Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За апошні час у Гомелі паменела помнікаў Леніну. Прыкладна на 18 адсоткаў. У горадзе не было «ленінападу», як суседняй Украіне. Але, выглядае, што ранейшага піетэту да Леніна ўжо няма. Пры гэтым паўтара дзесяткаў манумэнтаў у горадзе яшчэ засталося.

Ціха й непрыкметна зьнік бэтонны манумэнт Ульянаву-Леніну ля былога падшыпнікавага заводу. І не выпадкова. Ён сапраўды выглядаў занядбаным.

Завод збанкрутаваў. Будынкі прадалі камэрцыйнай фірме, і цяпер тут будуецца вялікі гандлёвы цэнтар.




Пазбавіўся «Ульянава-гімназіста з кніжкай ў руцэ» і дзіцячы сад-пачатковая школа № 63 на вуліцы Міжнароднай. Цяпер тут застаўся толькі бірузовы пастамэнт.

У мінака, які назваўся студэнтам Мікалаем, цікаўлюся, каму стаяў помнік:
«Тут стаяў залаты пацан, але я ня ведаю, куды ён падзеўся. Залатога такога колеру быў.

Журналіст: » То, можа, Ульянаву-Леніну?

Мікалай: «Ды не, не. Пацан такі, хлапец. Яго зрэзалі — я ўчора толькі сам ўбачыў».

Малады чалавек кажа, што ведае пра сёньняшняе афіцыйнае сьвята, але не падзяляе погляды старэйшага пакаленьня:

«Чырвоны дзень календара для мяне нічога не абазначае — я іншае пакаленьне. Я не падтрымліваю камуністычныя ідэі, бо гэта ўтопія. Мая такая пазыцыя».

Тым часам на цэнтральнай плошчы горада, якая да гэтага часу носіць імя Леніна, гарадзкія ўлады, артадаксальныя камуністы ды БРСМ ладзілі мітынг:

«Сёньня мы адзначаем 97-гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі. Многія ідэалы, за якія змагаліся нашы дзяды й прадзеды 97 гадоў таму, сёньня ўвасоблены ў жыцьцё. Падвышэньне дабрабыту людзей, падтрымка маладых сем’яў, вэтэранаў, жанчын і дзяцей і да гэтага часу зьяўляецца галоўнай задачай нашай дзяржавы. Беларускі народ захаваў усё лепшае, што можна было ўзяць з савецкага вопыту».



Цікаўлюся, а які сэнс укладваюць у «сьвята Кастрычніцкай рэвалюцыі» шараговыя гараджане, што прыйшлі 7 лістапада на плошчу Леніна?

Мужчына сярэдніх гадоў, які назваўся Сяргеем: «7 лістапада — сьвята сьветлай будучыні, пэрспэктывы. Радасьць, што ёсьць дэманстрацыя, што ўсе сабраліся са сьцягамі. Вясёлы, сьвяточны настрой. Адбылася рэвалюцыя. Сэнс ў тым, што адбыліся перамены. Усё шчасьлівыя, вясёлыя, радасныя».

Пэнсіянэр сталага веку: «Дата ў гісторыі ня толькі Савецкага Саюзу ці Расеі, а нават усяго зямнога шару. Яна зрабіла, значыцца, пераварот. У нейкім сэнсе паказала новы шлях разьвіцьця гісторыі, разьвіцьця чалавецтва».

Маладая кабета з дзіцем кажа, што ніякага сэнсу ў афіцыйнае сьвята не ўкладвае: «Вольга я. Сьята ды сьвята. Ніякіх пераменаў. Дзіцяці паказаць, колькі бывае сьцягоў».

Гараджанка Зоя: «У мяне тата быў камуністам. Для мяне гэта памяць, наша спадчына. Сэнс — гэта наша адзінства, і тое, што Камуністычная партыя і партыя „Белая Русь“ аб’ядноўваюцца і шануюць традыцыі. Рэвалюцыя была, каб вызваліць ніжэйшыя слаі — рабочых і сялян — ад існуючай несправядлівасьці. Памылкі рэвалюцыі ў тым, што слаі дваранскага паходжаньня былі несправядліва рэпрэсаваны. Іх лічылі ворагамі народа. У гэтым была несправядлівасьць рэвалюцыі».

Мэтраў за трыста-чатырыста ад плошчы, дзе ў лістападаўскім тумане разьвяваліся афіцыйныя дзяржаўныя сьцягі, а таксама палотнішчы «Белай Русі» і БРСМ, пытаюся ў маладога чалавека пра ягонае стаўленьне да сёньняшняга афіцыйнага сьвята:

«Страшнае сьвята, якое прынесла гора многім народам. Я не лічу гэта сьвятам — гэта гора».

Днямі, будучы ў Магілёве, Аляксандар Лукашэнка таксама выказаўся наконт 7 лістапада:

«Ніякага палітычнага сэнсу ў гэтае сьвята я не ўкладаю. Людзі прывыклі яго адзначаць. І чаму трэба яго адмяняць? Я праціўнік рэвалюцый, як і вы, але тады людзі змагаліся за лепшае жыцьцё».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсьліў, што не зьбіраецца «ламаць гісторыю і пераназываць даты».






Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG