Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебская газэта «Наше православие» агітуе ваяваць за Расею


Штомесячнае выданьне, якое выходзіць па блаславеньні архіяпіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя, друкуе радыкальныя прарасейскія артыкулы, у якіх агітуе ваяваць за Расею.

У апошнім нумары на 6-й і 7-й старонках праваслаўнага месячніка зьмешчаныя матэрыялы пра пра падзеі на Ўкраіне.

У прыватнасьці надрукаваны ліст «Оставаться человеком», дасланы ў рэдакцыю і падпісаны прозьвішчам Пестракоў А.В. Гэта водгук на ранейшы газэтны матэрыял «Исповедь прозревшего человека», дзе гаварылася пра няпросты шлях чалавека да Бога.

Але аўтар допісу шкадуе пра распад СССР, асуджае «капіталістычны Захад», які цяпер на Ўкраіне нібыта «выкарыстоўвае народ „у цёмную“ — маўляў, МВФ дае крэдыты на ўзбраеньне, а не на сацыяльную падтрымку няшчасных пакутнікаў-украінцаў, якія выходзілі на Майдан шукаць справядлівасьці».

Дарэчы, землякам аўтар ліста шукаць справядлівасьці на майдане ня раіць, як ня раіць і спадзявацца на дапамогу з боку Захаду.

Падзеям ва Ўкраіне прысьвечаны і вялікі матэрыял на ўсю 7-ю старонку. Ён называецца «Запад не может смириться с тем, что Россия окрепла». Гэта перадрукоўка з сайту ria.ru, але ў віцебскай праваслаўнай газэце яго крыніца не пазначана.

Матэрыял уяўляе сабой інтэрвію з Маргарытай Зайдлер, грамадзянкай Нямеччыны. Яна прыняла праваслаўе і цяпер ваюе за баевікоў «Наваросіі».

Спадарыня Зайдлер піша, што «православные бойцы... самые смелые, готовы „положить душу свою за други своя“, как сказано в Священном Писании». І заклікае змагацца за праваслаўную веру і Расею са зброяй: «Я считаю ... грехом сложить руки и сказать: „Ну, я верующий, пацифист, я не могу брать в руки оружие“» калі «вера православная и Отечество в опасности».

Маргарыта Зайдлер прылічвае і сябе да рускага сьвету — яна ўжо атрымала статус уцекача ў Расейскай Фэдэрацыі, марыць атрымаць расейскае грамадзянства, хоча «дальше трудиться во славу Божию, во славу России». У тым ліку і «на информационном поле брани».

Галоўны рэдактар выданьня «Наше православие» — вядомы ў Віцебску прыхільнік «рускага сьвету» Андрэй Герашчанка. Некалі ён працаваў начальнікам аддзелу па справах моладзі адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску. Ягоная радыкальна прарасейская пазыцыя стала адной з прычынаў звальненьня з гэтай пасады. Цяпер ён займаецца публіцыстыкай на прарасейска арыентаваных інтэрнэт-рэсурсах, кіруе Віцебскім грамадзкім аб’яднаньнем «Русский дом» і рэдагуе выданьне Віцебскай япархіі БПЦ «Наше православие».

Андрэй Герашчанка патлумачыў Свабодзе:

Андрэй Герашчанка

Андрэй Герашчанка

— Справа ў тым, што мы перадрукавалі гэты артыкул зь іншага рэсурсу, нават не памятаю, з каторага. Гэта агульная практыка, калі разьмяшчаюцца розныя матэрыялы, яны не заўжды адпавядаюць поглядам рэдакцыі. Гэта ўсе так робяць. Але зьвярнулі ўвагу на артыкул таму што я — каардынатар рады расейскіх суайчыньнікаў. Гэта каб мне лішнюю шпільку зрабіць... Магчыма, можна было і без гэтага артыкула абысьціся. Але ва Ўкраіне йдзе вайна, і мы пра гэта інфармуем чытачоў, і я ня бачу ў гэтым нічога такога ні правакацыйнага, ні антыцаркоўнага. Газэта ж ня можа друкаваць толькі адны багаслоўскія матэрыялы. Яна ж зьяўляецца сродкам масавай інфармацыі. Да розных тэмаў зьвяртаецца. Але ... Ну, гэта не было памылкай, але без гэтага матэрыялу можна было б і абысьціся. Надалей будзем глядзець больш уважліва, каб нас не абвінавачвалі ў тым, чаго не было!»

Газэта «Наше православие» выдаецца на расейскай мове, яна асьвятляе жыцьцё Віцебскай япархіі, перадрукоўвае матэрыялы на гістарычныя тэмы — пра расейскага імпэратара Аляксандра Другога, расейскіх вайскоўцаў... А прадстаўнікі іншых канфэсіяў у гэтым выданьні прадстаўленыя як здраднікі, якія, прыкладам, «предали Православную Церковь в Литве и Белоруссии под власть Рима».

Тацяна Севярынец, праваслаўная верніца, віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД лічыць такую пазыцыю газэты не выпадковай:

— Я нядаўна была ва Ўсьпенскім саборы, размаўляла са сьвятаром пра беларускі інфармацыйны партал «Крыніца». Дык у мяне склалася такое ўражаньне, што для гэтага сьвятара няма панятку такога — Беларусь. Ён мне казаў, што няма ні Беларусі, ні беларускай мовы. Мы доўга спрачаліся на гэты конт, і я ўрэшце сказала, што не хацела б, каб ён быў маім духоўным айцом. Бо ён не пасярэднік паміж мной і Богам, а нейкі адмысловы супрацоўнік, які атрымаў пэўную адукацыю, дзе ўвесь час гаварылі пра адзіную Расею і пра тое, што толькі расейская праваслаўная царква — гэта апірышча веры... Але гэта толькі адзін з выпадкаў маіх сустрэч з праваслаўнымі сьвятарамі, зь якіх шмат хто нават не разглядае Беларусь як асобную краіну — толькі як ускраіну Расеі.

Друкаваць такога кшталту артыкулы — гэта, па-першае, ганьба. А па-другое, вялікі грэх!

І калі газэта Віцебскай япархіі дае такія артыкулы, то гэта ўвогуле ганьба! Ня справа царквы займацца палітычнымі пытаньнямі і друкаваць у сваёй газэце такое. У царкву ходзіць шмат вернікаў, і справа сьвятара — клапаціцца аб маральным здароўі нацыі. Каб чалавек не забіваў, не хлусіў — каб выконваў 10 запаведзяў Хрыстовых. А друкаваць такога кшталту артыкулы — гэта, па-першае, ганьба. А па-другое, вялікі грэх! Бяруць на сябе вялікі грэх, і гэта мякка кажучы. Няхай «РИА Новости» такое падаюць, але газэта, сродак інфармацыі праваслаўнай царквы не павінна лезьці ў сьвецкае жыцьцё, у палітыку!

Ксёндз Віктар (Місевіч), рэдактар выданьня Віцебскай дыяцэзіі «Каталіцкі весьнік» зазначыў Свабодзе, што яго газэта таксама зьвяртаецца да тэмы падзей ва Ўкраіне, але ў іншым рэчышчы:

— Мы — рэлігійная газэта, і мы пішам пра падзеі ва Ўкраіне, прыкладам, калі выкажацца біскуп пра гэта, наш або ўкраінскі, і мы падаем як цытату. А біскупы не аднойчы выказваліся пра супакой для Ўкраіны. Мы молімся за гэта ў касьцёлах і пішам пра гэта. Аднак як прадстаўнікі каталіцкай канфэсіі мы павінны памятаць, што Езус Хрыстус прыйшоў у гэты сьвет, каб прынесьці супакой, мір паміж людзьмі. Каб было прымірэньне, гэта для нас самае важнае. Ні ў якім выпадку не спрабуем пісаць як палітыкі — толькі як грамадзяне, як вернікі... Мы павінны выхоўваць вернікаў, заклікаць іх да паразуменьня, да прабачэньня. А заахвочваць да таго, каб браць зброю — гэта не задача рэлігійнага выданьня і не задача Касьцёлу, не пытаньне Царквы. Мы павінны людзей вучыць, як прымірацца, а не як ваяваць адзін з адным! Бо вайна — гэта заўжды сьмерць, заўжды нянавісьць, і Езус Хрыстус прыйшоў у гэты сьвет не дзеля таго, каб людзі забівалі адзін аднаго!

XS
SM
MD
LG