Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Атрымліваюць шалёныя заробкі, выдумляюць бязглуздыя законы і ня ўмеюць кіраваць краінай»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111».

Эфір 23 студзеня 2016 году

Мяркуючы па пошце, якую мы атрымліваем у гэтыя студзеньскія дні, найбольш вострая цяпер для большасьці беларусаў тэма — імклівае пагаршэньне эканамічнага становішча ў краіне.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога допісу. Наш слухач Патап Калінін з Воршы піша:

«Наш горад быў адным з буйных прамысловых цэнтраў СССР. Ільнокамбінат, заводы „Легмаш“, „Чырвоны Барацьбіт“, інструмэнтальны — гэтыя прадпрыемствы добра ведалі ў Савецкім Саюзе. Сёньня ўсе яны — слабенькія, маламагутныя, абязьлюдзелыя. Колькасьць пэрсаналу скарацілася працэнтаў на 80, калі параўноўваць з савецкім часам. Карацей кажучы, прарабы перабудовы развалілі гэтыя заводы. А цяперашнія гаспадары краіны яшчэ больш ускладнілі становішча. І куды падацца людзям?

Многія падаліся ў дробны гандаль. І я не разумею, чаму дзяржава раптам пачала іх шчаміць. Яны ж ад чыноўнікаў нічога не патрабавалі — ніякай дапамогі. Наадварот, кожны плаціў падаткі — па 4–5 мільёнаў штомесяц. А цяпер што ім рабіць? Працаваць нелегальна, хадзіць з таварам па хатах ды інтэрнатах?

Іншы момант: што ў выніку стане з коштамі ў крамах? Вы зайдзіце ў краму жаночай бялізны. Трусы жаночыя — 186 тысяч рублёў, бюстгальтар — 447 тысяч. І гэта — беларускай вытворчасьці. На рынку падобныя тавары можна знайсьці ў некалькі разоў таньней. А ў простага чалавека лішніх грошай няма.

Цяпер ня будзе рынкаў — крамы яшчэ вышэй цэны задзяруць.

Мы так разумеем: чыноўнікі адарваліся ад жыцьця. Сядзяць у сваіх кабінэтах, атрымліваюць шалёныя заробкі, выдумляюць бязглуздыя законы і ня ўмеюць кіраваць краінай.

Лукашэнка супакойвае: маўляў, гандляры давалі ня больш за два працэнты ад усіх даходаў. Можа, тых працэнтаў і няшмат. Але людзям як жыць? Канкрэтна — у нас у Воршы, дзе большасьць прадпрыемстваў ледзь дыхаюць, дзе людзей гвалтам выганяюць у адпачынкі за свой кошт, а падаткаплатнікам даводзіцца цягнуць на сваім карку стратны лядовы палац ды іншую непатрэбшчыну...»

Паспрачаюся хіба толькі з адным вашым, спадар Патап, сьцьвярджэньнем — пра тое, што заводы развалілі нібыта «прарабы перабудовы». Тых, каго напрыканцы 80-х гадоў называлі «прарабамі перабудовы», у тагачаснай БССР фактычна не было. Кансэрватыўнае камуністычнае кіраўніцтва рэспублікі перабудову ледзь не адкрыта сабатавала, ніякіх зьменаў ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы не дапускала. Так што беларуская эканоміка дасталася Аляксандру Лукашэнку ў 1994 годзе амаль у нязьмененым савецкім выглядзе. І тое, што адбылося зь ёй за мінулыя 22 гады, — гэта выключна заслуга цяперашняй улады, якая ніколі і не хавала, што ўсе свае высілкі накіроўвала на захаваньне старой сыстэмы гаспадараньня і на тое, каб не праводзіць ніякіх рэальных рынкавых рэформаў. Вынік гэтых ейных намаганьняў — ва ўсіх перад вачыма.

Аўтар наступнага ліста Юры Насевіч з Баранавічаў таксама ўстрывожаны і заклапочаны тымі праявамі вострага эканамічнага крызісу, зь якімі сутыкаецца ў штодзённым жыцьці. Слухач піша:

«Бачыў нядаўна, як Лукашэнка, выступаючы ў царкве, чарговы раз параўноўваў Беларусь з Украінай. Маўляў, радуйцеся, што ў нас усё ціха і спакойна. А вось што тычыцца дабрабыту, тут ён абяцае не паляпшэньне, а цяжкі год.

І слова сваё трымае. На нас зараз пасыпалася ўсё адразу: новыя падаткі, адмена апошніх ільготаў, падвышэньні ўсіх магчымых плацяжоў. А вось рэформаў ніякіх, як і абяцаў Лукашэнка, няма і ня будзе. Адна надзея на тое, што „старэйшы брат“ падкіне грошай — больш жа ніхто ня дасьць.

Беларусь цяпер у надзвычай складаным становішчы. Заводы практычна стаяць, працы нідзе няма.

Затое колькі ў краіне непатрэбных чыноўнікаў! А якая армія, міліцыя! Навошта іх столькі? За кошт чаго такую плойму карміць? І паглядзіце на гэтае войска, асабліва на камандны склад. Яны ж, як трапна заўважыў Лукашэнка, у танкавы люк не пралазяць: якія зь іх ваякі? А заробак у кожнага — ого-го... Гэта ж відавочнае марнатраўства.

Правільна робіць моладзь, што стараецца зьехаць адсюль. І едуць — уцякаюць усе, у каго ёсьць такая магчымасьць. Бо дзе тут рэалізаваць сябе? У нас добрыя працоўныя месцы маюць толькі тыя, у каго блат альбо грошы. А ні блату, ні грошай у простага беларуса сёньня практычна няма».

Адметнасьць эканамічнага крызісу, у які ўсё больш заглыбляецца Беларусь, у тым, што цяпер спадзяваньні на расейскія мільярды слабыя. Разнастайных эканамічных катаклізмаў за 22 гады прэзыдэнцтва Лукашэнкі было нямала. І кожны раз у вырашальны момант Масква працягвала даведзенай да банкруцтва суседцы руку дапамогі. Але цяпер сама расейская эканоміка ў такім становішчы, што кожны мільярд на ўліку. І пра тое, што ў новым годзе ніякіх братэрскіх крэдытаў саюзьнікам больш ня будзе — абвешчана ўжо афіцыйна.

Так што 2016 год будзе для беларускага грамадзтва адметным. Улада будзе выпрабоўваць свой народ на цярпеньне. Прычым сама пры гэтым саступаць месца і несьці адказнасьць за сваю тупіковую палітыку яўна не зьбіраецца.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

XS
SM
MD
LG