Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да нас не дабеглі яшчэ», — прадавачка крамы тэхнікі ў Івацэвічах


Абменьнік зачынены з тэхнічных прычынаў

Абменьнік зачынены з тэхнічных прычынаў

Не зьявілася валюта і ў банках невялікіх гарадоў Беларусі. Гэтак, у Івацэвічах на Берасьцейшчыне даляраў не купіць, некаторыя абменьнікі зачыненыя.

У банках 20-тысячнага гораду Івацэвічы валюта зьнікла ў мінулую пятніцу. Цяпер жыхары могуць набыць даляры толькі, калі іх нехта здае, ды з гэтак званай 30-працэнтнай камісіяй.

Абменьнік каля прывакзальнай плошчы зачынены, цыдулка на дзьвярах тлумачыць, што «з тэхнічных прычынаў». Побач мужчыны каля банкамату кажуць: як яму працаваць, калі валюты няма. Пярэчу ім, кажу, што старшыня Нацбанку абяцала, што валюта ў абменьніках зьявіцца ў пачатку тыдня. Спадары сьмяюцца:

«Ну мы ж заходняя Беларусь, можа, у заходняй ня будзе... Ну пакуль дакрычыцца да гэтых Івацэвічаў — тэлевізар нашы не глядзяць „гэтыя“, то пакуль дойдзе...»

У мясцовым аддзяленьні «Белаграпрамбанку» вялікая чарга. Людзі пераважна сплачваюць камунальныя плацяжы. На пытаньне, ці варта стаяць за далярамі, супрацоўніца банку кажа, што не:

«Даляры не прывозілі, даляраў няма... Не далі...»

Такая ж сытуацыя і ў іншых банках: набыць даляры магчыма толькі калі іх нехта здасьць.

У маленькім гарадку валютчыкаў людзі ведаюць у твар яшчэ зь мінулага крызісу 2011 году, калі «выручыць» далярамі таксама маглі толькі яны. Набываюць яны валюту не нашмат даражэй, чым банкі: максымум можна дагандлявацца да 12 тысяч за даляр. Адпаведна, і прадаюць даражэй — да 16 тысяч за даляр.

Знайшоў аднаго такога спадара. Ён, між справай, распавёў, што мае інфармацыю, што даляры ўсё ж павінны зьявіцца ў банках:

«У сераду „выкінуць“ даляры, дададуць 30 працэнтаў, калі будзеш купляць... Ну то хто будзе купляць, а хто і ня будзе купляць... Потым, як яно ўсё „ўстаканіцца“, то будзеш ты хадзіць ды шукаць, дзе здаць іх,» — кажа валютчык.

Што адрозьнівае маленькі гарадок ад Менску — што не відаць ажыятажу ў крамах у сувязі з чаканьнем дэвальвацыі. У краме бытавой тэхнікі «Бум» — нешматлікія наведнікі. Працаўніца са спадзяваньнем кажа, што людзі яшчэ прыйдуць:

Ай, дык людзі яшчэ не „разьнюхалі“, што ў нас усё па старых коштах

«Ай, дык людзі яшчэ не „разьнюхалі“, што ў нас усё па старых коштах. Недзе яшчэ не дабеглі да нас...»

Прадпрымальніца Сьвятлана гандлюе ў кіёску харчовымі прадуктамі, бытавой хіміяй, якія закупляе на беларускіх аптовых базах. Спадарыня запэўнівае карэспандэнта Свабоды, што ў хуткім часе прадукцыя падаражэе:

«Усё падаражэе на 30 працэнтаў... Адаб’ецца на звычайных пакупніках... Усё. Ну мы-то закупаемся тут, на тэрыторыі Беларусі. Адзінае, што розьніца ў тавары будзе — на 30 працэнтаў падаражэе... Тэлефануюць, папярэджваюць, ці гатовыя вы атрымаць тавар +30 працэнтаў. Але пакуль яшчэ я не гатовая...»

Сьвятлана распавяла таксама, што яшчэ большае падаражаньне — да 50 працэнтаў — чакаецца ў тых дробных гандляроў, якія завозяць тавар з-за мяжы.

XS
SM
MD
LG