Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Францішак прыедзе ў Польшчу


Папа Францішак на Саміце ААН, 2015

Папа Францішак на Саміце ААН, 2015

Візыт заплянаваны з 27 па 31 ліпеня, папа сустрэнецца з польскімі ўладамі і адзначыць Усясьветны дзень моладзі зь вернікамі.

Пантыфік Францішак наведае Польшчу з 27 па 31 ліпеня з нагоды Усясьветнага дня моладзі, паведаміў Polskie Radio арцыбіскуп Кракава Станіслаў Дзівіш. Візыт адбудзецца па запрашэньні польскай біскупскай канфэрэнцыі і польскіх дзяржаўных органаў улады.

Падчас візыту Папа сустрэнецца з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам, возьме ўдзел у сьвяткаваньні 1050 гадавіны хрышчэньня Польшчы ў Чэнстахове і Ўсясьветнага дня моладзі ў Кракаве, а 29 ліпеня, калі касьцёл згадвае пакуты і сьмерць Хрыста, наведае музэй у былым канцлягеры «Аўшвіц» у Асьвенціме.

Арцыбіскуп Кракава адзначае, што такі візыт гэта ня толькі гонар для палякаў, але і выклік для ўладаў і касьцёлу, а таксама магчымасьць прасоўваньня касьцёлу ў Польшчы, а Польшчы – ў сьвеце. Ён заклікае палякаў шырока адчыняць дзьверы тым, хто прыбудзе на сьвяткаваньне Ўсясьветнага дня моладзі:

«Ня бойцеся прыняць маладзёнаў, якія ўнясуць у вашыя сем’і радасьць і спакой. З асабістага досьведу ведаю, як шмат добрага нараджаецца ў такіх сустрэчах», – кажа ён, згадваючы, што на сьвята прыедуць прадстаўнікі 174 краінаў, у тым ліку вялікая дэлегацыя зь Беларусі.

Тым ня меней, межы Польшчы ў дні візыту ня будуць абсалютна адчыненымі: на час Усясьветнага дня моладзі і візыту Папы, а таксама падчас папярэдняга саміту NATO ў Варшаве, што пройдзе 8-9 ліпеня, Польшча ў мэтах бясьпекі адновіць памежны кантроль. Так Польшча ўжо рабіла падчас Чэмпіянату Эўропы па футболе ў 2012 годзе і кліматычнага саміту ў 2013-м. Міністэрства ўнутраных справаў таксама чакае, што да пачатку мерапрыемстваў будзе прыняты новы антытэрарыстычны закон.

XS
SM
MD
LG