Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дэдпул супраць БелАЗу і Шалкевіча: 10 ідэяў на Дзень сьвятога Валянтына


Шмат хто ня любіць сядзець дома на Дзень закаханых. Куды зьбіраецеся вы?

БелАЗ

На Дзень усіх закаханых беларускае прадпрыемства БелАЗ абсалютна сур’ёзна запрапанавала падарыць каханым падарункавыя сэртыфікаты на паездку на 130-тонавым самазвале. Цана прапановы, якая стала гітом байнэту — 655 тысяч за 10 хвілінаў. Праўда, на 14 лютага атрымаецца толькі падарыць сэртыфікат, а катацца давядзецца пазьней — і 13, і 14 лютага ўжо цалкам занятыя, кажуць на прадпрыемстве.

Дэдпул

Брутальны і скрайне цынічны супэргеройскі фільм «Дэдпул», які ўжо ідзе ў беларускім пракаце, спрабуе вылучыцца сярод іншых брутальных супэргеройскіх фільмаў. Напрыклад, яго галоўны герой асэнсоўвае, што жыве ў фільме, а яго афішы выкананыя ў незвычайных для такіх фільмаў стылях. На адной афішы ён у вязаным бабуляй швэдры, на іншай — у чалавечым абліччы з каханай дзяўчынай і подпісам «Сапраўднае каханьне ніколі не памірае». У інтэрнэце, кажуць, спрацоўвае — дзяўчаты радасна пагаджаюцца, думаючы, што пойдуць на Дзень усіх закаханых на рамантычную мэлядраму.

Navi, Паліна Рэспубліка і Віктар Шалкевіч

Паліна Рэспубліка

Паліна Рэспубліка

Для аматараў іншых забаваў на 14 лютага ладзіцца цэлы шэраг канцэртаў і імпрэзаў па ўсёй краіне. Так, 14 лютага ў Менску выступяць поп-рок гурт Navi (Re:Public), барды Віктар Шалкевіч (Палац культуры вэтэранаў) і Паліна Рэспубліка (бар Beer&Wine), рокеры Nizkiz (паб «Графіці») і пост-панкі «Петля пристрастия» (бар «Бруге»), а таксама ўкраінская поп-сьпявачка Ціна Кароль (Prime Hall), якая, нягледзячы на пераважна расейскамоўны рэпэртуар, мае афішу па-беларуску. Дарэчы, за дзень да 14-га беларускія рокеры J:Mors прадставяць у Prime Hall новы альбом «Воздух».

Тэатар

Даўняя традыцыя — вадзіць каханых у тэатар. Сёлета на 14 лютага ў Менску — «Паўлінка» ў Купалаўскім, «Нямое каханьне» ў ТБД, «Вясельле ў Малінаўцы» ў Музтэатры, «Viva commedia!» ў Горкага ды балет «Жарсьці (Рагнеда)» ў Опэрным. Сьпяшайцеся, вольных месцаў у тэатрах ужо небагата.

Вершы на асфальце

12, 13 і 14 лютага пройдзе міжнародны паэтычны фэст «Вершы на асфальце», на якім выступяць паэты з усяго сьвету. Уваход на ўсе імпрэзы вольны. Менавіта на Дзень закаханых ад 12-тай гадзіны дня ў Музэі Броўкі будуць чытаць дзіцячыя вершы, ад 14:30 у Галерэі Tut.by будуць прэзэнтаваць літаратурныя дэбюты, ладзіць літаратурны клюб і паэтычны слэм, граць музыку — і ўласна чытаць вершы. Выступяць Мар’юс Бурокас (Літва), Сяргей Бірукоў (Расея/Нямеччына), Аляксандар Ірванец (Украіна), Сэсілія Хансан (Швэцыя), сваю кнігу прадставіць сярод іншых беларускамоўная гішпанка Анхела Эсьпіноса.

Строчыцы і Раўбічы

Строчыцы

Строчыцы

На 14 лютага Музэй беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах запрашае на «Спатканьне ў музэі» — экскурсію пра вясельныя традыцыі, стварэньне сямейнага абярэгу і канцэрт лёгкай музыкі. А Музэй народнай архітэктуры ў Строчыцах ладзіць імпрэзу «Кахай па-беларуску» з жывой народнай музыкай, пэрформансам свацьці і аповедам кухаркі, варажбой і гульнямі, а таксама іспытам «Спраўная пара».

Хуткасныя спатканьні ў масонаў

Дом масонаў. Фота: baes.by

Дом масонаў. Фота: baes.by

У менскім Доме масонаў (Музычны завулак, 5) 14 лютага ад 16:00 пройдзе вечарына хуткіх спатканьняў (сьпід-дэйтынгу). Вечарына платная, папярэдняя рэгістрацыя http://vk.com/event113143238 абавязковая, афіша беларускамоўная. Іншыя дэталі не паведамляюцца — відаць, на тое гэта і Дом масонаў. Магчыма, падобныя мерапрыемствы пройдуць і ў іншых гарадах.

Міты пра каханьне ў Плянэтарыі

Ад 12 да 14 лютага ў менскім Плянэтарыі будуць праходзіць 45-хвілінныя лекцыі «Міты пра каханьне», дзе распавядуць пра пэрсанажаў паданьняў старажытнай Грэцыі, іх каханьне і шлях на сучаснае зорнае неба. Менавіта 14 лютага пачатак а 16-й гадзіне. 12-га — а 18-й, 13-га — а 17-й.

Закаханыя каты

Менскі Музэй ката ўвесь люты прапануе адмысловую выставу да Дня закаханых з мастацкімі творамі на тэму каханьня, Дрэвам каханьня і, вядома, катамі, якія, мяркуючы па надвор’і, ужо могуць мець вясновы настрой. Сьцьвярджаецца, што ідэя выставы належыць супрацоўніцы музэю, котцы Мішэль.

Проста сувэніры

Belarus - Valentine Day mugs

Belarus - Valentine Day mugs

Вядома, можна і не вадзіць каханых на імпрэзы, а проста прыдумаць удалы падарунак. Падарункі з нацыянальнай тэматыкай прапануюць дзясяткі сайтаў і крамаў. Але Symbal.by прапануе цэлую падборку сваіх тавараў, якія будуць найлепей пасаваць да сьвята, а стваральнік Imbryk.by Алесь Мазанік дэманструе адмысловы кубак на Дзень закаханых зь віншаваньнем па-беларуску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG