Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зірнуў я на жывую трансьляцыю зь сёньняшняга мітынгу індывідуальных прадпрымальнікаў перад Міністэрствам падаткаў і збораў у Менску, і мне прыгадаўся пачатак 1990-х гадоў у Беластоку.

У той час, калі першы посткамуністычны ўрад у Польшчы пайшоў на эканамічную лібэралізацыю і запусьціў у рух «праграму пабудовы капіталізму» Лешака Бальцаровіча, на адным зь беластоцкіх стадыёнаў стварыўся вялізны рынак «індывідуальных прадпрымальнікаў», бадай ці ня самы вялікі рынак ва ўсходняй Польшчы. Сюды мы зь сям’ёй хадзілі купляць адзеньне і іншыя рэчы хатняга ўжытку ажно да нашага пераезду ў Чэхію, дый цяпер, наведваючыся ў Беласток, ідзем і закупляем сабе вопратку якраз на гэтым рынку. І тады, і цяпер прычына нашай пакупніцкай вернасьці адна — на гэтым беластоцкім рынку тавары адчувальна таньнейшыя, чым у крамах у горадзе. І ў гэтым адзін з сакрэтаў капіталізму, ня толькі беластоцкага — пакупнікі ідуць туды, дзе таньней. Ну, пераважная большасьць пакупнікоў.

У пачатку 1990-х мала хто зь беластоцкіх гандляроў на згаданым стадыёне спраўна выплачваў усе падаткі і меў накладныя на ўвесь свой асартымэнт. Ведаю гэта напэўна, бо мой сусед па пад’езьдзе — былы пажарнік — якраз тады стаў гандляваць джынсамі на беластоцкім рынку. І ён там гандлюе яшчэ і сёньня, і я яшчэ час ад часу купляю ў яго джынсы. Але сёньня ў яго ўжо ўсе паперыны ў парадку, і ён спраўна выплачвае ўвесь належны падатак. Польскі капіталізм наогул і падатковая ўправа ў Беластоку ў прыватнасьці ўзялі пад кантроль увесь такі гандаль. Час «дзікага капіталізму» пачатку 1990-х у Польшчы беззваротна мінуўся. Другі сакрэт капіталізму — усе павінны плаціць належныя падаткі, бо іначай капіталізм разваліцца.

Скажу адкрыта: на маю думку ўказ № 222 у Беларусі пра накладныя і сэртыфікаты для індывідуальных прадпрымальнікаў — цалкам талковы і лягічны крок улады на шляху да пабудовы нармальных капіталістычных адносін у эканоміцы. Адно што такіх талковых і лягічных крокаў ня робіцца ў іншых сфэрах эканомікі. То бок улады ўсё яшчэ лічаць, што магчыма падтрымаць «гібрыдную» мадэль беларускай эканомікі — сумесь сацыялізму, капіталізму і аднаасобнага самадурства — заглядаючы ў кішэні «ўшывых блох». Або, напрыклад, павышаючы тарыфы ў жыльлёва-камунальнай сфэры і не даючы магчымасьці народу зарабіць грошы на аплату даражэйшых паслугаў ЖКГ... Або, напрыклад, павышаючы пэнсійны ўзрост і не даючы магчымасьці зарабіць на прыстойную пэнсію...

У Польшчы, у параўнаньні з пачаткам 1990-х, пайшлі ўгору і аплаты ў сфэры ЖКГ, і пэнсійны ўзрост. Але ўвесь гэты час таксама расьлі даходы палякаў. Канешне, ня ўсе ў Польшчы багацелі роўным чынам і аднолькава хутка, але вось вам такі статыстычны паказьнік — у 2004 годзе сярэдні чысты даход паляка складаў 38% сярэдняга чыстага даходу немца, а ў 2014 — ужо 49%. То бок ёсьць рух уперад і застаецца надзея, што некалі Польшча зможа моцна наблізіцца да Нямеччыны па якасьці жыцьця, калі не дагнаць наогул. Значыць, варта было рызыкнуць і прайсьці этап «дзікага капіталізму» ў пачатку 1990-х.

У Беларусі ж улады далей спадзяюцца, што беларуская «гібрыдная эканоміка» і гэтым разам зможа неяк выкруціцца без рэформаў, і магчыма будзе прымусіць людзей «купляць беларускае» ўдвая даражэй, чым, прыкладам, расейскае або кітайскае.

Безумоўна, беларуса можна прымусіць сядзець з цьвіком у азадку практычна без абмежаваньня, бо гэта, так бы мовіць, выключна нацыянальная асаблівасьць. Але законы попыту і прапановы — яны ж унівэрсальныя. Ну, прынамсі з часоў Маркса.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG