Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Талачыне — грамадзкае абмеркаваньне: куды падзець помнік Леніну?


Бюст Леніна ў Талачыне

Бюст Леніна ў Талачыне

Помнік Леніну мяркуюць перанесьці ў сквэр каля цэнтральнай плошчы. Але часова ці назаўжды? Раённае кіраўніцтва ініцыявала грамадзкае абмеркаваньне гэтага пытаньня: 13 лютага з 12 да 13 гадзіны старшыня райвыканкаму Сяргей Ягораў будзе прымаць прапановы землякоў праз тэлефон, а з 18 лютага раённая газэта «Наша Талачыншчына» зьбіраецца друкаваць думкі талачынцаў на гэты конт.

Першыя камэнтары на сайце раёнкі ўжо зьявіліся: нехта называе перанос помніка «кашчунным», а нехта лічыць, што на жыцьцё райцэнтру гэта істотна не паўплывае. Адзін з камэнтатараў зазначае, што грамадзкае абмеркаваньне ініцыяванае новым кіраўніком раёну адмыслова, каб перасварыць землякоў паміж сабой.

Сяргей Ягораў быў прызначаны на пасаду старшыні Талачынскага райвыканкаму 27 студзеня, ягоны папярэднік Аляксей Гарнак папрасіўся ў адстаўку па стане здароўя. Адпаведна, на плечы спадара Ягорава цяпер ускладзены абавязак рыхтаваць чарговыя рэгіянальныя «Дажынкі». Абвешчанае грамадзкае абмеркаваньне — першае за час працы новага кіраўніка, які прыехаў у Талачын зь Лёзна. Там ён займаў пасады першага намесьніка старшыні, начальніка ўпраўленьня сельскай гаспадаркі і харчаваньня Лёзьненскага райвыканкаму.

Канчаткова пытаньне пра перанос помніка Леніну вырашыцца на наступнай, пазачарговай сэсіі Талачынскага райсавету.

Усяго ў Талачыне некалькі помнікаў Леніну — адзін у поўны рост, тры бюсты, а таксама скульптура, адметная незвычайнай каляровай расфарбоўкай.

Гаворка ідзе пра тое, каб перанесьці бюст, усталяваны тылам да будынку райвыканкаму. Гэта зьменшаная копія працы скульптара Андрэя Бембеля, усталяванай у Салігорску.

XS
SM
MD
LG