Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі на ўліку 288 тысяч хворых на цукровы дыябэт


Дарожны набор дыябэтыка

Дарожны набор дыябэтыка

Падтрымная тэрапія для дыябэтыка ў Беларусі каштуе 200–300 даляраў на месяц.

7 красавіка — Усясьветны дзень здароўя. Сёлета ва ўсім сьвеце гэты дзень прысьвечаны прафіляктыцы і лячэньню дыябэту, бо праблема нарастае.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі на дыспансэрным уліку стаяць 288 тысяч пацыентаў з цукровым дыябэтам. То бок — больш за 3% беларусаў хварэюць на цукроўку. У 2015 годзе дыягназ «цукровы дыябэт» упершыню вызначаны ў 27 тысяч беларусаў. За апошнія 5 гадоў павелічэньне ідзе на 6–10% у год.

У прэс-рэлізе Міністэрства аховы здароўя паведамляецца, што пацыенты з цукровым дыябэтам «забясьпечваюцца інсулінам і таблетызаванымі прэпаратамі бясплатна за кошт бюджэту. У Беларусі ў 2015 годзе атрымаў лячэньне інсулінамі 66 881 пацыент з цукровым дыябэтам, інсуліны айчыннай вытворчасьці («РУП „Белмэдпрэпараты“) складаюць 80%».

Але, як сьцьвярджаюць інсуліназалежныя дыябэтыкі, гэта не зусім так.

«Шанцы на бясплатны інсулін маюць толькі інваліды (з пасьведчаньнем і ўскладненьнямі). Калі ўскладненьняў у цябе пакуль няма — бясплатных лекаў не чакай. Праўда, нельга сказаць, што ўсе амаль 300 тысяч хворых маюць патрэбу ў інсуліне», — распавяла маладая жанчына, якая ня так даўно захварэла на цукровы дыябэт:

«Атрымалася так, што мне не адразу паставілі правільны дыягназ і амаль год лячылі ад другога тыпу дыябэту. Таму я ведаю, колькі каштуюць лекі, бо амаль усе перабрала. Вельмі дорага! І ніхто мне іх не прапаноўваў бясплатна. Калі я ляжала ў шпіталі, профільнае аддзяленьне было перапоўненае. І толькі пэнсіянэрам выдаваўся бясплатна інсулін, а таксама інвалідам зь дзяцінства.

Інсуліны бываюць розныя, і нават інсуліны ўсясьветна вядомых фармацэўтычных кампаніяў ня ўсім пасуюць. Іх падбіраюць індывідуальна.

Каб весьці актыўны лад жыцьця, ідэальна падабраць такі інсулін, які дазваляе цэлы дзень функцыянаваць і падтрымлівае ўзровень цукру. У маім выпадку — я калю раз у суткі сутачную дозу, і яшчэ перад кожнай ядой падколваю так званы звышхуткі інсулін. Мая „падтрымная“ тэрапія, набыцьцё інсулінаў, абавязковых палосак, іголак, аналізы — гэта сапраўды 200–300 даляраў на месяц.

Але ў мяне стаж хваробы невялікі. У людзей, якія хварэюць даўжэй, большыя дозы. Іх выдаткі яшчэ большыя».

Да таго ж зь імпартнымі таблеткамі і інсулінам бываюць перабоі ў аптэках, кажа жанчына:

«У мяне некалькі разоў было так, што лекі заканчваюцца, шукаю па сайтах, знаходжу аптэку, прыяжджаю — кажуць: „Толькі што прадалі“.

Выйсьце — прывозіць з-за мяжы. Але ня ўсе краіны бяруць беларускія рэцэпты. Да таго ж рэцэпты выпісваюць толькі зыходзячы зь месячнай патрэбы. На большы тэрмін не выпісваюць. Да таго ж складана правозіць лекі з-за мяжы — ёсьць нормы.

У сьвеце распрацаваны ўжо такі прагрэсіўны мэтад, як інсулінавыя помпы. У чалавека „ўжыўляецца“ такі апарацік, у які ўбудаваны мэханізм, які ўвесь час, „нон-стоп“, вымярае ўзровень цукру ў крыві і падпампоўвае інсуліну столькі, колькі трэба. Гэта вельмі зручна. Ва ўсім сьвеце страхавыя кампаніі, мэдычныя страхоўкі, як правіла, пакрываюць набыцьцё гэтай помпы. Кошты на гэтую помпу пачынаюцца ад 1 тысячы даляраў, да таго ж трэба набываць да яе „расходнікі“. У Беларусі такую помпу можна паставіць толькі за ўласныя грошы. Ніякія віды страховак іх не пакрываюць.

У мяне ёсьць камэрцыйная мэдычная страхоўка ад працы, і там адмысловым пунктам прапісана, што дыябэтыкам дапамога не аказваецца.

I таксама не аказваецца дапамога па захворваньнях, якія справакаваныя цукровым дыябэтам (а гэта можа быць і пагаршэньне зроку, і праблемы з ныркамі, сэрцам, сасудамі, нагамі — цэлы букет хваробаў). Так што спадзявацца нават на камэрцыйныя страхоўкі дыябэтыкам не выпадае.

У паліклініках эндакрыноляг — вельмі рэдкі спэцыяліст. У гарадзкім эндакрыналягічным дыспансэры запіс на месяцы наперад, прычым, каб запісацца, трэба прыходзіць да 7-й раніцы. Лячэньне ў дзяржаўных дыспансэрах быццам бы бясплатнае, але бясплатныя (даволі дарагія) рэактывы для аналізаў заканчваюцца вельмі хутка — іх хапае толькі пэнсіянэрам і інвалідам. А зрабіць аналізы простым сьмяротным бясплатна магчымасьці няма».

Чыста фармальна быццам бы працуюць «Школы дыябэту», нешта існуе, але ў людзей элемэнтарна не хапае ведаў, як правільна сябе паводзіць, якія прадукты можна есьці, дзе іх купляць. Людзі шчыра лічаць, што глюкозу ўжываць нельга, а фруктоза, сарбіт падыходзяць для дыябэтыкаў і што так званыя «дыябэтычныя» шакалядкі сапраўды вырабляюцца для дыябэтыкаў, кажа суразмоўца Свабоды:

«У нашым заканадаўстве няма нормаў прадуктаў, якія падыходзяць для дыябэтыкаў, гэта проста рэклямны трук. Тая ж дыябэтычная шакалядка ўтрымлівае больш вугляводаў, чым звычайны цёмны шакаляд. З асьветай зусім-зусім бяда. У людзей не хапае элемэнтарных базавых ведаў — як сябе паводзіць, калі ў цябе хтосьці са сваякоў дыябэтык, як аказаць першую дапамогу. У нас не выдаюць адмысловыя бранзалеты для дыябэтыкаў, дзе напісаныя ягоныя кантакты, кантакты сваякоў — куды тэлефанаваць, калі чалавек раптам страціць прытомнасьць. Павінны быць „гарачыя лініі“, тэлефоны, куды зьвярнуцца, а не шукаць у інтэрнэце нейкія сумнеўныя чуткі.

І хоць сёлета Ўсясьветны дзень здароўя прысьвечаны дыябэту, у Беларусі практычна ва ўсіх раёнах праводзяць Дзень цьвярозасьці. Бо дыябэт — гэта дорага, гэта спэцыфічна, гэта трэба прызнаць. Дый у грамадзкай сьвядомасьці пра дыябэтыкаў такое меркаваньне: маўляў, дыябэтыкі салодкае любяць, вось і захварэлі...»

XS
SM
MD
LG