Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Толькі пачалі жыць адносна добра — як на табе: грошы скончыліся»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новы 2016-ты год пачаўся для многіх беларусаў зь невясёлых навінаў. На большасьці прамысловых гігантаў тысячы людзей страцілі працу. Дзяржава, сутыкнуўшыся з падзеньнем прыбыткаў, уводзіць усё новыя падаткі і зборы, падвышае кошт камунальных паслугаў і грамадзкага транспарту. На рэчавых рынках тысячамі згортваюць свой прыватны гандаль індывідуальныя прадпрымальнікі.

Чаму так адбываецца?

З аднаго зь лістоў на гэтую тэму пачну сёньняшнюю размову. Наш слухач Сяргей Конан зь Менску піша:

«Толькі мы пачалі жыць адносна добра — як на табе: грошы скончыліся... А многія мае знаёмыя ўсур’ёз чакалі, што да 2015 году, як і абяцаў Лукашэнка, іхны сярэдні заробак наблізіцца да тысячы эўра. Я зь іх заўсёды пасьмейваўся. А цяпер яны і самі лаюцца, калі згадваюць пра гэта.

Цікава тое, што сама ўлада сваёй віны ў гэтай эканамічнай катастрофе, якая ўсё больш яўна набліжаецца, нібыта не заўважае. Паслухаеш Лукашэнку — дык ва ўсім вінаватыя нейкія мітычныя партнэры, у якіх усё абвалілася... Ну, што гэта за дзіцячыя апраўданьні? Ты ж прэзыдэнт краіны — называй рэчы сваімі імёнамі. Якія гэта партнэры? Эўразьвяз? Не, у іх эканоміка стабільная. Вунь у суседняй Польшчы сярэдні заробак перавысіў 1100 даляраў.

А ў каго ўсё абвалілася? У Расеі — пасьля таго як Крэмль распачаў свае ваенныя авантуры і перасварыўся з усім цывілізаваным сьветам.

А хто сваёй палітыкай паставіў Беларусь у поўную эканамічную і палітычную залежнасьць ад гэтай самай Расеі? Хто замест таго, каб інтэгравацца ў Эўразьвяз, зацягнуў нас у бескарысны саюз з Масквой, ад якога адны страты?

Шкада, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбываліся ў кастрычніку. Калі б іх праводзілі цяпер ці ўвесну — думаю, вынікі былі б зусім іншыя. У вельмі і вельмі многіх людзей стаўленьне да ўлады цяпер памянялася».

У сёньняшніх беларускіх умовах вынікі любых выбараў, якія праводзяцца пад кантролем гэтай улады, загадзя вызначаныя — незалежна ад часу іх правядзеньня і эканамічных умоў, у якіх апынуліся выбарцы. Але рэальныя грамадзкія настроі ў Беларусі імкліва мяняюцца — тут вы, спадар Сяргей, безумоўна, маеце рацыю. І рана ці позна гэтыя настроі павінны прывесьці да зьменаў.

Вядома, прэзыдэнт Лукашэнка будзе трымацца за ўладу да апошняй магчымасьці — тут сумневу няма. Але аўтарытарная сыстэма ўлады надта дорага каштуе, а грошы на тое, каб утрымліваць яе ў нязьменным стане — канчаюцца. Раней у такіх выпадках заўсёды прыходзіла на дапамогу Масква: пазычала пару мільярдаў даляраў ці пастаўляла нафту па заніжаных коштах. Цяпер спадзяваньняў на зьбяднелага саюзьніка амаль няма. І адзіная магчымасьць для фінансаваньня збанкрутаванай сыстэмы — праз падаткі, штрафы ды іншыя паборы выціскаць апошнія сокі з уласнага насельніцтва.

✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага ліста, наш даўні сябар Яўген Мікітаў з Воршы разважае на тэму, якая даўно яго непакоіць і турбуе — лёс беларускай мовы:

«Сёньня ў Беларусі па-беларуску вучацца меней за 23 працэнты школьнікаў. Паводле вызначэньня ЮНЭСКА, народ знаходзіцца на мяжы зьнікненьня, калі на ягонай мове размаўляе меней за 30 працэнтаў дзяцей. Так што крытычную рысу мы ўжо пераадолелі. Але, калі зазірнуць у гісторыю, такую рысу нашы продкі пераходзілі ня раз. І як толькі мянялася антынародная ўлада (улада шкурнікаў, чужынцаў і прыстасаванцаў), беларускі народ ажываў, успамінаў родную мову, вучыў сваіх дзетак у беларускіх школах.

Беларусы не здаліся. Ёсьць шмат тых, хто самааддана змагаецца за беларускасьць. Сотні беларусаў за свае перакананьні прайшлі праз турмы. Многія зь іх выйшлі зь няволі пераможцамі. Эстафэту барацьбы падхапіла моладзь.

Гэта ж дзіва неверагоднае! Столькі стагодзьдзяў ворагі літвінаў-беларусаў зьнішчалі наш народ. А мы насуперак гэтаму і сёньня, у 21-м стагодзьдзі, яшчэ размаўляем, пішам, чытаем па-беларуску, слухаем цудоўныя песьні і захапляемся мэлядычнасьцю беларускай мовы.

Усьцешыў ваш аптымізм, спадар Яўген. Звычайна ў нашай пошце, прысьвечанай гэтай тэме, пераважаюць сум, безнадзейнасьць і бясконцыя папрокі.

Беларускую мову, сапраўды, спрабавалі пахаваць ужо шмат разоў. На што ўжо беспрасьветным для беларушчыны пэрыядам лічыцца, для прыкладу, брэжнеўскі час. Русыфікацыя панавала ў грамадзкім жыцьці, у Менску не засталося ніводнай беларускай школы. За прыхільныя выказваньні пра мову ці за крытыку русыфікацыі можна было трапіць у сьпіс палітычна нядобранадзейных...

На тыя гады прыпала маё маленства. Я вучыўся ў вясковых школах на Гарадзеншчыне — спачатку Савіцкай васьмігадовай, потым — Навадворскай сярэдняй. Абедзьве былі беларускія, і ў абедзьвюх па-беларуску выкладалі свае прадметы дзясяткі прыстойных адукаваных настаўнікаў, якіх я і сёньня ўспамінаю добрым словам. Яны не змагаліся і не агітавалі за беларушчыну — проста сумленна рабілі сваю справу. Менавіта такія людзі ратавалі і ратуюць мову ў самыя неспрыяльныя для яе часіны.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

XS
SM
MD
LG