітальд Вашчыкоўскі

Сёньня з афіцыйнага Менску могуць зьняць эўрапейскія санкцыі. Найбліжэйшая суседка Беларусі, Польшча, падтрымлівае такі крок.

Перад пасяджэньнем Рады Эўразьвязу камісар Эўракамісіі па палітыцы суседзтва Ёханэс Хан сказаў:

«У выпадку Беларусі мы таксама заўважаем некаторы прагрэс у нашых адносінах, які, па-мойму, вельмі важны, бо для нас, эўрапейцаў, стабільнасьць — ключавая мэта ў нашым суседзтве. Мець добрыя адносіны з нашымі суседзямі — наш галоўны інтарэс. Як мяркую, таксама ў інтарэсах Беларусі заняць, так бы мовіць, збалянсаваную палітычную пазыцыю ў рэгіёне. Таму я высока ацэньваю гэтае разьвіцьцё сытуацыі».

Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі пазытыўна ацаніў магчымае рашэньне пра зьняцьце санкцыяў, накладзеных на афіцыйны Менск, перадае Polskie Radio.

«Гэта важны экспэрымэнт, — тлумачыць Вашчыкоўскі. — Як суседзі мы рады гэтаму, бо спадзяёмся, што гэта палепшыць нашы дачыненьні».

Таксама шэф польскага МЗС паведаміў, што зьбіраецца найбліжэйшым часам прыляцець у Беларусь, каб пераканацца, што беларускія ўлады маюць жаданьне і рашучасьць супрацоўнічаць з Эўразьвязам і найперш з Польшчай, «бо гэта для нас важна».

Міністры замежных спраў Эўразьвязу 15 лютага маюць паведаміць пра сканчэньне абмежаваньняў, уведзеных супраць беларускага ўраду, або працяг старых санкцыяў. На сёньняшні дзень сытуацыя з санкцыямі наступная: 29 кастрычніка 2015 году іх прыпынілі на чатыры месяцы адносна 171 фізычнай асобы і 10 юрыдычных. Гэта, напрыклад, асабіста Аляксандар Лукашэнка, ягоныя сыны — Віктар і Дзьмітры, старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Валеры Вакульчык, кампаніі «Белтэхэкспарт», «Трайпл», «Белтэх Холдынг»... Санкцыі не замарозілі толькі для чатырох асобаў, якіх Эўразьвяз лічыць датычнымі да зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў. Гэта Ўладзімер Навумаў, Дзьмітры Паўлічэнка, Юры Сівакоў і Віктар Шэйман.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG