Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Застаецца спадзявацца толькі на тое, што Расея лясьнецца і перастане ўтрымліваць рэжым Лукашэнкі...»


Назіраючы за тым, зь якімі вялізнымі эканамічнымі ды вонкавапалітычнымі праблемамі сутыкаецца Расея, усё большая колькасьць беларусаў задумваецца над будучыняй уласнай краіны. Хоць беларуская ўлада нязьменна дэкляруе шматвэктарнасьць сваёй вонкавай палітыкі, у рэальнасьці ўсе дваццаць два гады прэзыдэнцтва Лукашэнкі залежнасьць Беларусі ад усходняга суседа толькі ўзмацнялася. І з вынікам гэтага беларусы сёньня штодня сутыкаюцца, адчуваючы наступствы крызісу на ўласных кішэнях.

Для сёньняшняй размовы я выбраў вялікі ліст на гэтую тэму, дасланы нам якраз з Расеі, з горада Новасыбірску. Наш слухач Дзьмітры Аўчыньнікаў піша:

«Я карэнны беларус, але з пэўных прычынаў ужо досыць працяглы час жыву за мяжой. Пры гэтым вельмі ўважліва сачу за падзеямі, якія адбываюцца ў нашай краіне, бо яшчэ зьберагаю надзею калі-небудзь туды вярнуцца. Пакуль, аднак, у мяне складаецца стойкае ўражаньне, што бліжэйшым часам гэта не атрымаецца. Бо справы ідуць усё горш і горш, і няма ніякіх прыкметаў, што нешта ў агляднай пэрспэктыве зьменіцца да лепшага. Хутчэй, наадварот.

Ужо шмат год працягваецца культурная, каштоўнасная дэградацыя краіны, штучнае навязваньне ёй хібных нацыянальна-гістарычных ды ідэалягічных канцэптаў.

Якой сфэры ні краніся, паўсюль поўны швах. Эканоміка ў глыбокім заняпадзе, палітыкі ўжо 20 год як няма, сацыяльная сыстэма абароны насельніцтва, успадкаваная ад СССР, амаль цалкам разбураная. Ужо шмат год працягваецца культурная, каштоўнасная дэградацыя краіны, штучнае навязваньне ёй хібных нацыянальна-гістарычных ды ідэалягічных канцэптаў, зьнішчэньне яе спрадвечных духоўных асноваў. У выніку мы атрымліваем нацыю спажыўцоў без глыбокіх каранёў, бяз будучыні, у якой толькі адзін шлях — у «русский мир». Якой можна лёгка маніпуляваць ды распараджацца яе лёсам.

Раз-пораз гучаць паасобныя галасы тых, хто нязгодны з падобнай лініяй кіраўніцтва краіны. Людзей, якія ўсведамляюць згубнасьць гэтага курсу. Але гэта, на жаль, марны лямант у пустэльні. Наверсе яго папросту ня чуюць.

Стварыўшы сыстэму, арыентаваную на сацыяльных аутсайдэраў, пэрыфэрыйныя сацыяльныя групы, Лукашэнка фактычна пазбаўляе будучыні маладую, найбольш адукаваную ды прагрэсіўную частку грамадзтва.

Таксама, па сутнасьці, ігнаруецца галоўны актыў любой дзяржавы — моладзь. Стварыўшы сыстэму, арыентаваную на сацыяльных аутсайдэраў, пэрыфэрыйныя сацыяльныя групы, Лукашэнка фактычна пазбаўляе будучыні маладую, найбольш адукаваную ды прагрэсіўную частку грамадзтва. А тая рэагуе на гэта адпаведна — ад’ездам за мяжу. Бо кожны чалавек шукае, дзе яму лепей. Дзе ён зможа цалкам рэалізаваць свае таленты, здольнасьці ды памкненьні. Сучасная Беларусь для гэтага — ня самае ўдалае месца, —

піша ў сваім лісьце на Свабоду Дзьмітры Аўчыньнікаў з расейскага Новасыбірску, —

І самае прыкрае, што ня бачна сілы, якая б магла зламаць гэты згубны трэнд. Грамадзтва сьпіць, яно збольшага занятае сваiмі лякальнымі пытаньнямі, заклапочанае праблемай самавыжываньня ды штодзённай барацьбой за існаваньне. Апазыцыя кволая ды расьцярушаная, штучна загнаная ў гета, маргінальнае становішча, зь якога ёй амаль нерэальна выбрацца. Ўлада ж перасьледуе выключна свае карысьлівыя мэты і ў апошнюю чаргу думае пра лёс дзяржавы і пра будучыню яе грамадзянаў.

Відавочна, што без падтрымкі Расеі архаічная сацыяльна-эканамічная мадэль, якая мае месца цяпер на Беларусі, існаваць ня можа.

Наадварот, яе бязглуздая палітыка прывяла да таго, што Беларусь фактычна апынулася ў татальнай залежнасьці ад Расеі ды рызыкуе цалкам страціць незалежнасьць. Прынамсі, відавочна, што без падтрымкі Расеі архаічная сацыяльна-эканамічная мадэль, якая мае месца цяпер на Беларусі, існаваць ня можа. А за сваю дапамогу Масква, несумненна, будзе патрабаваць ад нас усё большых саступак у розных сфэрах, намагацца прыбраць да рук найбольш значныя праявы нашага сувэрэнітэту — галоўныя эканамічныя актывы, вайсковую ды зьнешнепалітычную самастойнасьць, фінансавую сыстэму ды інш. У выніку Беларусь можа ўвогуле зьнікнуць з мапы сьвету, ізноў стаўшы часткай суседняй краіны. І гэта ўжо можа стаць пунктам невяртаньня. У 1991 годзе, па вялікім рахунку, Беларусь упершыню атрымала паўнавартасны шанец на пабудову сваёй асобнай дзяржавы. Уласнага дому, невялікага, але дагледжанага ды ўтульнага для пражываньня. І можна канстатаваць, што гэты шанец бяздарна марнуецца.

Застаецца спадзявацца толькі на тое, што Расея ў хуткім часе лясьнецца і перастане ўтрымліваць рэжым Лукашэнкі. Але выглядае на тое, што гэта ўсё ж такі справа не аднаго году. Расея ўжо патроху слабее, але гэты працэс можа трываць яшчэ немаведама колькі. А пакуль яна будзе захоўвацца ў цяперашнім выглядзе, то яе высілкі будуць скіраваныя на тое, каб зрабіць любыя зьмены ў Беларусі немажлівымі. А нам, відаць, застаецца толькі чакаць цуду, які карэнным чынам пераверне сытуацыю. Па-іншаму нічога не атрымаецца», —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Дзьмітры Аўчыньнікаў з расейскага Новасыбірску.

Сапраўды, без кардынальных узрушэньняў у Расеі зьмены ў Беларусі сёньня выглядаюць малаверагоднымі. Сіла прыцягненьня імпэрыі настолькі вялікая, што пераадолець іх былым нацыянальным ускраінам удаецца толькі тады, калі мэтраполія ахоплена ўнутраным канфліктам, вайной альбо глыбокім эканамічным заняпадам. Такія пэрыяды здараюцца ня надта часта. У мінулым стагодзьдзі іх было два. Падчас першага, у выніку Першай сусьветнай вайны і бальшавіцкай рэвалюцыі, Беларусь здабыла аўтаномію ў выглядзе БССР. У выніку другога, чвэрць стагодзьдзя таму, фармальна стала незалежнай, але фактычна засталася расейскай марыянэткай, цалкам залежнай ад імпэрскай Масквы.

Як хутка ў беларусаў можа зьявіцца чарговы шанец на вызваленьне з імпэрскіх абдымкаў? Мяркуючы па тым, як імкліва занепадае расейская эканоміка — такая магчымасьць у бліжэйшыя гады цалкам верагодная. Вось толькі ці выкарыстае яе само беларускае грамадзтва?

_________________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG