Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Скончыцца тым, што ўсе проста зьедуць, бо жыць тут стане немагчыма...»


Тэма вострага эканамічнага крызісу, які зацягвае ў свой вір усё большую колькасьць жыхароў Беларусі, надалей застаецца галоўнай у пошце Свабоды.

Пачну сёньняшнюю размову з допісу на гэту тэму, які даслаў Ігнат Гавенскі з Полацку. Слухач піша:

Трэба зьяжджаць. Бо паміраць мне яшчэ рана.

«І Расея, і Беларусь пакрысе дрэйфуюць у бок эканамічнага ды палітычнага бязладзьдзя. Адна розьніца, што нехта плыве брасам, а нехта — кролем. Але вынік прадбачыцца адзін і той жа. Плысьці назад яны ня могуць, могуць толькі на нейкі час прыпыніцца.

А наперадзе — змрочныя пэрспэктывы. Умовы жыцьця будуць пагаршацца да катастрафічнага стану. Сацыяльнае расслаеньне чакаецца жахлівае. І што ў выніку? Тут застануцца толькі прыкарытнікі, якія кормяцца з рук улады і абслугоўваюць яе, а таксама патрыёты-ідыёты ды аптымісты-ідыёты. Усе астатнія жыхары проста зьедуць, бо жыць тут стане немагчыма.

Асабіста я, доўга і пакутліва думаючы над гэтым, прыняў для сябе цьвёрдае рашэньне: трэба зьяжджаць. Бо паміраць мне яшчэ рана».

Кожны чалавек сам вырашае, дзе яму жыць. Аднак цяжка ўявіць, спадар Ігнат, што дзесьці за мяжой гатовыя прыняць і забясьпечыць годным жыцьцём дзевяць мільёнаў беларускіх грамадзянаў.

На працягу мінулага году сьвет зь непакоем і трывогай назіраў, які востры крызіс выклікаў у Эўропе наплыў мігрантаў з Сырыі ды іншых азіяцкіх і паўночнаафрыканскіх краін. Адна справа, калі палітычнага прытулку ці паратунку ад галечы шукаюць сотні ці тысячы людзей, зусім іншая — калі лік ідзе на мільёны. Стаўленьне эўрапейцаў да мігрантаў імкліва мяняецца, гэта ўжо ўсім відавочна. Гэтыя грамадзкія настроі ўвасабляюцца ў новае, больш жорсткае міграцыйнае заканадаўства, у новыя палітычныя расклады ў парлямэнтах, у больш жорсткі памежны рэжым. Ніхто не зьбіраецца браць на сваё ўтрыманьне мільёны чужаземцаў — асабліва тых, якія ўцякаюць у разьліку на чужыя сацыяльныя выгоды.

Новы ліст ад нашага даўняга сябра Кастуся Сырэля з Вушачаў. Іранізуючы над сёньняшнімі беларускімі рэаліямі, слухач піша:

У нашай краіне як у пчальніку, у якім, калі памятаеце казку пра Віні-Пуха, той выявіў „няправільных“ пчол, якія выраблялі „няправільны“ мёд. У нас таксама ёсьць правільны народ, а ёсьць — няправільны.

«У нашай краіне ўсё як у пчальніку, у якім, калі памятаеце казку пра Віні-Пуха, той выявіў „няправільных“ пчол, якія выраблялі „няправільны“ мёд. У нас таксама ёсьць правільны народ, а ёсьць — няправільны.

Правільны народ пераходзіць вуліцу на зялёнае сьвятло, падтрымлівае падвышэньне пэнсійнага ўзросту і кошту праезду, перавыконвае пляны па вытворчасьці трактароў „Беларус“ і тэлевізараў „Гарызонт“. У вольны ад перавыкананьня плянаў час ён глядзіць БТ, чытае „Советскую Белоруссию“, галасуе за ўсенароднаабранага і змагаецца з цыклёнамі „Даніэла“ і „Эма“, бясплатна прыбіраючы сьнег з ходнікаў, праспэктаў і магістраляў.

Зусім іншая справа — няправільны народ (ён яшчэ завецца „народзец“). О-о-о, гэта падступныя і небясьпечныя істоты, ім палец у рот не кладзі! Яны шастаюць па айчынных гіпэрмаркетах і крамах, каб набыць алей, цукар і гаджэты па „старых“ коштах. Яны ствараюць на памежных пераходах вялізныя чэргі, каб трапіць у Эўропу і набыць там алей, цукар і гаджэты па эўрапейскіх коштах. Яны ня хочуць працаваць дома за сто даляраў, а хочуць працаваць за мяжой за тысячу. Яны (які жах!) бегаюць па абменьніках! Яны глядзяць „Белсат“, слухаюць Свабоду і чытаюць „Новую газету“. „Народзец“ — гэта асобы, якія ладзяць пікеты, забастоўкі, ідуць на Плошчы або іншым шляхам ажыцьцяўляюць антыпрэзыдэнцкую, а значыцца, і антыдзяржаўную дзейнасьць».

Ёсьць падазрэньне, спадар Кастусь, што шэрагі гэтага так званага «правільнага» народа радзеюць. Раптам выявілася, што тэлевізары «Гарызонт» ніхто ня хоча купляць, а трактары «Беларус» усё цяжэй прадаваць; што, апынуўшыся бяз працы, паслухмяны і рахманы прадстаўнік «правільнага» народа павінен плаціць падатак на дармаедзтва; што цьвёрдае абяцаньне ўлады не праводзіць ніякіх рэформаў чамусьці суправаджаецца нястрымным ростам коштаў на камунальныя паслугі, увядзеньнем усё новых штрафаў, імклівым абясцэньваньнем нацыянальнай валюты...

І на заканчэньне — кароткі ліст ад Сяргея Жаваранка з Кобрына. Слухач піша:

Дай Бог, каб нам не давялося рыць акопы, галадаць, накіроўваць зброю супраць супляменьнікаў.

«Часта слухаю Свабоду. Перадачы цікавыя. Шкада, што сучасная моладзь караткахвалевае радыё ўвогуле ня слухае.

У нас з жонкай тры дарослыя дачкі, у кожнай — па двое дзяцей. Крыху трывожна за іхную будучыню. Які нетрывалы, небясьпечны цяперашні сьвет! Страшныя хваробы, небясьпека вайны... А калі раптам голад? Боязна! Молімся Ўсемагутнаму за палітыкаў, за мір на зямлі. Дай Бог, каб нам не давялося рыць акопы, галадаць, накіроўваць зброю супраць супляменьнікаў».

Чытаю ваш, спадар Сяргей, ліст і задаю пытаньне: ну чаму павінен быць голад у краіне, у якой ужо семдзесят гадоў не было ніякіх войнаў, у якой жывуць працавітыя і спакойныя людзі і якая не варагуе зь ніводным са сваіх суседзяў? Відаць, нешта ня тое ў выбудаваным у Беларусі грамадзка-палітычным ладзе, калі адзінай сваёй заслугай на дваццаць другім годзе панаваньня кіроўны рэжым можа назваць адну толькі адсутнасьць вайны на падведамнай яму тэрыторыі.

______________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG