Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску паставяць помнік Аляксандру Неўскаму, нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці


Паведамленьне пра гэта зьявілася на афіцыйным сайце Віцебскага гарвыканкаму — у якасьці адказаў на звароты грамадзян.

Ад імя аддзелу па ідэалягічнай працы, культуры і справах моладзі гараджанам паведамілі наступнае:

«У Віцебску сапраўды плянуецца ўзвядзеньне помніка вядомаму князю і палкаводцу Аляксандру Яраславічу, які, па замацаванай з ХІV ст. традыцыі, стаў называцца Неўскім. Пры гэтым зьвяртаем увагу на той факт, што гэта будзе скульптурная кампазыцыя, якая адлюстроўвае рэальны гістарычны факт — сустрэчу князя са сваёй жонкай, прадстаўніцай полацкага і віцебскага княжага дому Аляксандрай (па іншых крыніцах Параскевай) і сынам Васілём. Таму называць дадзены мэмарыяльны аб’ект помнікам выключна Аляксандру Неўскаму і вызначаць яго як „негістарычны“ нельга. Ён сьведчыць пра рэальную падзею з гісторыі гораду. Больш таго, помнік падкрэсьлівае еднасьць старажытнарускіх княстваў, якая садзейнічала эфэктыўнаму процістаяньню крыжацкай навале».

Жыхары Віцебска нэгатыўна ўспрынялі саму ідэю ўсталяваньня ў Віцебску помніка. Гараджане аргумэнтавалі сваю нязгоду тым, што гэтая асоба мае вельмі ўскоснае дачыненьне да тутэйшай гісторыі.

Сама ж кампазыцыя мае складаны лёс. Яна стала вынікам перапрацоўкі праекту, які перамог у мастацкім конкурсе, абвешчаным Віцебскім гарвыканкамам і Віцебскай япархіяй праваслаўнай царквы.

Конкурс праходзіў у 2009 годзе. Тады ж адбыліся і яшчэ два конкурсы — праектаў помніка княгіні Вользе, якая, паводле не пацьверджанай навукова легенды, заснавала Віцебск, і помніка вялікаму князю літоўскаму Альгерду, падчас кіраваньня якога сярэднявечны Віцебск дасягнуў найбольшага росквіту.

Пастамэнт пад помнік Аляксандру Неўскаму, каля гасьцініцы "Віцебск"

Пастамэнт пад помнік Аляксандру Неўскаму, каля гасьцініцы "Віцебск"

Усё тры помнікі гарвыканкам зьбіраўся ўсталяваць яшчэ ўлетку 2010 году. Ідэю наконт помніка князю Альгерду сустрэлі найбольш прыхільна, аднак толькі летась яна была ўвасоблена ў жыцьцё. А помнік Аляксандру Неўскаму выклікаў найбольшую нязгоду і нават абурэньне гараджан.

Цяпер гарвыканкам спрабуе пагасіць спрэчкі, апэлюючы да навуковых прац асобных гісторыкаў і да гарадзкіх легендаў пра шлюб Неўскага, нібыта ўзяты ім у Віцебску.

«Міт ня мае пад сабою гістарычных падстаў, але ён прыжыўся і быў успрыняты грамадзкасьцю дзякуючы папулярнасьці князя сярод жыхароў горада», — спрабуе пераконваць гарвыканкам.

Гучыць і такі аргумэнт: «Праваслаўныя жыхары Беларусі і Віцебска (а іх абсалютная большасьць) зь вялікай пашанай ставяцца да гэтага гістарычнага дзеяча, кананізаванага Праваслаўнай Царквою».

А вось тым, у каго расейскі князь асаблівай пашаны і папулярнасьці ня мае, віцебскі гарвыканкам не абяцае нічога асабліва ўсьцешнага:

«Напрыклад, прапановы пра ўзьвядзеньне ў горадзе помніка вялікаму князю Вітаўту ня могуць быць прыняты. Менавіта гэты князь у 1393 і 1396 гг. двойчы браў у аблогу і штурмаваў віцебскія замкі, з-за чаго горад і каменныя ўмацаваньні пэрыяду Альгерда вельмі пацярпелі і часткова былі разбураны. Прапанова пра ўсталяваньне ў Віцебску помніка Васілю Быкаву мае пад сабою падставы і можа быць рэалізаваная ў будучыні».

Помнік князю Альгерду ў Віцебску

Помнік князю Альгерду ў Віцебску

«Будучыня» для помніка Васілю Быкаву ніякімі часовымі рамкамі не акрэсьліваецца. А вось праект скульптурнай кампазыцыі «з удзелам Аляксандра Неўскага, створанай мясцовымі аўтарамі Аляксандрам Гвозьдзікавым і Іванам Казаком, ужо падтрыманы Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, маецца станоўчае заключэньне Навуковай установы «Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», а таксама ўзгадненьне з Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка».

Свой адказ на шматлікія звароты грамадзян гарвыканкам прапануе аспрэчыць у Віцебскім абласным выканаўчым камітэце. І такія спробы, відавочна, будуць. Шмат гараджанаў былі незадаволеныя ініцыятывай усталяваньня гэтага помніка ад самага пачатку.

Тым ня менш, віцебскі гарвыканкам няўхільна гнуў сваю лінію: пакуль ішлі спрэчкі ды абмеркаваньні, перараблялася скульптурная кампазыцыя ды ўзгадняліся дакумэнты, непадалёк ад Дабравешчанскай царквы, на плошчы Тысячагодзьдзя Віцебску быў узьведзены пастамэнт пад будучы помнік. На працягу апошніх гадоў ён пуставаў, і яго выкарыстоўвалі ў якасьці клюмбы.

XS
SM
MD
LG