Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Самалёты з валютай да Горадні яшчэ не даляцелі...»


Нягледзячы на ўсталяваны новы курс куплі даляра амаль у 14 тысяч рублёў, валюты ў свабодным продажы няма. Няма і ажыятажу вакол абменьнікаў, ніхто не сьпяшаецца здаваць валюту нават па новым курсе.

З самай раніцы ў Горадні ня ўсе банкі ўсталявалі новы курс для куплі даляра. «Беларусбанк», «Белінвестбанк» працягвалі купляць і прадаваць даляры па ўчорашнім курсе — куплялі па 11100 рублёў. Пры гэтым у абменьніках адказвалі, што валюту прададуць толькі пасьля таго, як нехта яе здасьць.

У «Прыёрбанку» і «Ідэябанку» з самай раніцы даляр скуплялі па 13750, але продаж ажыцьцяўляўся толькі ў выпадку, калі нехта здаваў валюту. Вялікай цікаўнасьці да абменьнікаў не назіралася. Праўда, людзі час ад часу падыходзілі і цікавіліся курсамі. Дзе-нідзе стаялі тыя, хто чакаў, пакуль здадуць валюту, каб потым яе набыць.

У адным з абменьнікаў я пацікавіўся: калі зьявіцца валюта ў свабодным продажы? На маё пытаньне адразу адрэагаваў спадар, які з калькулятарам вылічваў суму, якую яму трэба заплаціць, дадаўшы да напісанага курсу 30%:

«Самалёты з далярамі яшчэ не даляцелі...»

Наагул, адчуваецца, што людзей напярэдадні сьвятаў тэма фінансавай нестабільнасьці ў дзяржаве хвалюе, паколькі выказваньні ў бок уладаў гучаць вельмі крытычныя. Той самы спадар дае ацэнку сёньняшняй сытуацыі з валютай:

«Ну што, дурата ўсё гэта. Атрымліваецца, што дэвальвацыя ў нас адбылася, а яны ніяк ня хочуць гэтага прызнаваць. І цяпер проста, як зьмеі, выкручваюцца, каб гэта схаваць, — выдумляюць новыя падаткі і г. д.»

Спрабую апэляваць, што ўлады намагаюцца ўсё ж выправіць сытуацыю, робяць дзеля гэтага захады, але гэтыя словы спадаром ужо ніяк не ўспрымаюцца:

«Ну дык яны выкручваюцца, як зьмеі, абы не казаць гэта слова — дэвальвацыя. Можна ўсё што заўгодна з эканомікай рабіць, і наагул, а вось дэвальвацыі ў нас няма, і ўсё...»

Ну дык яны выкручваюцца, як зьмеі, абы не казаць гэта слова — дэвальвацыя

Яшчэ адзін спадар побач з абменьнікам тлумачыць, што ўвядзеньне дадатковага падатку пры куплі валюты нагадвае звычайны падман:

«Я лічу, што гэта поўная бздура, калі яны прадаюць валюту з 30% падаткам ці як гэта яшчэ назваць. Ну а калі я хачу потым здаць валюту, паехаць у Польшчу купіць лекі, то вярніце мне таксама з гэтай нацэнкай, бо інакш — гэта спэкуляцыя з боку дзяржавы. Справа ў тым, што ўсё павінна каштаваць столькі, колькі каштуе, а ня нейкія там камбінацыі праводзіць».

Яшчэ адзін спадар спрабуе патлумачыць, чаму ў абменьніках няма ў свабодным продажы валюты:

«Рэальны курс нашага рубля, калі ўзяць да ўвагі 60 расейскіх за даляр, а ў нас увесь час расейскі рубель каштаваў 290, то атрымліваецца — сёньня даляр рэальна ў нас павінен каштаваць 20 тысяч. Таму цяпер ніякіх даляраў у свабодным продажы няма па 14500. Рэальны кошт даляра — 20 тысяч, і яны гэта вельмі добра ведаюць».

У крамах з бытавой тэхнікай таксама сёньня зацішша. У краме «5 элемэнт» прадавец Мікалай мне патлумачыў, што заўтра чакаюць новага завозу тавару, але пакуль невядома, ці гэта будзе тавар імпартны, ці беларускі. Пакупнікі заходзяць, прыглядаюцца, але ажыятажу няма.

Паліва на запраўках прадаецца па ранейшых коштах, а ў далярах — паводле курсу нацыянальнага банка, што складаў сёньня 10950 рублёў за даляр.

XS
SM
MD
LG