Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аказваецца, гэта не Лукашэнка забірае ў людзей з кішэняў апошнія грошы?..»


Імклівы заняпад беларускай эканомікі трывожыць усё большую колькасьць людзей. Гэта адбіваецца і на тэматыцы пошты Свабоды. Многія нашы слухачы ўважліва сочаць за эканамічнымі працэсамі ў краіне, спрабуюць асэнсоўваць і абагульняць уласныя назіраньні, а таксама дзеляцца імі ў сваіх лістах.

Пачну сёньняшнюю размову з допісу Міхаіла Несьцярэнкі з Гомеля. Слухач піша:

Не магу ўявіць: на каго разьлічаны гэты танны спэктакль?

«Гляджу чарговую нараду Лукашэнкі з падначаленымі на тэму вартага жалю стану беларускай эканомікі. І што ж чую? Прэзыдэнт аж заходзіцца ад гневу: „Рэзаць па жывому людзей, адбіраючы апошнія грошы з кішэняў у паловы насельніцтва, нікому не дазволена!“ У мяне ад гэтых слоў аж сківіца адвісла! Дык гэта, аказваецца, ня ён забірае ў людзей з кішэняў апошнія грошы? А хто ж тады замест яго падпісаў тыя ўказы, якімі ўведзены ўсе новыя паборы? Падатак на дармаедаў — ня ён? І шматразовае падвышэньне камунальных тарыфаў — ня ён? І фактычная забарона на шопінг-паездкі ў Польшчу — таксама ня ён?

Не магу ўявіць: на каго разьлічаны гэты танны спэктакль?» —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Міхаіл Несьцярэнка з Гомеля.

Прапагандысцкі прыём пад умоўнай назвай «Цар добры — баяры кепскія», сапраўды, прымітыўны, але дзейнічае на пэўную (і значную) частку грамадзтва бездакорна. Гэта за гады кіраваньня Лукашэнкі шматкроць правяралася і пацьвярджалася. Таму такі прыём і працягвае выкарыстоўвацца. Хоць сытуацыя амаль анэкдатычная: адзінаўладны аўтарытарны правадыр, які ўжо два дзесяцігодзьдзі робіць у краіне што хоча, прылюдна расьпякае ім жа прызначаных міністраў за тое, што народ даведзены да галечы.

Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў даслаў водгук на сэрыю перадач да 70-й гадавіны Беластоцкай трагедыі. Узімку 1946 году ў выніку рэйду аддзелаў польскага антыкамуністычнага падпольля пад камандаваньнем Рамуальда Райса (псэўданім «Буры») былі спаленыя пяць вёсак і загінулі 80 чалавек мірнага насельніцтва. Слухач з гэтай нагоды піша:

Мараль, шаноўнае спадарства, такая рэч — або яна ёсьць, або яе няма, і веравызнаньне тут ні пры чым.

«На сьнезе ляжыць забітая жанчына. Побач — яе дзеці. Яны і мёртвыя цягнуцца ручкамі да мамы. Жанчына бы ўкрыжаваная, але не на крыжы, як Хрыстос, а на сваёй роднай зямлі. Яны перажылі вайну, перажылі фашысцкую акупацыю, пяць галодных, страшных гадоў. І пасьля гэтага іх забілі свае.

Якія «абставіны вышэйшай неабходнасьці» прымусілі Бурага і ягоных паплечнікаў забіць гэтую маладую жанчыну і яе дзяцей? Каму яны пагражалі? Якое страшнае злачынства ўчынілі, каб разьлічыцца за яго жыцьцём? І чаму гэтае забойства суд вызначыў як «неадназначнае этычна»?

Фотаздымак вісіць на сайце Свабоды ўжо тыдзень. І ўжо тыдзень я шукаю адказ на гэтыя пытаньні. І пакуль я бачу толькі адзін адказ. Ён грунтуецца на фактах, «якіх ніхто не аспрэчвае».

Уласна кажучы, які бясспрэчны факт мы тут бачым? Група хрысьціян адной канфэсіі бадзяецца па пэўнай тэрыторыі і забівае хрысьціян іншай канфэсіі, у тым ліку жанчын і дзяцей, якія нічога дрэннага першым хрысьціянам не зрабілі. Апошні сказ можна аднесьці ня толькі да атрада Бурага і яго ахвяр на здымку. Тое самае можна сказаць і пра перасьлед старавераў праваслаўнымі, пра шматвяковае супрацьстаяньне каталікоў і пратэстантаў. Можна ўзяць і шырэй — тысячагадовыя сутычкі мусульман і хрысьціян, хрысьціян і габрэяў, габрэяў і мусульман.

Мараль, шаноўнае спадарства, такая рэч — або яна ёсьць, або яе няма, і веравызнаньне тут ні пры чым.

Каб Хрыстос, убачыўшы на сайце Свабоды ўзгаданае фота, даведаўся, што жанчына і дзеці на ім забітыя ад яго імя, ён заплакаў бы і выракся створанай ім рэлігіі.

Каб Хрыстос, убачыўшы на сайце Свабоды ўзгаданае фота, даведаўся, што жанчына і дзеці на ім забітыя ад яго імя, ён заплакаў бы і выракся створанай ім рэлігіі.

...Шаноўнае радыё Свабода! Я заўважыў, што вы ня надта ахвотна выказваецеся на рэлігійныя тэмы. Напэўна, у радыёстанцыі такая этыка, і, напэўна, яна абгрунтаваная. Я сам у прыватных размовах ня надта імкнуся выказвацца пра свой рэлігійны сьветапогляд, які значна адрозьніваецца ад агульнапрынятага. Я супраць таго, каб маляваць карыкатуры на сьвятых і прарокаў, як гэта калісьці неабдумана зрабіў часопіс «Шарлі Эбдо». Але выказацца аргумэнтавана і без абразаў, лічу, можна», —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Кастусь Сырэль з Вушачаў.

Так, спадар Кастусь, у нас няма забароненых для абмеркаваньня тэмаў. Але вы маеце рацыю: такія далікатныя праблемы, якія закранаюць рэлігійныя пачуцьці людзей, павінны абмяркоўвацца максымальна карэктна, збалянсавана, узважана.

Што тычыцца непасрэдна тэмы 70-годзьдзя той сумнай гадавіны. На мінулым тыдні з Варшавы прыйшло паведамленьне: прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда дэманстратыўна адмовіўся ўзяць патранат над шэсьцем памяці «Бурага» ў Гайнаўцы, якое зьбіраюцца правесьці правыя радыкалы. Гэта даволі красамоўна сьведчыць пра стаўленьне цяперашняй польскай дзяржавы да тых падзеяў — нягледзячы на некаторыя судовыя рашэньні 90-х гадоў, прынятыя на хвалі барацьбы з наступствамі камуністычнага панаваньня.

_________________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG