Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу беларускага антысаветчыка адшукалі ў архіве СБУ ў Чарнігаве


Антысаветчык і дысыдэнт Мікалай Маліноўскі

Антысаветчык і дысыдэнт Мікалай Маліноўскі

«Мы ня можам жыць у краіне, у якой робіцца ўсё дзеля таго, каб задушыць годнасьць чалавека», — як беларускі дысыдэнт захацеў вырвацца з абдымкаў СССР і на які тэрмін гэта пацягнула.

Уладзіслаў Ахроменка, літаратар і дасьледчык спраў «ворагаў народу», працягвае здабываць унікальныя зьвесткі пра жыхароў беларуска-ўкраінскага сумежжа, асуджаных за антысавецкую дзейнасьць. Ад канца 1990-х ён жыве і працуе ў Чарнігаве, летась атрымаў доступ да архіваў Службы бясьпекі Ўкраіны па Чарнігаўскай вобласьці, якія ахопліваюць пэрыяд 1919-1991 гадоў.

Сёлета ў траўні Свабода падавала некаторыя матэрыялы, якія адлюстроўваюць сутнасьць савецкай карнай сыстэмы 1920–1930-х (дарэчы, у бальшыні выпадкаў спадар Ахроменка быў наступным, хто гартаў тэчкі з грыфам «Совершенно секретно» пасьля сьледчага НКВД). Сёньня аповед пра тое, якія мэтады нэўтралізацыі апанэнтаў рэжыму ўжываліся ў найноўшы час — амаль перад самым развалам СССР.

«Мая сямʼя прынесена ў ахвяру злачынцам»

«Генэральнаму сакратару Арганізацыі Абʼяднаных Нацый спадару Курту Вальдхайму ад Маліноўскага Мікалая Аляксандравіча, які пражывае ў СССР, горад Чарнігаў.

Тэкст ліста Маліноўскага на імя Генсека ААН

Тэкст ліста Маліноўскага на імя Генсека ААН

Па маральна-этычных і прававых матывах мая сямʼя — жонка, два сыны і дачка — вымушаныя зьехаць з Савецкага Саюзу. Мы ня можам жыць у краіне, у якой робіцца ўсё дзеля таго, каб задушыць годнасьць чалавека; у краіне, дзе мая сямʼя пазбаўлена элемэнтарных грамадзянскіх і чалавечых правоў; у краіне, у якой мая сямʼя прынесена ў ахвяру злачынцам; у краіне, дзе не выконваюцца ўласныя законы і Канстытуцыя СССР.

У гэтай сувязі прашу Вас як Генэральнага сакратара ААН, кіруючыся Усясьветнай дэклярацыяй правоў чалавека і заключным актам Хельсынскіх пагадненьняў, дапамагчы маёй сямі выехаць з СССР, дапамагчы мне ўратаваць сямʼю і дзяцей. З глыбокай павагай і надзеяй М. А. Маліноўскі, 15 лістапада 1979 году».

Так пачаўся шлях у зэкі-антысаветчыкі для нараджэнца вёскі Мажа Капыльскага раёну Меншчыны, выпускніка Кіеўскага інжынэрна-будаўнічага інстытуту, старшага інжынэра Чарнігаўскага абласнога аддзелу аховы здароўя Мікалая Маліноўскага.

Падвышаную пільнасьць у дачыненьні да «падазронага элемэнту» выявіў лекар Чарнігаўскага скурна-вэнэрычнага дыспансэру Мірон Якаўлевіч Кальчынскі. «Беспартыйны габрэй», — як потым удакладнілі ў пратаколе абласнога УКДБ.

«Лічу сваім абавязкам паведаміць органам дзяржбясьпекі наступнае, — абгрунтаваў ён сваю падазронасьць. — Напачатку восені 1979 году мая дачка Кальчынская Іна Міронаўна хадайнічала перад адпаведнымі органамі адносна выезду на сталае жыхарства ў Ізраіль. А ў сярэдзіне лістапада мне патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся Маліноўскім Мікалаем Аляксандравічам і папрасіў зь ім сустрэцца. Празь дзень-два сустрэча адбылася. Маліноўскі сказаў, што яму вядома пра выезд за мяжу маёй дачкі і папрасіў, каб яна перавезла некалькі лістоў, якія ён афіцыйным шляхам — то бок, праз пошту — пераслаць ня хоча. Пра зьмест гэтых лістоў Маліноўскі мне тады нічога не гаварыў...».

Далей Кальчынскі інфармуе, што, атрымаўшы згоду ад дачкі, праз тыдзень зноў сустрэўся з Маліноўскім: «Ён сказаў, што падвяргаецца ганеньням, што скардзіўся ў розныя інстанцыі, але ніякай абароны не атрымаў. А таму хоча выехаць з СССР па палітычных матывах, — дакладае вэнэроляг. — Маліноўскі перадаў тры заявы на імя Джымі Картэра, Курта Вальдхайма і Рымскага папы з просьбай аказаць садзейнічаньне ў выезьдзе за мяжу, а ў лісьце Картэру яшчэ прасіў даць яму палітычны прытулак. Акрамя таго, перадаў аркуш, на якім быў рукапісны тэкст з загалоўкам: „Зварот да ўсіх радыёстанцый, якія вяшчаюць на тэрыторыю СССР“. Там была просьба да супрацоўнікаў радыёстанцый паведамляць прозьвішчы, адрасы і нумары тэлефонаў усіх, хто фіксуе парушэньне правоў чалавека ў СССР».

«Кадэбэшная» анкета Маліноўскага

«Кадэбэшная» анкета Маліноўскага

Пры канцы студзеня 1980 году дачка Калчынскага атрымала дазвол на выезд і пачала зьбірацца ў дарогу. Але перад самым адʼездам паведаміла бацьку, што заявы Маліноўскага па сваім зьмесьце зьяўляюцца «варожымі інтарэсам СССР», а яна паводле сваіх перакананьняў ня хоча прынесьці шкоду радзіме. У выніку напісала заяву ў кампэтэнтныя органы і разам з «сумнеўнымі лістамі» праз бацьку перадала ўсё «куды трэба». Замест Вашынгтону, Нью-Ёрку і Ватыкану «крык душы» Мікалая Маліноўскага пачалі расшыфроўваць у Чарнігаўскім КДБ.

«Прафіляктыкаваўся», але злачыннай дзейнасьці не спыніў

Махавік апрацоўкі сьведак і выцягваньня патрэбных зьвестак запрацаваў на поўную моц. «Добраахвотна» даносіць на яшчэ ўчора «прыстойнага чалавека», а сёньня махровага антысаветчыка пачалі ўсе: суседзі, калегі па працы, аднакурсьнікі, нават сябры.

Як удакладняецца ў тлумачальнай запісцы кіраўніцтва УКДБ на імя пракурора Чарнігаўскай вобласьці, цягам 1980-1981 гадоў паступіла 15 (!) заяваў ад грамадзянаў, якія сьведчылі супраць беспартыйнага беларуса: «Сыстэматычна сярод атачэньня дапускае паклёпніцкія выказваньні, якія ганьбяць савецкі дзяржаўны і грамадзкі лад», — чырвонай лініяй праходзіць праз усе паўтара дзясятку заяваў сьведак.

Генэрал-маёр УКДБ Дзічэнка асабіста інфармуе пракурора: у студзені і жніўні 1980 году Маліноўскі «двойчы прафіляктыкаваўся, у тым ліку з абвяшчэньнем афіцыйнага «предостережения», аднак і пасьля гэтага сваёй злачыннай дзейнасьці не спыніў. На падставе прыкладзеных матэрыялаў прапанавана прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасьці паводле артыкулу 187 КК УССР. 21 жніўня 1981 году на той час 50-гадовы Мікалай Маліноўскі з санкцыі пракурора ўзяты пад варту.

Дакладная КДБ на імя пракурора

Дакладная КДБ на імя пракурора

Якія антысавецкія заявы дазваляў сабе чарнігаўскі беларус? Вось што, у прыватнасьці, апэратыўна і дэталёва «згадалі» ў размове са сьледчымі КДБ сьведкі Бязьлюдны, Сабалеўскі, Паўлаў, Касьцючэнка, Ільін, Лычко, якія двойчы ў сакавіку 1981-га былі разам з Маліноўскім у службовых камандзіроўках.

Расказваюць, што падчас паездкі і начлегу на турбазе Ноўгарад-Северскі яны гутарылі на розныя тэмы, якія тычыліся як пытаньняў унутранага становішча ў СССР, так і падзеяў за мяжой. «У гэтых размовах я зьвярнуў увагу на нездаровыя, а часам і антысавецкія меркаваньні і погляды Маліноўскага, — сьведчыць адзін. — Так, ацэньваючы значэньне 26-га зьеду КПСС, ён сьцьвярджаў, што ў газэтах і па радыё перадаюць пра перавыкананьне плянавых заданьняў па сельскай гаспадарцы, а ў крамах нічога няма. Маўляў, прадукты харчаваньня вывозяцца ў іншыя сацыялістычныя краіны: там не працуюць, а нам даводзіцца іх карміць».

Паказаньні сьведак супраць Маліноўскага

Паказаньні сьведак супраць Маліноўскага

Са слоў сяброў-калегаў, Мікалай Маліноўскі абураўся, што выбарная сыстэма ў СССР значыцца толькі на паперы, а насамрэч абіраюцца людзі, выгадныя начальству. У той жа час за мяжой любы ахвотны можа выставіць сваю кандыдатуру нават на пасаду прэзыдэнта, што і ёсьць праявай сапраўднай дэмакратыі. «У СССР дэмакратыі няма», — падсумаваў Маліноўскі, тым самым падпісаўшы сабе прысуд.

Іншы сьведка ў гэтым зьвязку прыгадвае, што Маліноўскі ў станоўчым сьвятле ахарактарызаваў кіраўнікоў двух вядучых капіталістычных дзяржаваў — Роналда Рэйгана і Маргарэт Тэтчэр: ухваляў усе іх захады ў міжнароднай палітыцы, у тым ліку антысавецкія дзеяньні.

Далей — горш. Падчас гутаркі на тэму правоў чалавека Маліноўскі казаў, што на Захадзе людзі могуць вольна пераяжджаць з адной краіны ў іншую на сталае месца жыхарства: «На гэта я яму заявіў, што выезд з краіны — ужо здрада радзіме, і я такую палітыку асуджаю, — на ўсялякі выпадак удакладняе сьведка. — На што Маліноўскі адказаў, што ў СССР ахвотных выехаць перасьледуюць і перашкаджаюць гэта зрабіць. Скрытыкаваў «высылку» акадэміка Сахарава ў Горкі, што нібыта ёсьць «парушэньнем Хельсынскіх пагадненьняў аб правах чалавека. Таксама выказваў абазнанасьць інфармацыяй пра жыцьцё Салжаніцына за мяжой».

Пастанова аб затрыманьні Маліноўскага

Пастанова аб затрыманьні Маліноўскага

Сапраўдным шокам для слухачоў сталі «інтэрпрэтацыі Маліноўскага» пра прычыны пачатку Вялікай айчыннай вайны. На думку інжынэра, у нападзе Нямеччыны на СССР «вінаватыя мы самі»: «Каб чырвоная армія не захапіла Заходнюю Ўкраіну і Заходнюю Беларусь, Гітлер на нас не напаў бы».

Гэтаксама заяўляў, што ў СССР пастаянна парушаюцца правы чалавека. Асабліва гэта квітнела падчас культу асобы Сталіна, калі людзей рэпрэсавалі больш, чым загінула на вайне. Ціск на савецкіх грамадзянаў, працягваў Маліноўскі, ажыцьцяўляецца дагэтуль: іншадумцаў садзяць у турмы, прымусова зьмяшчаюць у псыхіятрычныя лякарні.

Уздымаў спэцыяліст і праблему моўнага пытаньня ва Ўкраіне, дзе пасьля заканчэньня інстытуту застаўся жыць і працаваць. Так, заяўляў, што Ўкраіна ня мае самастойнасьці, а ўкраінская мова і культура паступова выцясьняюцца расейскімі: «Ён абураўся, што ва Ўкраіне вельмі мала школаў з украінскай мовай навучаньня, а ў Чарнігаве іх няма ўвогуле», — працытаваў Маліноўскага адзін зь пільных слухачоў.

Мікалай Маліноўскі: у профіль і ў анфас

Мікалай Маліноўскі: у профіль і ў анфас

Яшчэ адна надзённая на той час тэма — «інтэрнацыянальная дапамога Аўганістану»: «Маліноўскі сьцьвярджаў, што мы дарэмна ўвялі туды свае войскі, там дарэмна гінуць нашы людзі і ў дадзеным выпадку Савецкі Саюз учыніў агрэсію супраць незалежнай дзяржавы», — згадвае сьведка, прыгадваючы, што пры гэтым Маліноўскі ўхваляў дзеяньні заходніх дзяржаваў, якія разгарнулі ў гэтым пытаньні антысавецкую кампанію.

Тры гады пры Брэжневе замест вышэйшай меры пры Сталіне

29 студзеня 1982-га Чарнігаўскі абласны суд пакараў Мікалая Маліноўскага трыма гадамі пазбаўленьня волі. Брэжнеўская эпоха саступала ў сваёй крыважэрнасьці сталінскім часам, бо па аналёгіі з 1930-мі абвінавачаньне цягнула на вышэйшую меру.

Тэкст абвінавачваньня Мікалая Маліноўскага

Тэкст абвінавачваньня Мікалая Маліноўскага

З тэксту прысуду:

«Абвінавачаны ў тым, што, пражываючы ў Чарнігаве, цягам 1978–1981 гадоў на глебе антысавецкіх перакананьняў з мэтай падрыву і аслабленьня савецкай улады сыстэматычна вырабляў, распаўсюджваў і захоўваў дакумэнты, у якіх утрымліваліся паклёпніцкія выдумкі, якія ганьбяць савецкі дзяржаўны і грамадзкі лад. Апроч таго, з той жа мэтай сярод свайго атачэньня распаўсюджваў выдумкі такога ж характару ў вуснай форме».

Як удалося высьветліць дасьледчыку архіваў СБУ Ўладзіславу Ахроменку, празь нейкі час пасьля вызваленьня з турмы Мікалай Маліноўскі памёр. Ці вярнуўся ён перад гэтым на старое месца працы — дакладна невядома, але наўрад ці колішнія калегі гарэлі вялікім жаданьнем яшчэ раз пабачыць адзін аднаго.

Справа капыльскага антысаветчыка

Справа капыльскага антысаветчыка

Зьвязацца са сваякамі Маліноўскага пакуль не атрымалася: пад адрасам у Чарнігаве, які пазначаны ў сьледчай справе, цяпер жывуць зусім іншыя людзі. Між тым, ягоныя родныя маглі б даць шмат карыснай інфармацыі пра мужа і бацьку, нязвыкла сьмелага беларуса, антысаветчыка і дысыдэнта ва ўсёй сваёй сутнасьці.

Жонка: Маліноўская Ніна Васільеўна (1940 год нараджэньня).
Дзеці: сын Аляксандар (1963 год), сын Сяргей (1967 год), дачка Кацярына (1974 год).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG