Лінкі ўнівэрсальнага доступу

24 сакавіка адзначаецца Ўсясьветны дзень барацьбы з сухотамі. Беларусь у межах новай стратэгіі Ўсясьветнай арганізацыі здароўя «Разам ліквідуем сухоты» заявіла, што ліквідуе небясьпечную хваробу да 2035 году. Каардынатар праграм Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя Краінавага бюро ў Беларусі Валянцін Русовіч такія пляны краіны назваў амбітнымі.

Усясьветным лідэрам у барацьбе з сухотамі лічыцца Нарвэгія, дзе паказчык захворвальнасьці ніжэйшы за 10 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва.

У Беларусі ў 2015 годзе тых, хто захварэў на сухоты, было 32,9 на 100 тысяч насельніцтва — то бок у 3 разы больш, чым у Нарвэгіі. Для параўнаньня — у 2013 годзе захварэла 38,3 на 100 тысяч. Сьмяротнасьць ад сухотаў у 2015 годзе склала 4,1 на 100 тысяч насельніцтва. У 2014 годзе гэты паказчык быў 5,7 на 100 тысяч. Кожны год захворвальнасьць зьніжаецца на 2 тысячы чалавек.

Каардынатар Краінавага бюро Валянцін Русовіч адзначыў на прэсавай канфэрэнцыі 22 сакавіка, што цяперашнія тэмпы зьніжэньня ўзроўню захворвальнасьці на сухоты ў сьвеце Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя лічыць «добрымі, але недастатковымі для таго, каб за 20 гадоў дасягнуць ідэальнага паказчыка». Уся надзея на тое, што за гэты час зьявяцца новыя мэтады дыягностыкі, больш эфэктыўныя вакцыны і новыя процітубэркулёзныя прэпараты, якія скароцяць тэрміны лячэньня хваробы.

На пытаньне Свабоды, ці рэальна цалкам перамагчы сухоты ў Беларусі да 2035 году, кандыдат мэдычных навук Аляксандар Скрагін адказаў так:

«Сапраўды, мы далучыліся да міжнародных праграмаў барацьбы з сухотамі. Там ёсьць некалі ключавых пунктаў — 2035 год, потым 2050 год. Гэта зьвязана з палітыкай Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя. Пераможам ці не — цяжка сказаць. У 1970-я гады ў Савецкім Саюзе практычна ўжо не было сухотаў, потым зноў накацілася хваля і рост. Цяпер сапраўды сытуацыя стабілізавалася ва ўсім сьвеце. І навукоўцы ўсяго сьвету спрачаюцца, ад чаго залежыць усплёск, ці ўплывае глябальнае пацяпленьне, ці зьвязана гэта зь нейкімі эпідэмічнымі хвалямі, ці гэта заслуга розных мерапрыемстваў, актаў, якія праводзяць розныя краіны. Прычым сухотамі заклапочана ня толькі Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя, але і Глябальны фонд па барацьбе са СНІДам, сухотамі і малярыяй (які, дарэчы, выдзеліў Беларусі новы грант на 11,8 мільёна даляраў для барацьбы з сухотамі на 2016–2018 гады), і „Лекары бязь межаў“.

Я не магу цяпер адказаць, рэальна ці нерэальна перамагчы сухоты за 20 гадоў. Прынамсі, Беларусь цяпер выглядае ня горш за сваіх суседзяў — Украіну, Расею, яе льга параўнаць зь Літвой і Польшчай.

Што да іншых краінаў, цяжка сказаць, чаму, напрыклад, у Нарвэгіі ці Італіі даволі нізкі ўзровень захворвальнасьці, а ў Вялікай Брытаніі — даволі высокі, хоць краіна высокаразьвітая. Магчыма, на гэта накладаюцца і міграцыйныя працэсы. У той жа Нарвэгіі і Галяндыі захворвальнасьць у асноўным сярод мігрантаў», — кажа Аляксандар Скрагін.

Лячэньне сухотаў у Беларусі цалкам бясплатнае, хоць яно нятаннае. Лячэньне аднаго пацыента, які хварэе на сухоты зь лекавай устойлівасьцю, з выкарыстаньнем найноўшых прэпаратаў, каштуе дзяржаве каля 16 тысяч даляраў. Кожны трэці выпадак у краіне — гэта мультырэзыстэнтныя сухоты, якія лечацца ня менш за два гады. (Для параўнаньня: лячэньне адчувальнага да лекаў тубэркулёзу каштуе ад 60 да 80 даляраў, — такія лічбы прывёў намесьнік дырэктара па арганізацыйна-мэтадычнай працы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру пульманалёгіі і фтызіятрыі Андрэй Астроўка. Да таго ж у Беларусі актыўна шукаюць гэтых хворых. Калі чалавек ня хоча лячыцца, яго будуць лячыць прымусова, каб не заражаў іншых. Ёсьць сацыяльная дапамога, харчовыя пайкі для хворых на сухоты.

Асобныя гранты і Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, і Глябальнага фонду выдзяляюцца на пэнітэнцыярную сыстэму. Спэцыялізаваны шпіталь для лячэньня хворых на сухоты зьняволеных, што на тэрыторыі калёніі № 12, атрымаў найноўшае абсталяваньне.

Паводле праваабарончай арганізацыі «Рэгіён 119», у Беларусі ў турмах выяўляюць у год каля 350 тых, хто захварэў на сухоты (гэта на 32 тысячы зьняволеных).

«Гэта добры паказчык, не параўнаць з тым, што было гадоў 5–7 таму, — кажа кіраўніца «Рэгіёну 119» Алена Красоўская-Касьпяровіч. Да таго ж, калі хворага на сухоты вызваляюць, яго адразу ж прывозяць з турмы ў тубэркулёзны дыспансэр, дзе ён павінен лячыцца далей.

«Для таго каб пацыент скончыў гэтую доўгую і складаную хіміяпрафіляктыку, якая ўплывае на іншыя органы і сыстэмы чалавека, у гэтым годзе была створана сыстэма матывацыі, — адзначыла начальнік аддзелу першаснай мэдычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч. —

Сыстэма дазваляе пацыенту, які прыходзіць на штодзённае лячэньне, атрымліваць праязны білет або прадуктовыя наборы».

Паводле інфармацыі мэдыкаў, укараненьне ў Беларусі з 2012 году рэвалюцыйных мэтадаў дыягностыкі сухотаў і выкарыстаньне міжнародных мэтадаў і стандартаў лячэньня дазваляюць цалкам акрыяць 9 з 10 пацыентаў з адчувальнымі да лекаў сухотамі.

Русовіч адзначыў, што за апошнія пяць гадоў удалося падняць ахоп насельніцтва новымі схемамі прэпаратаў з высокай эфэктыўнасьцю з 20% да практычна 100%. Ён дадаў, што новыя мэтады лячэньня, да якіх Беларусь атрымала доступ у ліку нямногіх дзяржаў, істотна даражэйшыя, чым старыя, але «дзяржава гатовая ў іх укласьціся».

Як адзначыў намесьнік дырэктара па арганізацыйна-мэтадычнай працы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру пульманалёгіі і фтызіятрыі Андрэй Астроўка, сумарна ў краіне ўжо набрана больш за 160 чалавек, якія хварэюць на сухоты зь лекавай устойлівасьцю і лечацца найноўшымі прэпаратамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG