Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Информирую любимые органы госбезопасности...» Справы беларусаў — «ворагаў народу» ў архівах СБУ


Беларуска Клаўдзія Мішукова, жонка «ворага народу»

Беларуска Клаўдзія Мішукова, жонка «ворага народу»

Чаму чырвонага генэрала, які здаваў паплечнікаў дзясяткамі, расстралялі, а настаўніцы-беларусцы за публічны праклён на адрас чэкістаў далі 5 гадоў турмы? Літаратар Уладзіслаў Ахроменка пра пошук беларускага сьледу ў архівах СБУ.

«Інжынэр сказаў, што ў СССР няма выбараў, і за тыдзень на яго паступіла 15 даносаў», — празаік, сцэнарыст, драматург Уладзіслаў Ахроменка з канца 1990-х жыве і працуе ва ўкраінскім Чарнігаве. Днямі завітаў у Менск на прэмʼеру спэктакля паводле аповесьці Максіма Гарэцкага «Дзьве душы» ў Купалаўскім тэатры. Разам з калегам Максімам Клімковічам ён адзін з аўтараў драматургічнай вэрсіі твору.

Спадар Ахроменка кажа, што праца ў архіве Службы бясьпекі Ўкраіны па Чарнігаўскай вобласьці дапамагла лепш зразумець сутнасьць савецкай карнай сыстэмы. Год таму ўкраінскія заканадаўцы спрасьцілі доступ да архіўных зьвестак. Дзякуючы гэтаму магчыма скласьці рэальную карціну таго, якімі мэтадамі ўсталёўваўся «камунізм» на беларуска-ўкраінскім памежжы.

Хлусьня КДБ: нельга зьнішчаць справы з кодам «Хранить вечно»

Уладзіслаў Ахроменка атрымаў доступ да асабістых спраў «ворагаў народу» і асуджаных за антысавецкую дзейнасьць, якія ахопліваюць пэрыяд ад 1919 да 1991 гадоў:

«Я ўдзячны супрацоўнікам архіўнай службы, якія даюць мне ўсё, што я прашу. Нават сканаваньне крымінальных спраў — бясплатнае», — кажа суразмоўца.

Па яго словах, бальшыню матэрыялаў ніхто не кранаў ад таго часу, калі яны трапілі на вечнае захоўваньне:

«Пасьля таго як у 1920-х ці 1930-х справа была закрыта, наступным чалавекам, які ўзяў яе ў рукі, быў я».

Дасьледчык архіваў СБУ Ўладзіслаў Ахроменка

Дасьледчык архіваў СБУ Ўладзіслаў Ахроменка

Сыстэматызаваныя дадзеныя з уласнымі камэнтарамі Ўладзіслаў Ахроменка выкладвае на сайце Радыё Рацыя ў рубрыцы «На ўліку КДБ».

Чаму праца не абмежавалася гістарычнымі архівамі, куды доступ нашмат прасьцейшы? Сховішчы Службы бясьпекі Ўкраіны нават пры цяперашняй лібэралізацыі па-ранейшаму ставяць дасьледчыкаў у пэўныя рамкі:

«Гэтыя архівы таксама ў нечым гістарычныя, там зафіксаваная практычна ўся гісторыя ХХ стагодзьдзя беларуска-ўкраінскага сумежжа, — тлумачыць Ахроменка. — Да таго ж выдаўся ўдалы зьбег абставінаў: акурат год таму — у траўні 2015-га — Вярхоўная Рада прыняла закон аб даволі вольным доступе ў сховішчы СБУ. Цяжка параўноўваць з сытуацыяй у Беларусі, бо я ў беларускі КДБ не зьвяртаўся і, спадзяюся, мяне туды выклікаць ня будуць. Але магу меркаваць, што трапіць туды немагчыма. Мне пісалі розныя людзі, у якіх ва Ўкраіне былі рэпрэсаваныя сваякі, ці не паспрыяю ім з пошукам. Бо пісалі ў КДБ Беларусі і чулі толькі адгаворкі — „справы няма, справа зьнішчана“. Гэта безумоўная хлусьня, таму што амаль на ўсіх тэчках у правым верхнім куце стаіць код ХВ — „Хранить вечно“. І я ня думаю, што быў нейкі адмысловы загад, каб усё зьнішчаць».

Справа зь беларуска-ўкраінскага сумежжа

Справа зь беларуска-ўкраінскага сумежжа

Паводле спадара Ахроменкі, з улікам спэцыфікі беларуска-ўкраінскага сумежжа толькі на этнічных беларусаў, якія жылі ва Ўкраінскай ССР, у архівах Чарнігаўскага аддзяленьня СБУ захоўваецца больш за 2500 дакумэнтаў. Яшчэ блізу 6500 спраў было заведзена на жыхароў II Рэчы Паспалітай, і з гэтай колькасьці, на думку дасьледчыка, як мінімум палова таксама прыпадае на этнічных беларусаў. Плюс — беларуска-ўкраінскія справы ў межах абʼяднаных працэсаў:

«Яшчэ калі мы з Максімам Клімковічам працавалі над пʼесай „Дзьве душы“, мяне зацікавіў сам махавік рэпрэсіяў — якім чынам ён засмоктвае ў вір такую колькасьць людзей. Дык вось што аказалася. Скажам, ёсьць нейкая справа, а паралельна, у яе рамках, узбуджаюць яшчэ шэсьць. Па кожнай з шасьці — яшчэ два дзясяткі. У выніку адна справа можа разрастацца да вялізных памераў. Так, крымінальная справа 1937 году на будучага генэрал-палкоўніка бранятанкавых войскаў Польшчы Ўладзіслава Корчыца, які родам з-пад Слоніма, складае 12 тамоў. Потым туды ж пайшлі прызнаньні 42 расстраляных, у тым ліку і па ягоных паказаньнях. Катавалі так, што ніхто ня можа сказаць, як бы на яго месцы сябе паводзіў. Такіх „ланцуговых“ спраў вельмі багата».

Удакладняю ў суразмоўцы: адкуль у чарнігаўскім рэгіёне такая колькасьць асуджаных і пакараных беларусаў? Паводле яго, усё лягічна: так званая Севершчына — дагэтуль самая беларуская ва Ўкраіне:

«Беларуска-ўкраінскае сумежжа гістарычнага рэгіёну Севершчыны — сам па сабе асаблівы рэгіён, таму так шмат супольных спраў. Мала хто ведае, што ў 1930–1940-я ў Чарнігаве стала працавалі спэцыялісты зь беларускай чыгункі. То бок прысылалі працаўнікоў зь Беларусі — нават счэпшчыкаў, ужо не кажу пра больш высокую намэнклятуру. Большасьць нашых землякоў потым там і засталіся. Плюс моцныя сваяцкія повязі. Абʼектыўна Севершчына — самы „беларускі“ рэгіён Украіны», — кажа спадар Ахроменка.

«Стукачы»-добраахвотнікі — шчырыя энтузіясты сваёй справы

Дасьледчыка-аматара зьдзівіла, што ў архівах СБУ не знайсьці паказаньняў завербаванай агентуры. Як удалося высьветліць, сьляды супрацоўніцтва са спэцслужбамі былі зьнішчаныя пры канцы 1980-х. Тады баяліся перабудовачнай «адлігі» і пастараліся пазбавіцца «непажаданых» фактаў. Але дагэтуль багата прыкладаў супрацы пазаштатных «стукачоў», якія займаліся гэтым «на покліч сэрца»:

1930 год: яшчэ ня пік рэпрэсіяў, але карнікі ўсё больш актыўныя

1930 год: яшчэ ня пік рэпрэсіяў, але карнікі ўсё больш актыўныя

«У савецкі КДБ даносілі ня толькі тыя, каго завербавалі, злавіўшы на кампрамаце, хабары ці любоўных прыгодах. Былі шчырыя энтузіясты сваёй справы. Як прыклад, працэс 1981 году. Інжынэр аддзелу аховы здароўя Маліноўскі (этнічны беларус, які жыў у Чарнігаве) выказаўся, што ў СССР няма ніякіх выбараў, што ўсё гэта прафанацыя. Таксама ўхвальна казаў пра польскую „Салідарнасьць“ і асудзіў увод савецкіх войскаў у Аўганістан. Дык вось, на яго цягам наступнага тыдня ад згаданых „энтузіястаў“ паступіла 15 даносаў! Гэта без уліку агентуры — не сакрэт, што ў тыя часы на кожным прадпрыемстве быў штатны „стукач“, у абавязкі якога ўваходзіла выяўляць нядобранадзейных. Аказалася, актыўна дапамагалі і добраахвотнікі».

Справа антысаветчыка Мікалая Маліноўскага, нараджэнца Капыльшчыны

Справа антысаветчыка Мікалая Маліноўскага, нараджэнца Капыльшчыны

Першыя месяцы працы Ўладзіслава Ахроменкі ў спэцархівах засьведчылі, што найбольш крымінальных спраў прыпадае на сярэдзіну і канец 1930-х — пік змаганьня з «ворагамі народа». Пасьля заканчэньня вайны манія ўсеагульнай падазронасьці нахлынула з новай сілай:

«Найбольш актыўна працавала судовая машына ў часе рэпрэсіяў 1934–1939 гадоў. Таксама вялікі пласт спраў у эпоху позьняга Сталіна — у 1950-х стукацтва расквітнела проста неверагодна. Што страшна: усе гэтыя людзі хадзілі на першамайскія дэманстрацыі, сьпявалі песьні Дунаеўскага, віншавалі адзін аднаго з „выбарамі“, а потым беглі па сваіх камуналках і пісалі даносы і справаздачы. Чытаць гэта надзвычай гнюсна, бо часьцяком працавалі „на ўзаемных курсах“ — сусед, на якога стукануў сёньня, мог паслаць сустрэчны данос яшчэ ўчора... Тыповы пачатак ліста: „Информирую любимые органы госбезопасности, что мой сосед Иваненко 24 ноября 1939 года без должного уважения смотрел на портрет товарища Сталина...“. Гэта, паўтаруся, у асноўным няштатныя „энтузіясты“, таму што даносаў завербаванай агентуры ўжо няма, матэрыялы зьнішчаныя».

1938-ты: чарговая ахвяра сталінскага рэжыму

1938-ты: чарговая ахвяра сталінскага рэжыму

Наколькі адрозьніваюцца палітычныя справы 1920-х і найбольш «ураджайнага» наступнага дзесяцігодзьдзя, калі чэкісты паставілі на мэце вывесьці на чыстую ваду «ворагаў народу»? «Тыповая крымінальная справа 1927 ці 1929 гадоў — гэта досыць сьціплая тэчачка вагой 300 грамаў, — гаворыць Уладзіслаў Ахроменка. — А вялікія крымінальныя справы 1936–1938 гадоў (асабліва справы вайскоўцаў) ужо налічваюць 15–20 тамоў, і кожная тэчка — 2–2,5 кіляграма. Каб вывучыць такую справу, патрэбна тыдні тры — пры ўмове, што кожны дзень хадзіць, сядзець і разьбіраць. Тым больш, шмат напісана ад рукі — і па-расейску, і па-ўкраінску, і мікраскапічнымі літарамі, усё трэба пільна вывучаць».

Партрэт чэкіста: малаадукаваны лейтэнант з садысцкімі замашкамі

Адна зь першых высноваў, што Ўладзіслаў Ахроменка вынес з архіву спэцслужбаў, — малаадукаванасьць тагачасных чэкістаў. Зь мінімальным багажом ведаў нават опэр-пачатковец на ўласны розум распараджаўся лёсамі сотняў і тысяч суграмадзянаў:

У вайну актыўна вылічвалі «калябарантаў»

У вайну актыўна вылічвалі «калябарантаў»

«Што ўразіла адразу — абсалютная неадукаванасьць сьледчых НКВД. Тое, што людзі проста непісьменна пішуць па-расейску, з процьмай памылак — гэта адно. Другое — хто ён, сярэднестатыстычны „энкавэдыст“ на беларуска-ўкраінскім сумежжы? Адказ знайшоўся хутка. Зазвычай — малодшы лейтэнант дзяржбясьпекі, не абцяжараны адукацыяй. Дарэчы, лейтэнант у НКВД і лейтэнант у войску — розныя рэчы. Да афіцэра ў НКВД прыраўноўваўся нават сяржант — як лейтэнант у войску. У чэкістаў было і такое дзіўнае званьне, як старшы маёр, хоць маёр і так перакладаецца як „старшы“. Дык вось абагульнены партрэт начальніка НКВД якога-небудзь Ічнянскага раёну Чарнігаўскай вобласьці: чалавек з 7 клясамі адукацыі, паходзіць з маргінальнай сямʼі, часьцяком ня ведае, хто бацька, хто маці. Дзетдомавец, выхаваны па мэтодзе Макаранкі. Без адукацыі і прынцыпаў».

Па словах суразмоўцы, людзі ў пагонах, дарваўшыся да ўлады, нярэдка гублялі адчуваньне рэальнасьці і парушалі межы дазволенага нават для «абраных» — прыкладам, замахваліся на жонак уласных начальнікаў:

«Дывэрсант» з Аршаншчыны Андрэй Кляўзаў

«Дывэрсант» з Аршаншчыны Андрэй Кляўзаў

«Фактычны гаспадар раёну, які мог аднаасобна вырашаць, каго забіць, каго згвалціць і г.д. Была крымінальная справа на сьледчага, які на апэратыўнай кватэры, куды павінны былі выклікаць агентуру, згвалціў дзьвюх стаханавак. А потым яшчэ і жонку энкавэдэшнага начальніка, зусім нахабства. Праўда, па сукупнасьці яму далі ўсяго год. Ад самага мінімальнага тэрытарыяльнага ўзроўню — опэра на раёне — гэта былі людзі неверагоднай улады зь мінімальным багажом ведаў. Не кажу, што мусілі разьбірацца ў культуры, мастацтве, але не было разуменьня элемэнтарных побытавых зьяваў. Як я бачу, у 1930-х быў нават не фэадалізм, а кшталту клясычнага нявольніцтва часоў старажытнага Рыму — пракуратар краю з абсалютнай уладай, якая не абмяжоўвалася ні партыйнымі органамі, ні гаспадарчымі, ні калгаснымі, мог рабіць усё што хацеў, пачынаючы ад страшных маральна-побытавых рэчаў. Галоўнае — моцна не пераступаць мяжу».

Спадар Ахроменка кажа, што сярод страшнай будзённасьці «сьмяротнага канвэера» раз-пораз адкрываліся нечаканыя рэчы. Напрыклад, факт беларускамоўнасьці рэгіянальных НКВД:

Справа няскоранай настаўніцы Клаўдзіі Мішуковай

Справа няскоранай настаўніцы Клаўдзіі Мішуковай

«Глядзеў цікавую справу беларускі Клаўдзіі Мішуковай, другі раз асуджанай у 1938 годзе. Ужо седзячы ў турме, яна сказала — „Есьці савецкі хлеб не хачу!“. Першы раз жанчыну судзілі, калі яна выказала абурэньне, што мужа расстралялі толькі за тое, што ён засумняваўся ў мэтазгоднасьці калектывізацыі. Пільныя суседзі адразу ж напісалі данос. У НКВД цырымоніцца ня сталі: „Не падабаецца прысуд савецкага суду? Значыць, пойдзеш за антысавецкую дзейнасьць“. Пры гэтым чалавек вельмі годна трымаўся, што і вынікае са справы. Што яшчэ цікава: частка дакумэнтаў была на ўкраінскай мове, а таксама прыкладзена некалькі аркушаў, дасланых зь яе радзімы — з-пад Полацку. Дык вось тамтэйшае НКВД дае справаздачу цалкам беларускай мовай. То бок, калі параўнаць чэкістаў сталінскіх і нашых цяперашніх, моўная сытуацыя тады была лепшая».

Позьні савецкі КДБ — структура не нападу, а абароны

Якую спадчыну атрымалі нашчадкі энкавэдыстаў пасьля разгулу рэпрэсіяў 1930–1950-х гадоў? Чым займаліся абноўленыя кадэбісты ў кароткую хрушчоўскую «адлігу» 1960-х ды ў працяглы брэжнеўскі застой 1970-х?

Пратакол допыту Мішуковай

Пратакол допыту Мішуковай

«Пайшоў пераважна ўкраінскі вызвольны рух, справы дысыдэнтаў. У Чарнігаве іх было няшмат, але спэцслужбам хапала аднаго Ляўка Лукʼяненкі. Ведаю, што ён меў сталыя кантакты зь беларускімі дысыдэнтамі. Да таго ж я знаёмы зь ягоным сябрам — сьвятаром, які жыве ў адной зь вёсак на Севершчыне. Дык вось Лукʼяненка вельмі прыязна выказваўся пра беларусаў, бо менавіта беларускія дысыдэнты яму калісьці моцна дапамаглі (праўда, гэта ўжо былі 1980-я). Калі браць архівы толькі па Чарнігаўскай вобласьці, то колькі яшчэ прыхавана сакрэтаў, колькі ёсьць беларускіх сьлядоў —— ня ведаю. Трэба сядзець гадоў 6–7, і то ўсяго ня вывучыш. Больш за ўсё беларускіх спраў у Кіеве, але ёсьць, напрыклад, ровенскія дасье, у якіх шмат паваеннай антысавецкай партызанкі, пра якую кажуць, што ў нас яе ніколі не было. Да гэтага яшчэ трэба будзе дабрацца».

Як кажа суразмоўца, кіпучая дзейнасьць на нябачным фронце не спынялася нават тады, калі чагосьці накапаць, здавалася, ужо было немагчыма. Таму вялікай удачай для кожнага аддзяленьня КДБ была наяўнасьць хоць аднаго дысыдэнта, за кошт якога можна было збудаваць карʼеру і выйсьці на пэнсію маёрам ці нават палкоўнікам:

Справа «антысаветчыка і польскага шпіёна» Ўладзімера Серады

Справа «антысаветчыка і польскага шпіёна» Ўладзімера Серады

«Што такое абласны КДБ 1980-х? Ужо ня сталінскія часы, нахабна фабрыкаваць справы ня будзеш — „без павагі глядзеў на партрэт таварыша Брэжнева“. Але ж сядзяць людзі, трэба нечым займацца. Добра, калі турыстычны цэнтар, куды часам едуць замежнікі, можна гнаць справаздачы. Альбо ваеннае прадпрыемства, каб прыляпіць шпіёнства. Чарнігаў — звычайны правінцыйны горад. А трэба давесьці, што яны патрэбныя, што грошы недарма маюць, што іх трэба ўтрымліваць. То бок апраўдаць высокія заробкі, пайкі, санаторыі. Таму займаліся з агентурай, апрацоўвалі моладзь, студэнтаў. Позьні савецкі КДБ — структура збольшага абарончая. І калі трапляліся такія выдатныя людзі, як Лукʼяненка, на якім можна будаваць карʼеру, датэрмінова атрымаць новыя зоркі на пагоны, — гэта было шчасьце для ўсяго абласнога апарату КДБ. Як бы і карціць пасадзіць, але не, давайце пасочым, можа каго завярбуем — суседзяў, сяброў. І яшчэ 5 тамоў складзем. Абсалютна ўпэўнены, што блізкая гэтаму лёгіка і ў беларускіх спэцслужбаў. Ня думаю, што мэханізм зьмяніўся».

Лягічнае пытаньне: чаму ўкраінскія сілавікі актыўна адчыняюць завесу таямніцаў савецкага пэрыяду, а беларускія доступ у свае сховішчы ўпарта забараняюць? Уладзіслаў Ахроменка перакананы: адрозна ад Украіны, Беларусь жыве па ўсё тых жа савецкіх лякалах:

5 гадоў ні за што — амаль «амністыя», маглі і расстраляць

5 гадоў ні за што — амаль «амністыя», маглі і расстраляць

«Адна з ідэалягемаў сучаснай Беларусі — як у нас добра жылося пры СССР. Калі высокая службовая асоба, міністар унутраных спраў Шуневіч 9 траўня прыходзіць на парад у энкавэдэшнай форме, з мэдалямі, якіх яму не давалі, бо няма ўказу прэзыдыюму Вярхоўнага Савету аб узнагароджаньні чалавека ў форме НКВД на такое прозьвішча, то пра што казаць? А потым высьвятляецца, што чалавек яшчэ і ганарыцца сваімі „настаўнікамі“. Ну як можна ганарыцца тым, што вырабляла гэтая страшная банда садыстаў і бандытаў? На відавочнасьці толькі гэтага факту руйнуецца ўся тая ідэалягема. Ды ўсё руйнуецца, што тычыцца савецкага мінулага, бо яно зусім не было такім клясным, такім моцным, як задзёўбваюць нашых дзяцей ці не з садку, маўляў, наша радзіма — Савецкі Саюз. Тое, што было, няшмат адрозьнівалася ад нацысцкай Нямеччыны: тыя ж канцлягеры, тыя ж катаваньні, тая ж сыстэма даносаў. Выглядае, што ідэалёгію трэба будаваць на нечым іншым. А на чым?».

Выпіска ў чарнігаўскі суд ад беларускіх чэкістаў

Выпіска ў чарнігаўскі суд ад беларускіх чэкістаў

Спадар Ахроменка запэўнівае, што ва Ўкраіне дзейны сілавы міністар у форме афіцэра НКВД ня зьявіцца на публіцы нават «па прыколу» — адразу ж паўстане пытаньне адносна ягонай псыхічнай адэкватнасьці:

«Хіба што на фэстывалі, прысьвечаным вупырам ці графу Дракулу, вось калі туды прыйсьці, — удакладняе суразмоўца, але тут жа папраўляецца: — І то ня думаю, ці будзе ўспрынята, што чалавек нармальны. Ва Ўкраіне гэта нерэальна, як і шмат іншых рэчаў, якія я бачу тут. Там яны ўжо ніколі ня будуць магчымыя. Тым ня меней не лічу, што цяперашняя сытуацыя нас разьядноўвае. Наадварот: і ўкраінцы, і беларусы бачаць, што было ў нашай агульнай гісторыі, наколькі страшны быў апарат, якая жахлівая працавала машына зьнішчэньня. Прынамсі, прымушае задумацца, як такога пазьбегнуць у будучым. Таму што бачым, як гэта працавала і да чаго давяло».

Статыстыка катаваньня: адзін зь дзесяці не ламаўся

Узор "пільнасьці" савецкіх грамадзян: "Считаю своим долгом сообщить..."

Узор "пільнасьці" савецкіх грамадзян: "Считаю своим долгом сообщить..."

Уладзіслаў Ахроменка перагледзеў шмат спраў, грунтоўна вывучыў каля дзясятка. Гэта і рэпрэсіі ў дачыненьні да звычайных людзей, і справы супраць саміх энкавэдэшнікаў. Варта нагадаць, што некалькі генэрацыяў чэкістаў па ўсёй вэртыкалі былі закатаваныя сваімі ж наступнікамі. У апошнім выпадку лёгіка простая: ня будзеш шчыраваць — у расход пойдзеш сам:

«Людзі на ўзроўні сьпіннога мозгу разумелі: каб мяне не расстралялі, трэба больш расстрэльваць самому, — кажа Ўладзіслаў Ахроменка. — Паколькі спускаліся пляны па расстрэлах, адпаведна, былі справы энкавэдэшнікаў, якія прызнаваліся малапэрспэктыўнымі, неініцыятыўнымі, што і напісана ў іх асабістых справах. Перадусім таму, што мала арыштоўвалі і мала расстрэльвалі. Скажам, Прылуцкі НКВД выявіў 57 ворагаў народу, а суседні Рыбкінскі — 180. Ну і дзе кантора працуе лепш? Таварыш лейтэнант, можа сабатаж, а можа каго пакрываеш? Ці сам вораг народу? Трапіўшы ў сыстэму, выйсьці адтуль было ўжо цяжка».

Выпіска ў чарнігаўскі суд ад беларускіх чэкістаў

Выпіска ў чарнігаўскі суд ад беларускіх чэкістаў

Ці разьлічвае спадар Ахроменка адкапаць у нетрах СБУ нешта сэнсацыйнае, нейкія адкрыцьці? Якія высновы можна зрабіць на падставе ўжо праштудзіраваных зьвестак?

«Па-газэтнаму сэнсацыйнае — наўрад ці. Але магу казаць пра пэўнае адкрыцьцё. У сярэднім з 10 чалавек, якіх катавалі, якіх зьбівалі, зь якіх зьдзекаваліся, як мінімум адзін не ламаўся, не здаваўся. Прычым часта не ламаліся самыя нечаканыя людзі. Камандзір корпусу, у якога два ордэны Чырвонага сьцяга за грамадзянскую вайну, паплечнік Чапаева ці яшчэ нечы, проста „цёк“ на першым жа допыце, здаваў усіх, каго яму казалі. А настаўніца зь беларускай вёскі з-пад Полацку, якой 23 гады, мала таго, што пасылала ўсіх падчас сьледзтва (а дастаткова паглядзець на здымку, як жорстка чалавека перад гэтым катавалі), дык на судзе публічна гаварыла, што яе папросту зьніштажаюць, а ўвесь НКВД — гэта звычайная банда катаў. І калі камкар атрымліваў 25 гадоў, ёй давалі 5. Для 1939 году гэта быў сапраўдны хэпэнінг, тое, чаго камуністы і нашы „слаўныя“ карныя органы неверагодна баяліся. Таму потым большасьць працэсаў былі закрытымі».

Уладзіслаў Ахроменка

Уладзіслаў Ахроменка

Уладзіслаў Ахроменка нарадзіўся ў 1965 годзе ў Гомелі. Вучыўся ў спэцыяльнай музычнай школе пры Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі па клясе фартэпіяна, у Гомельскай музычнай вучэльні імя Сакалоўскага, Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі. Ляўрэат нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў. Працаваў выкладчыкам музычнай школы ў Лоеве, карэспандэнтам часопіса «Крыніца», рэдактарам аддзелу часопіса «Бярозка», рэдактарам аддзелу газэты «Культура», рэдактарам газэты беларусаў у Польшчы «Ніва». Ад 1993-га працуе па дамовах з кнігавыдавецтвамі і кінакампаніямі. У суаўтарстве з Максімам Клімковічам выдаў кнігі прозы і пʼесы «Здані і пачвары Беларусі», «Янкі, альбо Астатні наезд на Літве», «Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша», «Русалка Камсамольскага возера», аўтар кніг «Тэорыя змовы», «Музы і сьвіньні». Разам з Максімам Клімковічам напісаў сцэнар тэатральнай пастаноўкі «Дзьве душы» (рэжысэр — Мікалай Пінігін).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG