Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускія рублі на што атрымалася, на тое і патрацілі», — пакупнікі ў Магілёве


У Магілёве ажыятажны попыт на бытавую і кампутарную тэхніку спаў. Чэргаў па валюту ў абменьнікі сёньня не было наагул. Зрэдку нехта наважваўся здаваць невялікую суму грошай. Ахвочых жа набыць валюту ў абменьніках былі адзінкі. Ня многія набылі.

У Магілёве масава пачалі скупляць бытавую і кампутарную тэхніку, а таксама мэблю ад сярэдзіны мінулага тыдня. Найбольш актыўны пэрыяд ажыятажу прыпаў на выходныя. У некаторых мясцовых буйных гандлёвых цэнтрах сёньня зранку паліцы, на якіх выстаўляліся тэлевізары, кампутары і іншая тэхніка, былі пустыя.

«Учора дзень працягваўся ў тым жа рэжыме. А сёньня пакуль людзей няма. Ажыятаж спаў. Крама пустая. Вітрыны пустыя. Тэлевізараў няма наагул», — тлумачыць супрацоўніца аднаго з гандлёвых цэнтраў.

На пытаньне: «Ці будуць новыя паступленьні па старых коштах?» — суразмоўніца пэўна не адказала. Сказала, што такіх зьвестак у краме няма:

«Пакуль тавар не прыехаў, дужа цяжка размаўляць на гэтую тэму. Сёньня ўвечары нейкае паступленьне будзе, але сказаць нешта пэўнае цяжка. Тэлевізараў ня будзе зусім. Нешта будзе беларускай вытворчасьці — «Атлянт», «Гефэст».

У яшчэ адной краме зазначылі, што з ажыятажам сутыкнуліся ў суботу. Цяпер яго няма.

«У краме людзі ёсьць, але ня столькі, колькі было. Дый тавару стала менш. Выбару ня дужа шмат, і людзей пакуль няшмат».

Тыя, хто наведаўся сёньня ў крамы, набывалі ў асноўным тавары, як зазначалі, для навагодніх падарункаў. Тыя, хто купляў тыя ж лядоўні ці тэлевізары, казалі, што робяць гэта плянава: маўляў, даўно зьбіраліся. Нямногія прызнаваліся, што пакупкі рабілі, каб уратаваць свае ашчаджэньні ад абясцэньваньня:

«Валюту цяпер не купіць, дык мы патрацілі ўсе свае беларускія рублі. На што атрымалася, на тое і патрацілі. Мы купілі мэблю. Даўно хацелі і трэба было. І так супала», — выказаўся малады спадар.

Ля абменьнікаў чэргаў не было. Многія падыходзілі і, паглядзеўшы на курсы, тут жа адыходзілі незадаволенымі. Прадаваць даляры за адзінаццаць зь невялікім ахвочых не было. У абменьніках запэўнівалі, што валюта на продаж ёсьць, але невялікія сумы. У некалькіх спачатку сказалі, што ёсьць, але на просьбу прадаць адказалі, што няма.

У падобнай сытуацыі апынуўся адзін з ахвочых купіць даляры. Ён, аднак, ня дужа стаў наракаць на гэта:

«Валюту цяпер ня купіш. У прынцыпе я падтрымліваю, што цяпер зроблена, — іначай быў бы чарговы абвал. А такія захады ўлады стрымліваюць людзей ад вымываньня сродкаў. У мяне такіх вялікіх сумаў няма — кішэню ня цягне».

Тым часам, паводле сьведчаньняў тых, хто шукае, як набыць сабе валюту, у Магілёве актывізаваліся гэтак званыя «чорныя мянялы». Яны набываюць даляры за 14 тысяч рублёў. Некаторыя адзначаюць, што сёньняшні дзень не адлюстроўвае валютную сытуацыю. Панядзелак звычайна — ня дужа актыўны дзень.

XS
SM
MD
LG