Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: бытавую тэхніку скупілі, даляраў няма


Паліцы ў гарадзенскай краме «Электрасіла»

Паліцы ў гарадзенскай краме «Электрасіла»

У гарадзенскіх крамах бытавой тэхнікі — паўпустыя паліцы, чакаюць новага тавару. Пакупнікоў у параўнаньні з апошнімі трыма днямі няшмат. У банках і ашчадных касах шматлюдна: грамадзяне актывізаваліся і адкрываюць дэпазыты ў беларускіх рублях пад 50% гадавых.

У гарадзенскіх крамах бытавой тэхнікі «Гарызонт», «Электрасіла», «5 элемэнт» прадаўцы кажуць, што сёньня папросту адпачываюць пасьля трох няпростых працоўных дзён. Прадавачка ў «Электарасіле» кажа, што ў пятніцу вярнулася з працы а 12-й уначы, бо краму зачынілі толькі а 23 гадзіне.

Сёньня паступае новы тавар, але ўжо толькі беларускай вытворчасьці. Пакупнікоў ня вельмі шмат, але тым ня менш цікаўныя грамадзяне ўважліва вывучаюць кошты. Пытаюся ў спадарыні, якая выбірае тэлевізар, ці знайшла яна патрэбную мадэль.

Спадарыня: «Ой, у гэтыя выходныя мы не паехалі сюды, бо быў папросту велізарны наплыў людзей. Вось прыйшлі сёньня, як усе на працы. Тэлевізар знайшла, які хацела, — 22-24 цалі. Нават сказалі, што пераацэнкі не было: каштуе, як і каштаваў, 2 мільёны 400 тысяч».

Прадавачка Ларыса кажа, што кошты пакуль ніхто не мяняе (ёсьць такі загад), але тавар ужо прыходзіць толькі айчынны:

«Найбольш папулярнымі пакупкамі ў гэтыя дні былі тавары імпартнай вытворчасьці. Сёньня ўжо была дастаўка беларускіх тавараў: тэлевізары, пральныя машыны, імпартныя тэлефоны — але кошты на іх не зьмяніліся».

У «5 элемэнце» пакупнік незадаволена кажа, што хоць тавар, здаецца, і ёсьць на паліцах, але цяпер зусім не такі выбар, які быў яшчэ на мінулым тыдні:

«Адбыўся нейкі дурдом. Глядзіце: тэлефоны раскупілі, бо пустыя паліцы, фотакамэры таксама паразьбіралі. Ну вось стаяць мікрахвалёўкі, лядоўні, а тэлевізары ўсе велізарныя, па 10 і болей мільёнаў — то іх, зразумела, не бяруць, а меншых, такіх хадавых, ужо няма».

У абменьніках валюты ў свабодным продажы няма, толькі калі нехта здае. Тым ня менш, чэргі ў банках вялікія. Цікаўлюся ў спадароў, ці можна набыць валюту, але аказваецца, што ў чарзе ўсе стаяць, каб пакласьці беларускія грошы на новыя дэпазыты.

Адна спадарыня мне тлумачыць, што шмат прастаяла ў чэргах, але купіць валюту так і ня здолела, таму вырашыла пакласьці грошы ў банк — маўляў, суседка падказала, што можна пакласьці на 35 дзён пад 50%. Побач спадар кажа, што гэта нікога не ўратуе, але хоць нейкае выйсьце трэба шукаць:

Людзей ізноў пачынаюць падманваць. Так, як гэта было, калі даляр з трох зь нечым тысяч вырас да дзевяці

«Людзей ізноў пачынаюць падманваць. Так, як гэта было, калі даляр з трох зь нечым тысяч вырас да дзевяці. Тады ніхто ня мог зьняць грошы. Я тады моцна прагарэў. І вось цяпер, гляджу, народ ізноў пачынаюць „абуваць“».

Яшчэ адзін спадар па-філязофску дадае, што людзям у гэтай сытуацыі дзяржава не пакідае выбару, і таму даводзіцца ісьці ў гэтыя банкі і класьці грошы, але чым гэта скончыцца, невядома:

«Добра, што хоць яшчэ абвалу няма, і краіна худа-бедна захоўваецца. Ну а пра людзей думаць — дык нехта ж павінен быць крайнім. Напэўна, людзі і будуць крайнімі. Канешне, гэта яшчэ залежыць ад таго, на колькі адсоткаў дэвальвуе рубель. Калі на 30%, то яшчэ будзем у выйгрышы, а калі на сто, то ясна, што нехта павінен прайграць».

XS
SM
MD
LG