Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што гэта, калі не дэвальвацыя?


Belarus - In anticipation of the devaluation of the Belarusian ruble Minsk residents stand in line for currency in banks and actively buying household appliances in stores, 20Dec2014
Belarus - In anticipation of the devaluation of the Belarusian ruble Minsk residents stand in line for currency in banks and actively buying household appliances in stores, 20Dec2014

Фінансавыя ўлады працягваюць пошук выйсьця з сытуацыі, якая пачала паўтараць каляпс узору 2011 году. Штодня робяцца крокі, якія ставяць у тупік і насельніцтва, і адмыслоўцаў. Спачатку пакупнікоў валюты абклалі 30-працэнтным зборам, пакінуўшы афіцыйны курс для тых, хто яе здае. Але на чарговым паседжаньні Нацбанку прынятае рашэньне скараціць да мінімуму прасьвет паміж пазыцыямі куплі і продажу. Цяпер карціна для недасьведчаных выглядае зусім нечакана: купля — ад 13500 рублёў за даляр, продаж — ад 11150 рублёў, праўда, без уліку падатку. Пры гэтым адмаўляецца відавочная рэч — фактычная дэвальвацыя.

Напярэдадні прадстаўнікі дзяржаўных і камэрцыйных банкаў былі выкліканыя на нараду ў Нацбанк, дзе ім параілі зьмяніць палітыку курсаўтварэньня ў абменных пунктах. Было даведзена, што ад 23 сьнежня курс куплі валюты ў насельніцтва павінен быць меншы за рэальны курс продажу ня болей за 5%. І хоць некаторыя банкаўскія ўстановы пакінулі час на «пераварваньне» новай устаноўкі, бальшыня ад самай раніцы выставіла новыя курсы. Пры гэтым у лідэры выбіўся «Альфа Банк», які раніцай гатовы быў прымаць даляры па 13900 рублёў. Такім чынам, даляр падаражэў у сярэднім на 25%.

Экспэрты перакананыя, што такім чынам улады разьлічваюць вырваць патэнцыйных кліентаў з арбіты валютчыкаў, якія цягам апошніх дзён павысілі плянку да 15 тысяч за даляр. Але ці не запозьненая такая тактыка? Ці панясуць беларусы свае даляры і эўра ў банкі, ведаючы, што на чорным рынку іх кошт істотна вышэйшы? І ці можна прызнаць, што ў Беларусі грымнула як мінімум 25-працэнтная дэвальвацыя? Меркаваньне выказвае эканамічны аглядальнік Аляксандар Заяц:

Аляксандар Заяц
Аляксандар Заяц

«Калі паглядзець на сёньняшнія курсы, усталяваныя ў абменных пунктах, то ў прынцыпе ўсё становіцца зразумела: дэвальвацыя ў 25-30% адбылася — гэта як канстатацыя факту. Прынамсі для адмыслоўцаў тут ніякіх сакрэтаў ужо няма. І ўтойваць нешта ад насельніцтва асабіста я ня бачу ніякага сэнсу, бо сытуацыя зь недасказанасьцю, якая склалася, стварае відавочныя нязручнасьці для ўсіх».

Карэспандэнт: «Чаму ўлады так баяцца казаць пра дэвальвацыю? Ці не таму, што адужаны заробак у 500 даляраў зноў ператвараецца ў 300?»

«Чаго асьцерагаюцца? Мне здаецца, у такіх выпадках заўсёды баяцца панікі. Іншымі словамі, баяцца прызнаць нестабільнасьць, якая існуе. Гэта хутчэй за ўсё. Што тычыцца заробку, то, зразумела, ужо прызвычаіліся рапартаваць пра 500, 700, нават 1000 даляраў. А карэктаваць посьпехі перад прэзыдэнцкай кампаніяй ды яшчэ калі Новы год на носе — не зусім зручна.

Разам з тым, як некалі казалі, парад дэвальвацыяў крочыць па СНД, а менавіта краіны садружнасьці — асноўны гандлёвы партнэр Беларусі, больш за 50% таваразвароту. А беларускі рубель аб’ектыўна не такі моцны, каб заставацца самастойным, таму бальшыня экспэртаў прызнавалі: трэба таксама аслабляць валюту сьледам за асноўнымі краінамі—гандлёвымі партнэрамі. Расея, Украіна, Казахстан дэвальвавалі свае грошы дастаткова сур’ёзна — па 20-30% і нават больш. Плюс да ўсяго, мы моцна прывязаныя да Расеі, і тамтэйшыя падзеі на нас таксама адбіваюцца. Таму гэта аб’ектыўны працэс».

Аднак нават такое істотнае павелічэньне прывабнасьці паходу ў абменныя пункты не спрычынілася да ажыятажу ў банкаўскіх установах. Людзі здаюць валюту толькі ў скрайніх выпадках, асьцерагаючыся новага вітку абясцэньваньня беларускага рубля. Пры гэтым банкі працягваюць трымацца абранай тактыкі: нават з 30-працэнтнай «нацэнкай» прадаюць толькі тую валюту, якую здалі кліенты. Валютныя рэзэрвы Нацбанк па-ранейшаму не агаляе.

Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка

Кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка кажа, што надзіманьне пустых грошай, якія ў эквіваленце падаюцца як ледзь не «эўрапейскія заробкі», насамрэч — прафанацыя. Паводле яго слоў, рэальныя прыбыткі беларусаў цяпер ніжэйшыя, чым нават у апошні год існаваньня Савецкага Саюзу. І тое, які будзе курс рубля сёньня ці заўтра, асаблівай ролі не іграе — пры любым раскладзе жыхар Беларусі можа сабе дазволіць нашмат менш, чым суседзі:

«Канечне, не зусім прыемна асэнсоўваць, што заробак зноў ператвараецца ў пшык. Мне ня хочацца ўказваць на прозьвішчы тых, хто спрыяў такому разьвіцьцю падзеяў у 1994-м ці крыху пазьней, але рэальныя прыбыткі насельніцтва адносна 1990 году ўпалі ў сярэднім напалову — гэта што да пакупніцкай здольнасьці сёньняшніх нацыянальных грошай. Сьвініны ў параўнаньні з апошнім поўным годам існаваньня СССР мы можам купіць толькі 46%, ялавічыны — 48%. Праўда, гарэлкі можам набыць больш утрая, як тавару. Што атрымліваецца? Ніхто ня думае пра насельніцтва зь ліку сацработнікаў у рэгіёнах ці ў цэнтры. П’еш? Купляй ды пі, мы табе нават дамо магчымасьць купіць утрая больш на беларускія рублі. Але мяса — удвая меней, хлеба, малака, запалак — таксама меней у два разы. У нас па тэлевізары не стамляюцца паўтараць: вырасьлі заробкі, прыбыткі насельніцтва. Не! Рэальныя прыбыткі ня вырасьлі (то бок, я маю на ўвазе здольнасьць грашовай адзінкі набыць колькасьць тавару ў адносінах да нейкага мінулага пэрыяду). У нас усё падае, у нас рэальныя прыбыткі падаюць. Можна назваць лічбу ў 500 даляраў на месяц ці нават на дзень, але галоўнае — што мы можам набыць сёньня за гэтыя грошы, якую колькасьць тавараў і паслугаў? Дык вось мы купляем усё менш і менш», — кажа Віктар Цярэшчанка.

Тым часам апошнія захады Нацбанку ўсё ж крыху супакоілі жарсьці на валютным рынку. Паведамляецца, што па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы курс даляра вырас на 20 рублёў, дасягнуўшы 10950 за даляр. Пры гэтым попыт на даляры і эўра значна скараціўся. Напрыклад, на папярэдніх таргах заявак на набыцьцё валюты было ў 12 разоў больш за рэальныя прапановы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG