Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не шукайце у камунізьме «станоўчых момантаў»


Зьміцер Гурневіч

Зьміцер Гурневіч

Ня раз сустракаў літоўцаў, якія наракаюць ня нястачу і праблемы незалежнай Літвы. Але ані разу не пачуў ад літоўца «Эх, вернуться бы сейчас в СССР». Дапускаю, што такія вар’яты існуюць, але іх непрыкметнасьць — гэта добры дыягназ грамадзтву. І справа тут ня ў зьмене пакаленьняў. У нас таксама пакаленьні зьмяняюцца. Тым ня менш, гэта малады лапаць зь Беларусі 4 гады таму спрабаваў уехаць у Літву на Поршэ зь сярпом і молатам на капоце, а не літовец у Беларусь.

Сутнасьць гэтай розьніцы заключаецца ў адназначных ацэнках гістарычных падзей, як гэта робяць у Літве. У нас жа нават незалежныя ад улады інтэлектуалы спрабуюць часам шукаць сотні адценьняў у савецкай гісторыі і дзяліць яе на нюансы.

У суботу я пабываў у Музэі генацыду ў Вільні. Вялікае ўражаньне там на мяне зрабілі два дакумэнты з архіву КГБ Літоўскай ССР.

У першым чэкіст тлумачыць кіраўніцтву, што пасьля 1947 года КГБісты расстрэльвалі антысаветчыкаў у межах горада, паколькі выяжджаць за Вільню было вельмі небясьпечна з-за «напряжённой обстановки». Цяпер, маўляў, у межах горада існуе вялікая магіла расстраляных і што добра было б яе ліквідаваць шляхам эвакуацыі целаў. Але ў чэкістаў праблема. Напрыканцы 1940-ых гадоў у Літве былі моцныя маразы і раскапаць масавае пахаваньне было немагчыма. Супрацоўнік КГБ піша: «Прошу Вас разъяснить возможность аннулирования этого места при помощи химических средства, что бы не привлеч внимание посторонних».

Другі дакумэнт. У чэкістаў яшчэ адна бяда. У адным са двароў горада пахаваныя целы ня менш як 1000 забітых. Пасьля таго, як яна была была запоўнена, побач з магілай, у гэтым самым двары адкрылі ДОСААФ. Чэкіст скардзіцца, што з-за гэтага месца пахаваньня аказалася без адпаведнага прыкрыцьця. Ён прапануе начальству пабудаваць на магіле дачу і пасяліць у яе аднаго з супрацоўнікаў КГБ.

Гэта чысты аналяг канцлягеру ў Трэблінцы. Немцы спачатку забівалі вязьняў і хавалі ў масавых магілах. Калі Гімлер спахапіўся, што пахаваньне могуць знайсьці, ён загадаў выкапаць усе целы і спаліць іх. Так і было зроблена. Трупы былі спаленыя, а іх прах пахавалі на месцы ліквідаванага лягеру. Пляцоўку зааралі і пасадзілі там лубін.

Імпэратар Вільгельм ІІ паспрыяў у стварэньні літоўскай дзяржавы cто гадоў таму. Сталін перадаў літоўцам Вільню ў 1939 годзе. Але літоўцы і не зьбіраюцца дзякаваць немцам і камуністам за гэтыя падарункі. Музэй генацыду прысьвечаны і нямецкім, і савецкім злачынствам у Літве. Абедзьве сыстэмы прызнаныя там аднолькава злачыннымі. У нас жа кожны год, бліжэй да даты 17 верасьня, чуваць галасы, каб зрабіць гэту дату сьвятам, бо без камуністаў, маўляў, не было б Беларусі. Камуністы былі кепскія, але дзякуючы ім у нас ёсьць прамысловасць. Камуністы былі страшныя, але яны збудавалі дарогі, школы, унівэрсытэты, выдавалі газэты, разьвівалі навуку. За кожным разам але. Страшна падумаць як без камуністаў, іх школ і прамысловасьці, пакутавалі і нейкім цудам выжылі фіны.

Хныканьне па СССР, соплі кшталту «у савецкія часы я ў ўпершыню закахаўся (-лася) і рамантызацыя тых часоў у поп-культуры — гэта ня проста вынік кароткай памяці. Гэта як раз вынік шуканьня адценняў, нюансаў, чагосьці харошага ў краіне, якую пабудавалі вязьні гулагаў і наглядчыкі з наганамі. І калі гісторыя размываецца, а міф пра БССР загортваюць у ружовую абгортку, то ня дзіўна, што школьныя сябры на «Одноклассниках» ставяць падабайкі пад допісам «Хочу жить в СССР, где молодые уважали старших, где люди были добрее, где давали бесплатные квартиры, где была чудесная медицина и зарплаты не ровня нынешним». З такой кашай у галаве наступны лайк можа быць пад допісам пра адважнага чэкіста, які выратаваў амаль сотню беларускіх пісьменьнікаў, якіх нацысты хацелі расстраляць у Курапатах у кастрычніку 1937 года і кветкі са зьнічамі ля дзвярэй клюбу Дзяржынскага ў гонар героя.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG