Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навокал трызьнілі Высоцкім. З кішэні ў кішэню перадавалі магнітафонныя плёнкі, дзе голас і гітарныя надрыўныя акорды былі сьцёртыя быццам манэты, што тысячы разоў пераходзілі з рук у рукі. Касэты перапісвалі дзясяткі разоў, а можа й сотні, хутчэй за ўсё — сотні. Для сёньняшніх аматараў чыстага гуку зусім недарэчнасьць.

Ён быў у СССР самым свабодным творцам

Чым ён браў? Вядома чым: так званай «антысаветчынай». Карціну жыцьця ў краіне стварала галоўная «Правда» і «правды паменшыя». Фальшывую, няшчырую, далёкую ад сапраўднага жыцьця людзей карціну. А Высоцкі кідаў «Правду» ва ўнітаз (туалетная папера была раскошай) і выпускаў сваю канцэртую «правду». Слухалі яе з захапленьнем.

Ён сьпяваў што хацеў. А сьпяваў сваё, уласнае. Ён быў у СССР самым свабодным творцам. Не, разам з астатнім народам ён існаваў у канкрэтных жорсткіх рамках: таго нельга, гэтага не чапай, аб тым нават ня думай! Але парушаў табу на кожным кроку. Паказаўшы савецкаму чалавеку дзівосы ў свабодзе творчасьці. Нечаканую сьмеласьць. За гэта й любілі. Бо ў душы не шанавалі савецкую ўладу. Як і сам Высоцкі. Толькі ён мог сабе дазволіць кпіць з савецкага ладу жыцьця, цешачы іншых. Якая была асабістая сатысфакцыя — рагатаць у душы разам з Высоцкім з маразму савецкага жыцьця!

Але сам я на Высоцкага не хварэў ніколі. Мы на расейскай мове мала што слухалі. Высоцкі хапаў за жывое людзей крыху старэйшых.

Чым мяне Высоцкі зацікавіў? Зразумела, тэкстамі. Хвацкай сьмелай фразай, кпінамі, нечаканым сутыкненьнем вобразаў, сытуацый. Гэта была адметная творчасьць незалежнага чалавека, унутрана свабоднага. Ну, скажам — маналёг рабацягі, якому аказалі давер, уключыўшы ў групу, што паедзе за мяжу. Ён распавядае пра інструктаж, пра «чалавека ў цывільным», які паедзе зь імі, што абавязкова. Прызнаецца ў сваіх страхах: раптам на мяжы «тармазнуць»? На назе, дурань, зрабіў сабе некалі сінюю «наколку» — крыж! Але той, што «ў цывільным», выконвае ролю добрага анёла, паказваючы на яго, гаворыць мытніку: «Кроме водки ничего, свой товарищ!»

Адкуль у Высоцкага гэта было? Напэўна ад лягернай, часьцей блатной песьні, у якой часта «рэзалі праўду-матку». Можна было б яшчэ прыпомніць творчасьць некаторых даваенных пісьменьнікаў — Зошчанкі, Ільфа зь Пятровым. Але малады Высоцкі бачыў навокал вяртаньне былых зэкаў. Яны прыходзілі з Гулагу са сваім фальклорам. Гэта на яго ўплывала, стымулявала творчасьць.

Я жыву ў Горадні, дзе напачатку сваёй артыстычнай кар’еры Ўладзімір Высоцкі здымаўся ў кіно. Ёсьць цікавыя ўспаміны людзей, якія працавалі на здымках. Толькі прыехаў з Масквы, яму — давай на пляцоўку, а ён — дайце хоць пару гадзін паспаць, ехаў з ваеннымі, яны ўсю ноч пілі і сьпявалі. Быў кастрычнік 1965-га, рэзка пахаладала, Высоцкаму далі здымачную вопратку, вайсковую. Пасьля здымак пайшоў у ёй і ў грыме ў рэстаран. Здымаўся фільм «Я родам зь дзяцінства».

У Горадні зроблены запіс «Песьні пра стукача». Лірычны герой Высоцкага сам аднойчы прывёў яго ў сябрыну і прапанаваў яму наліць. Піў як усе, сустрэлі як брата, а «назавтра продал всех подряд», «ошибся я, простите мне, ребята». Ну а далей — суд і лягерны барак. І мары пра помсту пасьля вяртаньня на волю...


У 1970-х Высоцкі, ужо вельмі масьціты актор і сьпявак, прыяжджаў у Наваградак на здымкі партызанскіх фільмаў, для якіх пісаў песьні. І да яго прыяжджала Марына Ўладзі, жонка. Там яму паставілі бюст.

Бюст Высоцкага ў Наваградку. Адкрыты ў 2012 годзе на вуліцы Савецкай.

Бюст Высоцкага ў Наваградку. Адкрыты ў 2012 годзе на вуліцы Савецкай.

  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG