Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кожнага з нас ёсьць фільмы, якія можна пераглядаць зноў і зноў. І ніколі не надакучыць, і кожны раз будуць адкрывацца новыя дэталі, зьяўляцца нагоды для разважаньняў.

Чаму б не зрабіць чарговы прагляд беларускамоўным?

Аляксандра Сержановіч прапануе ТОП-10 фільмаў зь беларускім перакладам, якія ўжо можна лічыць клясыкай. Стужкі ўсе розныя і параўноўваць іх абсалютна немагчыма, таму атрымайце пералік таго, што варта пераглядзець па-беларуску ў вольны вечар.

«Форэст Гамп»

Фільм Роберта Зэмэкіса з Томам Хэнксам у галоўнай ролі звыкла ўваходзіць у топы найлепшых фільмаў нашай плянэты.

Стужка прынесла яе стваральнікам шэсьць статуэтак Оскара. Гледачы ж атрымалі аповед пра жыцьцё крыху прыдуркаватага чалавека з адкрытым сэрцам, якому пашчасьціла паўдзельнічаць у значных для амэрыканскай гісторыі падзеях і шмат чаго дасягнуць.

За 135 хвілінаў Форэст Гамп з хлопчыка вырастае ў героя вайны і пасьпяховага бізнэсмэна, але застаецца няхітрым і добрым.

Па-беларуску героі фільму загаварылі галасамі Ганны Хітрык, Паўла Харланчука і Алеся Малчанава.

«Выкупленьне з Шаўшэнку»

Неверагодная стужка пра тое, як застацца чалавекам нават у самых жорсткіх умовах і не губляць надзеі.

Калі вы раптам ня бачылі гэтага фільму, прысьвяціце яму адзін з бліжэйшых вечароў, нават калі вы ня любіце фільмы турэмнай тэматыкі.

Стужка зусім не падобная да іншых на гэтую тэму, і выдатна зараджае прагай да жыцьця.

Нездарма шматлікія топы выносяць яго на першае месца сярод самых лепшых фільмаў усіх часоў.

«Неверагодны лёс Амэлі Пулен»

Калі мне хочацца падняць сабе настрой і атрымаць кроплю дзіцячай радасьці, я заўжды гляджу гэты фільм.

Ён лёгкі, прыемны, цікавы.

Загадкавы сюжэт трымае ўвагу зь першай да апошняй хвіліны — сумна дакладна ня будзе.

Цяжка ня ўразіцца арыгінальнай гераіняй Одры Тату, якая лічыць, што нават дробныя ўчынкі могуць кардынальна зьмяніць жыцьцё чалавека і зрабіць яго больш цікавым.

Яна шмат гадоў назірала за іншымі, а пасьля пачала ўмешвацца ў хаду падзей. І гледачы разам зь ёй.


«Эфэкт матыля»

Працягнем гаворку пра тое, як дробныя падзеі на адной кропцы зямлі могуць справакаваць перамены на іншай. Лепш, як у стужцы "Эфэкт матыля", наўрад ці недзе пра гэта сказана.

Шмат фільмаў зьнята пра тое, што будзе, калі вярнуцца ў мінулае і зьмяніць яго.

Але «Эфэкт матыля», на мой погляд, самы ўражлівы. Другая частка фільму таксама ёсьць у беларускамоўным перакладзе. Але працяг, як часта бывае з сыквэламі, значна слабейшы за пачатак.

За пераклад гэтага фільму, а таксама «Амэлі», «Выкупленьня з Шаўшэнку», «Таксі» і іншых цудоўных стужак варта падзякаваць каналу Белсат.

«Крымінальнае чытво»

Культавы фільм Квентына Тарантына з Умай Турман у галоўнай ролі выйшаў у 1994 і, па меркаваньні кіназнаўцаў, стаў пераломным момантам у амэрыканскай індустрыі кіно.

Так гэта ці ня так, хай спрачаюцца спэцыялісты.

Простыя ж гледачы атрымаюць 2,5 гадзіны цынізму, жорсткасьці і своеасаблівай філязофіі, за якія мы і любім фільмы Таранціна.

«Матрыца»

Вярнуўшыся да гітоў 90-х, варта не прапусьціць «Матрыцу» з Кіану Рыўзам. Ці трэба адкрываць для сябе сутнасьць сьвету, калі яе веданьне ня дасьць спаць спакойна і жыць, як раней?

Герой Рыўза адказвае ўпэўненым «Трэба!» Ён праглынае чырвоную таблетку і адкрывае для сябе, што сьвет — усяго толькі кампутарная праграма, а людзі — паліва для машын. Фільм цікавы і прыгожы, хаця, магчыма, ня зможа ўразіць цяперашнюю моладзь так, як уразіў моладзь 90-х.

«Любоў насамрэч»

Для рамантычнага вечару ідэальна падыдзе стужка «Любоў насамрэч». Тут і Г'ю Грант у ролі прэм’ер-міністра, які закахаўся ў сваю сакратарку.

Тут і маленькі хлопчык, які спрабуе заваяваць сэрца дзяўчынкі ігрой на барабанах.

Тут і састарэлы рокер, які робіць усё, што трэба публіцы, а ў глыбіні душы прывязаны толькі да аднаго чалавека ў сьвеце — свайго прадусара.

Карацей, каханьне паўсюль, каханьне вакол.

«Пакуль ногі носяць»

Джэк Нікалсан і Морган Фрыман — дуэт, які па азначэньні робіць фільм добрым.

Калі дадаць да гэтага тандэму вечную тэму «што варта зрабіць, пакуль яшчэ не памёр», фільм будзе пасьпяховым.

Два хворыя на рак суседзі па палаце выпраўляюцца ў падарожжа па ўсім сьвеце, каб скокнуць з парашутам, пабачыць піраміды, паганяць на старых аўтамабілях і адкрыць для сябе жыцьцё ва ўсёй яго шматграннасьці.

Цікава, здорава і нагадвае пра тое, што ня варта адкладаць на заўтра тое, што можна зрабіць сёньня.

«Хронікі Нарніі: Леў, вядзьмарка і гардэроб»

Першая частка чароўнай гісторыі пра тое, як чацьвёра дзяцей пераносяцца ў чароўную краіну праз шафу. Там жывуць мітычныя істоты і людзі, ёсьць злая вядзьмарка, якую трэба перамагчы, і цар-Леў, які калісьці стварыў Нарнію.

​Прыгоды, чараўніцтва, прыгажосьць нерэальнага. Гэта робіць фільм ідэальным для прагляду зь дзецьмі.

Моцнае ўражаньне ад стужкі падмацоўваецца прафэсійнай агучкай Ганны Хітрык, Паўла Харланчука, Уладзімера Глётава, Сяргей Жбанкова і Русі.

«Аватар»

Блакітны тварык з вострымі вушкамі пасьля шумнай прэм’еры ў 2009 пазнаюць усе. Шум вакол стужкі даўно сьціх, самы час пераглядзець яе, дык чаму б не зрабіць гэта па-беларуску.

Гэта гісторыя пра былога салдата, які прыкуты да інваліднага крэсла, але ў душы застаўся ваяром. Па заданьні ён ляціць на плянэту Пандора, дзе зноў можа хадзіць і біцца, кіруючы аватарам, як у кампутарнай гульні.

Фільм вельмі яркі і прыгожы: калі не спадабаецца сюжэт, то мастацкі бок дакладна ўразіць.

***


Вядома, гэтая дзясятка — далёка ня поўны сьпіс таго, што варта паглядзець на беларускай мове. Дыскі з фільмамі, якія ўжо былі перакладзеныя, можна набыць у крамах кшталту prastora.by або imbryk.by.

Тым, хто больш любіць пампаваць фільмы, варта завітаць на трэкер baravik.org, дзе можна знайсьці безьліч фільмаў па-беларуску.

Хочаце паглядзець фільм на роднай мове, а ён пакуль не перакладзены?

Падкіньце ідэю на старонцы http://vk.com/belmovie. Калі вашу прапанову падтрымае дастатковая колькасьць чалавек, стужка будзе перакладзена. Карацей, шукайце і знойдзеце! Прыемнага прагляду!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG