Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі: Ханжанкоў натхніў братоў Стругацкіх на аповесьць «Обитаемый остров»


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі назваў Сяргея Ханжанкова ўзорам упартасьці ў адстойваньні сваіх поглядаў:

«Сяргей Ханжанкоў быў адным з антысавецкіх дысыдэнтаў, якія яшчэ ў 1960-я гады спрабавалі данесьці, што інфармацыя, якая распаўсюджвалася ў нашай краіне, была непраўдзівай. Тое, што яны тады рабілі — гэта проста фантастыка, бо яны зьбіралася ўзарваць вежу, дзе стаялі глушылкі, якія глушылі розныя замежныя галасы, яны рыхтавалі антысавецкія ўлёткі і распаўсюджвалі.

Дарэчы, гэты сюжэт празь некалькі гадоў браты Барыс і Аркадзь Стругацкія, верагодна, выкарысталі ў сваёй аповесьці „Обитаемый остров“. Там краіна была апанаваная хлусьлівай інфармацыяй, якую распаўсюджвалі вежы, і рэвалюцыянэры, бунтаўшчыкі зьбіраліся ўзарваць гэтыя вежы, каб краіна магла атрымаць праўдзівую інфармацыю. Падобнае зьбіраўся ажыцьцявіць і Сяргей Ханжанкоў, за што атрымаў 10 гадоў зьняволеньня і адседзеў ад званка да званка.

Поглядаў сваіх ён не памяняў і пасьля адседкі ў мардоўскіх лягерах: ён застаўся такім жа ўпартым антысаветчыкам, чалавекам, які хацеў бачыць Беларусь дэмакратычнай краінай. Пасьля развалу Савецкага Саюзу спадар Сяргей таксама займаў дэмакратычную пазыцыю, ацэньваў нэгатыўна лукашэнкаўскі рэпрэсіўны рэжым. Для моладзі ён быў пэўным узорам упартасьці ў адстойваньні сваіх поглядаў. Для нас гэта была фігура знакавая. Вельмі шкада, што яго больш няма з намі...»

Сяргей Ханжанкоў

Сяргей Ханжанкоў

Сяргей Ханжанкоў у 2011 годзе прысутнічаў на ўсіх судовых пасяджэньнях крымінальнага працэсу супраць Алеся Бяляцкага.

«Вядома, гэта нагадвае мне мой працэс, нагадвае перш за ўсё поўнай адсутнасьцю судовай сыстэмы, таму што ніякай спаборнасьці бакоў няма і блізка. Як тады, так і цяпер. Тады гэта шчырэй было. А цяпер яны робяць выгляд, што яны нешта выслухоўваюць, але рашэньне будзе выносіцца не на гэтым судзе.

І ўсё ж у савецкі час палітычныя працэсы былі больш суровымі, імі кіравалі судзьдзі і пракуроры-сталіністы, перакананыя, што за імі праўда. У судзе не дапускаліся нават усьмешкі, ня тое што выгукі падтрымкі на адрас палітвязьняў. Сучасных беларускіх дысыдэнтаў судзяць цынікі. І ў гэтым, дарэчы, наша надзея. Бо тады была непрабіўная сьцяна. А цяпер гэта рухне, як картачны домік. Варта толькі адну карту гэтую выцягнуць — і ўсё», — камэнтаваў Сяргей Ханжанкоў палітычныя працэсы ў Беларусі пасьля выбараў 2010 года.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG