Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі пераклад кнігі «Хронікі Нарніі: Пляменьнік чараўніка» прадставяць 11 лютага


У праграме прэзэнтацыі абяцаюць фаўнаў і баброў, а таксама перадзамову кнігі па зьніжаным кошце.

Першая па храналёгіі кніга са славутай фэнтэзі-сэрыі «Хронікі Нарніі», «Пляменьнік чараўніка», неўзабаве выйдзе ў беларускім перакладзе. Кніга 1955 году — прыквэл да астатніх пяці, якія выдаваліся ад 1950 году. Яна распавядае пра стварэньне чароўнай краіны Нарніі і першае знаёмства людзей нашага сьвету зь ёй.

Аляксей Шэін

Аляксей Шэін

«Ідэя перакладу сямі кніг „Хронік Нарніі“ існавала даўно, — распавядае Свабодзе ініцыятар перакладу Аляксей Шэін. — Зь сябрам і калегам Андрэем Кімам дамовіліся, што разам паспрабуем рэалізаваць гэты праект. Пачалі зь першай кнігі, „Хронікі Нарніі: Пляменьнік чараўніка“.

Мы падзялілі пераклады між рознымі перакладчыкамі. Гэтую кніжку перакладала Надзея Кім. Ілюстратарам вокладкі стаў вядомы беларускі графік Раман Сустаў. Акрамя таго, у выдавецтва HarperCollins, якое валодае правамі на кнігу, мы набылі клясычныя ілюстрацыі вядомай ангельскай мастачкі Паўліны Бэйн, якія ствараліся на просьбу самога Льюіса».

Прэзэнтацыя перакладу адбудзецца 11 лютага а 19-й гадзіне ў менскай «Галерэі Ў» (пр-т Незалежнасьці, 37А). Арганізатары абяцаюць музыку Нарніі, чытаньне перакладу Паўлам Харланчуком і Ганнай Харланчук-Южаковай, а таксама фаўнаў і баброў — герояў кнігі.

«Мы прадставім сам пераклад, які ўжо гатовы, — тлумачыць Шэін. — Цяпер мы працуем з друкарняй. На самой прэзэнтацыі можна будзе папярэдне замовіць кнігу па зьніжаным кошце. А з друку першы наклад выйдзе ў сакавіку, празь некалькі тыдняў па прэзэнтацыі».

Арганізатары выказваюць падзяку за падтрымку ў правядзеньні прэзэнтацыі амбасадзе Вялікабрытаніі і чакаюць брытанскіх гасьцей:

«Чакаем на прэзэнтацыі гасьцей з амбасады. Бачым, што іх цікавіць тое, каб веданьне пра брытанскую літаратуру распаўсюджвалася па Беларусі, каб кнігі брытанскіх аўтараў зьяўляліся на беларускай мове.

„Хронікі Нарніі“ — гэта клясыка брытанскай літаратуры XX стагодзьдзя. Яны значацца сярод самых прадаваных кніг у сьвеце і ўваходзяць ва ўсе рэйтынгі самых прадаваных за стагодзьдзе. І хоць Льюіс быў па паходжаньні ірляндцам, нарадзіўся ў брытанскай Паўночнай Ірляндыі, для Вялікабрытаніі гэта такі сусьветны герой».

Кнігі «Хронік Нарніі» выходзілі на чатырох дзясятках моваў сумарным накладам у сотню мільёнаў. Па матывах гэтай кніжнай сэрыі зьнялі тры фільмы, адзін зь іх можна паглядзець у беларускім перакладзе.

Сам Аляксей Шэін, дарэчы, пісаў фэнтэзі па-беларуску.

XS
SM
MD
LG