Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ворша: І шпіталь не будуюць, і пратэставаць не даюць


Чарговы аршанскі «даўгабуд»

Чарговы аршанскі «даўгабуд»

Будоўлю шпіталя ў Воршы распачалі ў 2012 годзе, а ў 2015-м спынілі празь недахоп сродкаў. Мясцовыя ўлады абяцалі аднавіць будаўнічыя працы ў другім квартале 2016-га, але і гэтае абяцаньне ня выканалі.

У новым дзесяціпавярховым корпусе, які ўзводзіцца за сродкі абласнога бюджэту, плянавалі разьмясьціць нэўралягічнае, кардыялягічнае, рэанімацыйнае ды іншыя аддзяленьні. Адчыніцца яны меліся яшчэ колькі гадоў таму, але будоўля ніяк не завершыцца. Чарговае абяцаньне — увесьці будынак у эксплюатацыю ў 2017 годзе — таксама падаецца аршанцам невыканальным. Бо тэрміны ня раз пераносіліся, будоўля спынялася на месяцы, а чарговае «аднаўленьне», прызначанае на пачатак красавіка, так і не адбылося.

Між тым аршанцы маюць вялікую патрэбу ў паляпшэньні мэдычнага абслугоўваньня. Шпіталь імя Мікалая Сямашкі — дарэчы, народнага камісара аховы здароўя РСФСР, біяграфія якога з Воршай аніяк не зьвязаная — найбуйнейшы ў горадзе. Але частка карпусоў даўно састарэла, ня кажучы ўжо пра «ўзрост» мэдычнай тэхнікі.

Дзейны стары корпус і новы, недабудаваны

Дзейны стары корпус і новы, недабудаваны

Некалькі тыдняў таму аршанскія актывісты, абураныя спыненьнем будоўлі важнага для горада абʼекта, падалі ў гарвыканкам заяўку на пікет. Але нават не атрымалі адказу, апавёў заяўнік, прыхільнік стварэньня партыі БХД Яўген Анішчанка:

— Мы прасілі даць дазвол на пікет, каб правесьці яго 6 красавіка. Да гэтага часу ўжо было б відаць, каб будаўніцтва аднавілі, як раней абяцалі. Аднак тэхніка па-ранейшаму не працуе, будаўнікоў не відаць. І нават адказу наконт пікета я не атрымаў! Давялося самому тэлефанаваць у райвыканкам і выслухаць, што адказ нам дасылалі, але ён, напэўна, недзе згубіўся. І што адказ гэты адмоўны, бо мы не заключылі папярэднія дамовы на абслугоўваньне вулічных акцыяў зь міліцыяй, камунальнікамі і тымі ж мэдыкамі. Карацей, зноў нам адмовілі, бо мы ня выканалі патрабаваньняў рашэньня аршанскага гарвыканкаму. А выканаць іх немагчыма.

«Даўгабуд» зарастае быльлём

«Даўгабуд» зарастае быльлём

Дазволаў на акцыі, прапанаваныя аршанскімі дэмакратычнымі сіламі, улады не даюць з 2009 году, калі зьмяніліся патрабаваньні да падачы заяўкі. Заключыць дамовы на абслугоўваньне надзвычай складана: юрысты зь міліцыі і паліклінікі ў адзін голас кажуць, што ў іх нават няма прэйскуранту на паслугі паводле замоваў прыватных асобаў і што ажыцьцяўленьне такіх паслуг не ўваходзіць у іхныя прафэсійныя абавязкі. Ня мае прэйскуранту на тое, каб прыбіраць тэрыторыю на замову прыватных асоб, і камунальнае прадпрыемства «Спэцаўтабаза».

Усё гэта высьветлілася яшчэ ў 2012 годзе, калі актывісты судзіліся з чыноўнікамі за нежаданьне дамаўляцца наконт вулічных акцыяў. У той час актуальны быў даўно абяцаны рамонт аварыйнага моста цераз Дняпро, і актывіст Яўген Анішчанка разам з аднадумцамі спрабаваў узьняць і гэтае пытаньне.

Паводле першапачатковых плянаў корпус павінен ужо дзейнічаць

Паводле першапачатковых плянаў корпус павінен ужо дзейнічаць

Спробы зладзіць пікеты і тады скончыліся нічым. Але спадар Анішчанка пэўны, што ўладам абавязкова трэба нагадваць, што народ сочыць за іхнымі абяцаньнямі.

Дарэчы, дамагчыся рамонту моста ўсё-ткі ўдалося — пасьля шматразовых зваротаў у СМІ і да чыноўнікаў абласнога ўзроўню.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG