Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распачаўся збор грошай на беларускі пераклад брытанскага дарк-фэнтэзі «Караліна»


На сайце Talaka.by распачаўся збор грошай на выданьне кнігі Ніла Геймана «Караліна» ў беларускім перакладзе Дар’і Вашкевіч.

Папярэдняя замова каштуе 20 беларускіх рублёў. Унёскі, за якія абяцаюць розныя падарункі, можна рабіць на сумы ад 5 да 2000 рублёў. За 45 дзён трэба сабраць 10 000 рублёў.

Ініцыятары перакладу плянуюць выдаць 500 экзэмпляраў. Перамовы з агентам пісьменьніка, кажуць яны, доўжыліся два гады — на нешта большае, прыкладам, на вялікі наклад, электронную вэрсію ці аўдыёкнігу, дамовіцца пакуль ня выйшла. Ілюстрацыі да беларускага выданьня намалявала мастачка і тэатральная рэжысэрка Алена Медзякова, яе выявы разглядаў сам Гейман — і даў згоду.

«Кніжка ўжо праходзіць рэдактуру, хутка будзе перададзеная карэктару, — кажа Свабодзе каардынатар праекту Сяргей Лісічонак. — Гэтае выданьне незалежнае. Мы група энтузіястаў, не зьвязаных з выдавецтвамі. Таму для нас было б вельмі важна атрымаць дапамогу ад усіх, хто хацеў бы, каб беларускія дзеці пазнаёміліся з такім шэдэўрам дзіцячай літаратуры».

Сабраць названую суму ў Беларусі цалкам магчыма: на выданьне беларускага перакладу кнігі «Хронікі Нарніі: Пляменьнік Чараўніка» нядаўна сабралі 9,5 тысячы рублёў, кніга паступіла ў продаж 17 верасьня. Каманда «Караліны» верыць у посьпех і свайго праекту.

Паводле сюжэту, брытанская дзяўчынка Караліна Джонс трапляе праз загадкавыя дзьверы ў іншы сьвет, у якім жывуць істоты, вельмі падобныя да яе сапраўдных бацькоў і суседзяў. Але так падаецца толькі на першы погляд. Цудоўнае падарожжа хутка ператвараецца ў змаганьне за права застацца сабой, за права жыць, за магчымасьць выратаваць бацькоў, за шанец вярнуцца ў родны дом.

Кнігу адносяць да жанру дарк-фэнтэзі: змрочнай казкі з элемэнтамі хорару. Але ў Вялікай Брытаніі кніга пазначаная прыдатнай для ўзросту 8–12 год. Ці варта дзецям чытаць гэткія «жудзікі»?

«Мне ва ўзросьце 8 год было б цікава чытаць гэтую кнігу, — запэўнівае перакладчыца Дар’я Вашкевіч. — Аўтар кнігі Ніл Гейман пісаў яе спэцыяльна для сваёй дачкі, а ёй на той момант было крыху менш за 8 год. Напісаўшы кнігу, ён пачаў чытаць ёй па разьдзеле на ноч. Сам казаў у інтэрвію, што хваляваўся, ці ня будзе ёй страшна, гатовы быў у любы момант спыніцца. Але прасачыў яе рэакцыю, працягваў чытаць — і дачытаў.

Таму — так, ад 8 год і вышэй. Для гэтай кнігі, як і для любой якаснай кнігі, межаў няма, яна пасуе для ўсіх узростаў. Я, напрыклад, упершыню прачытала гэтую кнігу ў 25 і была вельмі захопленая».

Перакладчыца згадвае, што праходзіла кнігу ва ўнівэрсытэце Ўорыка (Вялікая Брытанія) у межах клясу па дзіцячай літаратуры — тады кніга і запала ў сэрца, «зьявіўся імпэт», і ў хуткім часе кніга была перакладзеная. Вашкевіч кажа, што ў перакладзе пакінула сэтынг арыгіналу, не пераносячы Караліну ў беларускія рэаліі.

На сёньня «Караліна» перакладзеная на 30 моваў, прададзена больш за мільён асобнікаў. Па матывах кнігі ў 2008 годзе выдалі графічную навэлу, у 2009 годзе запусьцілі м’юзыкал, выдалі відэагульню, а таксама зьнялі аднайменны лялечны мультфільм, які намінаваўся на «Оскар» і «Залаты глёбус», атрымаў шэраг іншых узнагародаў.

На пачатку тыдня таксама стартаваў збор грошай на беларускі пераклад кнігі Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса». Сьвет «Караліны» нярэдка параўноўваюць са сьветам «Алісы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG