Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абрыкосы Данбасу», беларускамоўная гішпанка, паліглёт Баршчэўскі і новая кніга Хадановіча — што не прапусьціць на фэсьце «Вершы на асфальце»


Так праходзілі леташнія «Вершы на асфальце»

Так праходзілі леташнія «Вершы на асфальце»

«Вершы на асфальце» — штогадовы паэтычны фэстываль, у якім бяруць удзел паэты зь Беларусі і іншых краін.

У праграме фэстывалю, апроч уласна паэтычных чытаньняў, традыцыйна прысутнічае паэтычны слэм, будуць дыскусіі, музычныя выступы, прэзэнтацыі новых выданьняў і ўзнагароджаньне пераможцаў літаратурных конкурсаў.

Сярод беларускіх удзельнікаў сёлетняга фэсту — Раіса Баравікова, Андрэй Хадановіч, Павал Касьцюкевіч, Адам Глобус, Галіна Дубянецкая, Барыс Пятровіч, Міхась Скобла, Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Сяргей Дубавец, Сьвятлана Богуш, Павал Рааго, Сьвятлана Рогач і іншыя.

Пройдзе прэзэнтацыя некалькіх кніг: Богдан Задура «Труны з Ікеі», Андрэй Хадановіч «Цягнік Чыкага-Токіё», зборнік славацкай паэзіі ў беларускім перакладзе пад назвай «Палеміка з аптымізмам. Сучасная славацкая паэзія», а таксама дэбютныя кнігі Мікіты Найдзёнава, Тані Сьветашовай, Георгія Барташа, Алеся Плоткі і Анхэлы Эспіносы.

«Сёлета фэстываль памяці Міхася Стральцова „Вершы на асфальце“ — юбілейны, ён пройдзе ўжо ў пяты раз. Таму на ўсіх арганізатарах ляжыць вялікая і адначасова прыемная адказнасьць. Як асаблівасьць сёлетняга фэстывалю можна адзначыць надзвычай вялікую колькасьць удзельнікаў і разнастайнасьць праграмы — гэта сьвята паэзіі, музыкі, паэтычных і музычных джэмаў зь дзесяці краінаў сьвету», — сказала Свабодзе прэс-сакратар Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Віка Трэнас.

У якасьці гасьцей на фэсьце будуць паэты з Польшчы, Латвіі, Літвы, Швэцыі, Новай Зэляндыі, Украіны, Расеі, Славаччыны. Беларусь прадставяць паэты і зь Менску, і з усіх абласных цэнтраў.

«Апроч паэтычных імпрэзаў, пройдзе лекцыя па творчасьці Міхася Стральцова — яе прачытае літаратар Ціхан Чарнякевіч. У якасьці паэтычнага сюрпрызу мы падрыхтавалі сэкцыю зь перакладамі вершаў Міхася Стральцова на розныя мовы сьвету. Бэнэфіс перакладчыкаў. Традыцыйна будзе і паэтычны слэм. Дзяцей і іх бацькоў запрашаем на музычна-вершаваны ранішнік. Карацей, усё, што магчыма ў сьвеце паэзіі, можна будзе пабачыць на фэсьце „Вершы на асфальце“. Можна сказаць, што гэта будзе падзея году», — кажа Віка Трэнас.

Адной з самых цікавых падзеяў сёлетняга фэсту будзе прэзэнтацыя кнігі перакладаў Лявона Баршчэўскага, які перастварыў па-беларуску выбраныя творы паэтаў Эўропы і Амэрыкі.

«Гэта фундамэнтальнае, вельмі саліднае выданьне, якое выйшла ў сэрыі „Кнігарня пісьменьніка“ выдавецтва Зьмітра Коласа», — патлумачыла Віка Трэнас.

У якасьці музычнага аздабленьня выступяць беларускія і ўкраінскія гурты:

«Выступіць вельмі цікавы ўкраінскі дуэт, які называецца „Абрыкосы Данбасу“, туды ўваходзяць паэтка Люба Якімчук і кантрабасіст Марк Токар. Але ніякай палітыкі тут ня будзе, таму што фэстываль — выключна пра мастацтва, ён зьяўляецца адкрытай прасторай для ўсіх, незалежна ад палітычных поглядаў».

Сярод замежных гасьцей на фэсьце будзе вядомая ў сацыяльных сетках беларускамоўная гішпанка Анхэла Эсьпіноса:

«Анхэла прэзэнтуе кнігу вершаў на беларускай мове. Кніга называецца „Раяль ля мора“, і выйшла яна ў выдавецтве Ігара Логвінава».

Фэстываль запачаткавалі ў 2012 годзе ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» і Беларускі ПЭН-цэнтар.

Сёлета партнэрамі выступаюць: Швэдзкі зьвяз пісьменьнікаў, партал TUT.BY, кампанія Prestigio, амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, амбасада Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, грамадзкая культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!», Польскі інстытут у Менску, Інстытут імя Гётэ ў Менску.

Падрабязную праграму фэстывалю можна пабачыць на сайце stralcou-fest.by.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG