Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пра айца Аляксандра Надсана: як працаваць з надзеяй у безнадзейны час


Сяргей Абламейка

Сяргей Абламейка

Калі адыходзіць чалавек, зь якім ты быў блізка знаёмы, першае, што прыходзіць у галаву, гэта шкадаваньне: ці пасьпеў ты зь ім разьвітацца, ці сказаў усё тое, што меўся сказаць, ці не пакрыўдзіў неяк.

А пасьля зьяўляецца жаданьне вызначыць месца, якое спачылы займаў у тваім асабістым жыцьці і жыцьці краіны. Хочацца як бы паставіць яго ў кантэкст уласнага і грамадзкага жыцьця.

Я ўжо пісаў пра айца Аляксандра, віншуючы яго з 75-годзьдзем. З таго часу прайшло амаль паўтара дзесяцігодзьдзя, таму сёньня побач з новымі, магчыма, паўтару і некаторыя былыя свае думкі і высновы.

Айцец Аляксандар Надсан, хоць сам і ня быў марыянінам, фактычна, зьяўляўся апошнім прадстаўніком магутнай ва ўсіх адносінах групы беларускіх грэка-каталіцкіх сьвятароў-марыянаў: архімандрыта Лява Гарошкі, айца Язэпа Германовіча (Вінцука Адважнага), айца Тамаша Падзявы, біскупа Часлава Сіповіча ды іншых, рэлігійны і культурны даробак якіх яшчэ дачакае сваёй належнай ацэнкі. Скончыўшы матэматычны факультэт Лёнданскага ўнівэрсытэту ў 1953 годзе, ён вырашыў стаць сьвятаром і прыйшоў у беларускую ўсходнекаталіцкую місію ў Лёндане, якую заснаваў выхаванец Друйскага кляштару, манах-марыянін Часлаў Сіповіч, будучы уніяцкі біскуп і генэрал Ордэну марыянаў. Айцец Надсан у Ордэн так і не ўступіў, але пасьля сьмерці біскупа Сіповіча ў 1981 годзе фактычна адзін працягваў справу марыянаў. Быў дырэктарам Бібліятэкі імя Францішка Скарыны і кіраўніком беларускай каталіцкай місіі.

На момант першага прыезду айца Аляксандра ў Беларусь у сакавіку 1990 году, у Менску ўжо паўгода існавала група уніяцкай моладзі і ён быў моцна ўражаны, калі пасьля сустрэчы на вакзале ў 4:00 раніцы ён падышоў да мяне ля рэцэпцыі гатэлю і спытаў, хто я такі. «Я уніят. Нас тут некалькі і мы хацелі б пагаварыць з Вамі», – прыблізна так адказаў я тады і ўбачыў сьлёзы ў ягоных вачах. Думаю, што калі праз пару дзён мы паказалі яму макет першага набранага нумару часопісу “Унія”, айцец Аляксандар адчуў, што недарэмна працаваў дзясяткі гадоў па-за межамі Бацькаўшчыны.

У Беларусі мала каму ведамы чыста царкоўны бок дзейнасьці айца Аляксандра за мяжой. У 1980-90-я гады ён быў галоўным абаронцам нацыянальна-рэлігійных правоў беларусаў. Шмат разоў ён стукаўся ва ўсе дзьверы Апостальскай Сталіцы, напісаў безьліч зваротаў, рапартаў і заяваў, нажыў там рэпутацыю нязручнага чалавека і нацыяналіста. Калі яму закідалі гэта ватыканскія “інтэрнацыялісты”, якіх у Рыме таксама хапае і за чыім “інтэрнацыялізмам” звычайна хаваўся чужы і варожы Беларусі нацыяналізм, айцец Аляксандар нязьменна адказваў сваім любімым выслоўем: “Я спачатку нарадзіўся, а пасьля пахрысьціўся”. Добра разумеючы плённасьць і неабходнасьць кампрамісу ды гнуткасьці, цяпер я часам думаю і пра парадаксальны плён нязломнасьці. Менавіта цьвёрдасьць і пасьлядоўнасьць робіць чалавека сымбалічнай постацьцю. Сымбалічная постаць можа памыляцца, мець свае неправоты і слабасьці, яе спрабуюць выкарыстаць (і выкарыстоўваюць) нядобрасумленныя асобы, але памятаць яе будуць не за памылкі. Вось і мы будзем памятаць айца Аляксандра Надсана не за ягоныя памылкі, якія, як і ў кожнага з нас, несумненна, былі, але за ягоныя дасягненьні, за яго велізарны даробак, за сьвятарскую дабрыню і чысьціню ў вачах, а таксама за цьвёрдасьць і пасьлядоўнасьць у адстойваньні нацыянальнай годнасьці беларусаў.

Калі я думаю пра айца Аляксандра, я заўсёды ўспамінаю некалькі эпізодаў з нашых асабістых дачыненьняў, якія могуць цяпер прадстаўляць і грамадзкі інтарэс. Аднойчы ў пачатку 1990-х гадоў мы гулялі зь ім у навакольлях Кальварыйскіх могілак і вуліц Апанскага і Альшэўскага. Гаворка ішла пра патрэбу прызначэньня уніяцкага біскупа ў Беларусь. Я схіляў айца Аляксандра згадзіцца на вылучэньне ягонай кандыдатуры. Ён быў супраць. У нейкі момант ён раптам сказаў, што ўжо аднойчы адмовіўся стаць біскупам. Было гэта ў 1986 годзе пасьля сьмерці Апостальскага візытатара для беларусаў замежжа, уніяцкага біскупа Ўладзімера Тарасевіча з Ордэну бэнэдыктынцаў. Гэта была велізарная памылка, маштаб якой ён яшчэ больш зразумеў тады, калі прыехаў у Менск і ўбачыў там уніяцкі рух. Больш за дзьве гадзіны я ціснуў на айца Аляксандра, і ён у рэшце рэшт даў сваю згоду. Па ўсёй краіне тады пачалася кампанія збору подпісаў пад лістом да папы рымскага з просьбай прызначыць айца Аляксандра уніяцкім біскупам Беларусі. Было сабрана каля трох тысяч подпісаў, якія мы накіравалі ў Рым. І толькі значна пазьней я даведаўся, што Ватыкан, паводле старой традыцыі, ніколі не прызначае таго, каго дамагаюцца людзі ў рамках нейкіх грамадзкіх акцыяў. Да таго ж айцец Аляксандар ня быў грамадзянінам Беларусі. У часе нашай размовы ён, відавочна, ужо ведаў пра безнадзейны характар нашай акцыі, але вырашыў даць на яе згоду, спадзеючыся на грамадзкі і царкоўны розгалас і пазьнейшы плён. Так і атрымалася. А пасьля яшчэ і паказаў дабрыню сваёй душы, падтрымаўшы ў жыцьці тых, хто зьбіраць подпісы перашкаджаў.

У 1995-96 гадах, калі стала відавочна, што першая хваля новага беларускага Адраджэньня захлынаецца, я адчуў, як памалу з-пад ног пачала сыходзіць глеба. Раптам стала зразумела, што Беларусь і беларусы нікому не патрэбныя ні ў сьвеце, ні, нават, у самой Беларусі, што з часоў напісаньня Купалам “Тутэйшых” нічога не зьмянілася – у Беларусі па-ранейшым рэалізуе свае інтарэсы Расея, а нам, фактычна, няма месца на сваёй зямлі. Глеба з-пад ног пачала сыходзіць, а ў галаву прыйшлі пытаньні – як быць далей? ці ёсьць надзея, што Беларусь застанецца? што яна ўздымецца зноў? дзе ўзяць маральныя сілы для працы? і ці патрэбна гэтая праца? Пра гэтыя невясёлыя думкі я расказаў тады айцу Аялксандру Надсану і ў адказ пачуў: «Братка, што ж казаць мне? Я цэлае жыцьцё так жыву і працую…» На гэтым мае сумненьні скончыліся.

Беларуская Грэка-каталіцкая Царква паўстала ў 1990 годзе зь нябыту і адразу займела высокапрафэсійныя пераклады большасьці царкоўных тэкстаў з арыгіналу, выкананыя айцом Аляксандрам, глыбокім знаўцам Бібліі і дзясятка моваў. Ягоныя тэксты дзіўным чынам адбіваюць памежную і сынтэтычную сутнасьць старой Уніі – яго мова – і не заходняя, і не ўсходняя, яна – і тая і тая. І адначасова проста добрая беларуская. Няма чаго і казаць, што менавіта яго варыянт найбольш надаецца для агульнабеларускага міжканфэсійнага перакладу Бібліі. Я думаю, што гэтыя пераклады – галоўнае, што зрабіў айцец Аляксандар для Беларусі і беларускай культуры. Да яго перакладаў Літургію служылі па-царкоўнаславянску. Ён з бласлаўленьня біскупа Сіповіча ўзяўся за пераклад, выканаў яго і паўтара-два дзесяцігодзьдзі, напэўна, як адзіны у сьвеце ўходне-каталіцкі сьвятар служыў на роднай мове, аж пакуль у 1990-я гады ягоную справу не перанялі спачатку уніяцкія, а пасьля і рымска-каталіцкія сьвятары ў Беларусі.

Маючы ў сваім распараджэньні вялікі архіў папераў Ордэну марыянаў і наогул беларускай эміграцыі, айцец Аляксандар напісаў і некалькі гістарычных кніжак, якія, безумоўна, маюць сваю вялікую культурную і навуковую вартасьць. Немалы ягоны ўнёсак і ў справу скарыназнаўства. Ён, напрыклад, выдаў малітвы з «Малой падарожнай кніжкі» Скарыны і параўнаў іх з перавыданьнямі тых жа тэкстаў у праваслаўных друкарнях Вільні сто гадоў пазьней. Аказалася, што тэксты Скарыны – уніяцкія, гэта значыць усходнія паводле формы, але з прызнаньнем каталіцкіх догматаў.

Неверагодныя высілкі рабіў ён у 90-я гады для арганізацыі мэдычнай дапамогі пацярпелым ад Чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі і аздараўленчага адпачынку беларускіх дзяцей ў Вялікай Брытаніі. Сотні сем'яў назаўсёды застануцца яму ўдзячныя.

У маім асабістым жыцьці ён быў настаўнікам у шмат якіх рэчах, нават у такіх, як кухня і харчаваньне. Аднойчы будучы ў мяне ў гасьцях у Празе ён некалькі дзён хадзіў па харчовых крамах, выбіраў прадукты, а пасьля даваў на кухні сапраўдныя майстар-клясы кухарскага ўменьня. Тое самае ён рабіў і ў Лёндане, бо гатаваў пераважна сам. Айцец Аляксандар быў вэгетарыянцам і ведаў мноства рэцэптаў італьянскай і францускай кухні. Ён заліваў макароны падпаленай гарэлкай зь перцам, рабіў фантастычныя лязаньні, чырвоныя і зялёныя соўсы, вырабляў цуды з сыроў... Але калі ў нейкай рэстарацыі ў Менску не было нармальнай вэгетарыянскай ежы, мог зьесьці і мяса, хоць і безь вялікай ахвоты.

Ён меў надзвычайнае пачуцьцё гумару, любіў і ўмеў жартаваць. Мне наогул часам здаецца, што жарты і кпіны зьяўляюцца рэгіянальнай асаблівасьцю людзей з навакольляў Міра і Нясьвіжа, што і зафіксаваў ураджэнец тамтэйшых мясьцінаў Янка Брыль у аповесьці «Ніжнія Байдуны». Напрыклад, я ніколі не забуду, як пасьлядоўны беларусацэнтрыст Надсан, кожнага разу сядаючы ў менскую таксоўку, пакепліваў з кіроўцаў. Ён пытаўся, чаму таксіст не гаворыць па-беларуску і амаль заўсёды атрымліваў адзін і той жа адказ: «А мне всё равно на каком языке разговаривать». І тут айцец казаў: «Ну менавіта. Дык чаму тады не па-беларуску?..»

Рэгулярна перазвоньваючыся зь ім, я ведаў, што ён у апошнія гады пачаў пісаць гісторыю царквы ў Беларусі. Я зь нецярплівасьцю чакаў гэтай кнігі, бо ведаў, што ў нас, на вялікі жаль, дагэтуль няма іншага чалавека, які б мог якасна, з разуменьнем царкоўнай і рэлігійнай спэцыфікі, такую кнігу напісаць. Выглядае, што ён не пасьпеў... І гэта таксама вялікая страта.

Тым, хто сёньня апанаваны сумненьнем, ці Беларусь застанецца, і што ж рабіць у цяперашнія смутныя часы, я заўсёды нагадваю пра аднаго беларускага сьвятара зь Лёндану, які, ня ведаючы напэўна, ці будзе Беларусь, больш за 70 гадоў працаваў дзеля яе на чужыне.

XS
SM
MD
LG