Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску зноў загаварылі пра ўсталяваньне помніка Аляксандру Неўскаму


Пастамэнт пад помнік Аляксандру Неўскаму
Пастамэнт пад помнік Аляксандру Неўскаму

Чакаюць толькі ўзгадненьня з Аляксандрам Лукашэнкам, паведаміў журналістам галоўны архітэктар гораду Віталь Дубік.

Ён заявіў пра гэта падчас адкрыцьця выставы «Зазірнуць у будучыню», прысьвечанай плянам забудовы Віцебску.

Паводле Віталя Дубіка, хадайніцтва аб узьвядзеньні помніка Аляксандру Неўскаму на плошчы Тысячагодзьдзя Віцебску цяпер на разглядзе ў Аляксандра Лукашэнкі. Гарадзкія ўлады так і не адмовіліся ад гэтай ідэі, нягледзячы на пратэсты жыхароў абласнога цэнтру.

Яшчэ ў 2009 годзе Віцебскі гарвыканкам і Віцебская праваслаўная эпархія абвясьцілі і правялі конкурс мастацкіх праектаў па стварэньні помніка «сьвятому дабравернаму князю Аляксандру Неўскаму». У тым самым годзе адбыліся і яшчэ два конкурсы — праектаў помніка княгіні Вользе, якая, паводле не пацьверджанай навукова легенды, заснавала Віцебск, і помніка вялікаму князю літоўскаму Альгерду, падчас кіраваньня якога сярэднявечны Віцебск дасягнуў найбольшага росквіту. Усё тры помнікі гарвыканкам зьбіраўся ўсталяваць яшчэ ўлетку 2010 году.

Ідэю наконт помніка князю Альгерду сустрэлі найбольш прыхільна, аднак толькі сёлета яна была ўвасоблена ў жыцьцё. Больш за 4 гады працягваліся спрэчкі прыхільнікаў і праціўнікаў гэтай ідэі, пакуль у чэрвені помнік нарэшце не адкрылі.

Пастамэнт пад помнік Аляксандру Неўскаму каля Дабравешчанскай царквы
Пастамэнт пад помнік Аляксандру Неўскаму каля Дабравешчанскай царквы

Што да астатніх двух манумэнтаў, то найбольш скептычна віцябляне паставіліся якраз да памкненьня гарадзкіх і абласных уладаў ушанаваць тут памяць пра Аляксандра Неўскага.

На думку жыхароў Віцебску, гэтая асоба мае вельмі ўскоснае дачыненьне да тутэйшай гісторыі. Гістарычнай прывязкай да Віцебску ініцыятары скульптурнага конкурсу палічылі хіба тое, што ён пабраўся шлюбам з полацкай княжной Параскевіяй (Аляксандрай), і адбылося гэта, верагодна, у віцебскай Дабравешчанскай царкве. А яшчэ князь Наўгародзкі і Ўладзімерскі прыяжджаў у Віцебск, каб забраць сына-падлетка, які выхоўваўся ў тутэйшым манастыры.

Пакуль пастамэнт выкарыстоўваецца ў якасьці клюмбы
Пакуль пастамэнт выкарыстоўваецца ў якасьці клюмбы

Непадалёк ад Дабравешчанскай царквы, на плошчы Тысячагодзьдзя Віцебску і прапанавалі паставіць помнік расейскаму князю. З 11 праектаў, прадстаўленых на конкурс, найлепшым прызналі той, дзе Аляксандар Неўскі паказаны разам са сваёй сям’ёй — сынам Васілём і жонкай, полацкай князёўнай Параскевіяй (Аляксандрай), дачкой Брачыслава Полацкага. Гэты праект быў супольнай працай віцебскіх скульптараў Аляксандра Гвозьдзікава і Аляксандра Казака.

Пад помнік ужо вырабілі пастамэнт. Праўда, цяпер яго выкарыстоўваюць у якасьці клюмбы, бо да ўвасабленьня скульптурнай задумы аўтараў справа не дайшла. Чыноўнікі выказалі некалькі заўвагаў і прапановаў наконт выгляду помніка, а з Акадэміі навук у Віцебск даслалі ліст, што помнік Аляксандру Неўскаму ставіць ня раяць — маўляў, дачыненьне гэтай асобы да гісторыі Віцебску не настолькі істотнае.

Дабравешчанская царква (зьлева), дзе, згодна з паданьнем, вянчаўся расейскі князь
Дабравешчанская царква (зьлева), дзе, згодна з паданьнем, вянчаўся расейскі князь

Спрэчкі пра помнікі княгіні Вользе і Аляксандру Неўскаму паступова аціхлі. Але, як выявілася, адмаўляцца ад усталяваньня помніка наўгародзкаму князю ніхто не зьбіраўся.

Дарэчы, згадка пра яго ў Віцебску ёсьць і бяз помніка: невялікая драўляная царква Сьвятога Аляксандра Неўскага стаіць ужо на той самай плошчы Тысячагодзьдзя.

Плошча Тысячагодзьдзя ў Віцебску
Плошча Тысячагодзьдзя ў Віцебску

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG