Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Распачаўся збор грошай на кнігу «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса»


На сайце Ulej.by распачаўся збор грошай на выданьне беларускага перакладу другой кнігі Льюіса Кэрала пра прыгоды Алісы — «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» («Through the Looking-Glass, and What Alice Found There») у перакладзе паэткі Веры Бурлак (таксама вядомай як Джэці).

Папярэдняя замова кнігі каштуе 30 рублёў. За 45 дзён трэба сабраць 22 500 рублёў.

Выдаваць кнігу зьбіраецца выдавецтва «Галіяфы», наклад мае скласьці сама меней 1000 асобнікаў. Ілюстрацыі для кнігі зрабіла мастачка Кацярына Дубовік (яе ілюстрацыі да кнігі казак «Сем ружаў» атрымалі сёлета прэмію Цёткі).

Пераклад Веры Бурлак ня новы: ён друкаваўся ў 2009 годзе ў часопісе Arche, атрымаў прэмію часопісу «ПрайдзіСьвет» як найлепшы празаічны пераклад году. Для кніжнага выданьня пераклад быў дапрацаваны.

Кнігі пра прыгоды Алісы ўжо перакладаў на беларускую паэт Макс Шчур — у ягоным перакладзе Аліса займела беларускае імя Алеся, пераклады «Алесіны прыгоды ў Цудазем’і» і «На тым баку люстэрка, і што там напаткала Алесю» выдаваліся на паперы ў ірляндзкім выдавецтве Evertype, а таксама онлайн.

Вера Бурлак кажа Свабодзе, што вырашыла перакласьці «Скрозь люстэрка», бо на момант пачатку перакладу, у 2007 годзе, Шчур ужо завяршыў пераклад першай кнігі, а перакладу другой яшчэ не было. На пераклад яе натхніў Андрэй Хадановіч, які стаў рэдактарам цяперашняга выданьня. Паэтка зьбіраецца перакласьці і першую кнігу — пра Алісу ў Краіне цудаў.

Бурлак вырашыла пакінуць Алісе арыгінальнае імя, але яе пераклад адрозьніваецца ня толькі гэтым:

«Па маіх уражаньнях, у Максіма Шчура пераклад разьлічаны ў большай ступені на дарослую аўдыторыю, — кажа перакладчыца. — Ёсьць такія жарцікі, прыёмчыкі сакавітыя, адрасаваныя дарослай аўдыторыі. Напрыклад, адсылкі на старажытную граматыку. А мая кніжка больш да дзіцячай аўдыторыі зьвернутая. Але абодва пераклады цікавыя, як мне здаецца, узаемадапаўняльныя».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG