Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хронікі Нарніі» па-беларуску выйдуць у продаж 17 верасьня


Беларускі пераклад кнігі брытанскага пісьменьніка Клайва Стэйплза Льюіса «Хронікі Нарніі: Пляменьнік Чараўніка» будзе прэзэнтаваны 17 верасьня ў менскай кнігарні «Акадэмкніга». Перакладчыца — Надзея Кім.

Прэзэнтаваць кнігу і праводзіць аўтограф-сэсію будуць з 12 да 17 гадзіны дня. У дзень прэзэнтацыі набыць яе можна будзе па зьніжаным кошце, пакупнікі атрымаюць падарункі ад перакладчыкаў. Таксама кнігу можна замовіць на сайце Narnia.by, плянуюцца продажы ў «Белкнізе» і іншых дзяржаўных і прыватных рэальных і віртуальных кнігарнях.

Кніга выйшла накладам 2000 экзэмпляраў. Малюнак на вокладку зрабіў беларускі графік Раман Сустаў. У выдавецтва HarperCollins, якое валодае правамі на кнігу, перакладчыкі набылі клясычныя ілюстрацыі вядомай ангельскай мастачкі Паўліны Бэйн, якія ствараліся на просьбу самога Льюіса. На выданьне кнігі праз сайт Talaka.by сабралі 9,5 тысячы рублёў.

Андрэй Кім
Андрэй Кім

Суарганізатар выданьня Андрэй Кім распавядае Свабодзе, што працэс выданьня зацягнуўся, бо ўзьніклі цяжкасьці зь ліцэнзіяй, адзін са спонсараў адмовіў у фінансавай падтрымцы, былі розныя іншыя складанасьці. Пераклад прэзэнтавалі яшчэ ў лютым, але кніга выдадзеная толькі цяпер.

«Для нас гэта такі крок веры, — кажа Андрэй Кім пра аб’ём накладу. — Звычайна беларускамоўныя выданьні выходзяць накладам 500, максымум 1000 экзэмпляраў. Але тут мы імкнёмся, каб беларуская мова і такія кнігі распаўсюджваліся ня толькі сярод непасрэдна беларускамоўных чытачоў. Мы хацелі, каб яе чытала як мага больш людзей, таму мы надрукавалі максымальны наклад, які маглі сабе дазволіць».

«Пляменьнік чараўніка» — першая па храналёгіі кніга ў сэрыі. Выйшаў ён у 1955 годзе як прыквэл да астатніх пяці, якія выдаваліся ад 1950 году. Кніга распавядае пра стварэньне чароўнай краіны Нарніі і першае знаёмства зь ёю людзей нашага сьвету. Кнігі «Хронік Нарніі» выходзілі на чатырох дзясятках моваў сумарным накладам у сотню мільёнаў. Па матывах гэтай кніжнай сэрыі зьнялі тры фільмы, адзін зь іх можна паглядзець у беларускім перакладзе.

«Гэта быў вельмі асабісты праект, — дадае Андрэй Кім. — Наша каманда вельмі любіла гэтую кнігу, мы вырашылі, што яна павінна выходзіць па-беларуску. Увогуле, „Хронікі Нарніі“ — гэта клясыка брытанскай літаратуры. Яе аўтар Клайв Льюіс разам з Джонам Толкінам лічыцца заснавальнікам жанру фэнтэзі. Думаю, што такія кнігі, скарбы ўсясьветнай літаратуры, павінны быць па-беларуску. Нарэшце, гэтая кніга напісаная хрысьціянінам — мы таксама хрысьціяне, гэта мела для нас асаблівае значэньне».

Наступныя кнігі «Хронік» таксама выйдуць па-беларуску

Іншы ініцыятар праекту Аляксей Шэін раней распавядаў, што каманда мае намер перакласьці ўсе «Хронікі Нарніі». Кнігі падзеленыя паміж рознымі перакладчыкамі. Кім пацьвярджае: пераклады будуць.

Ужо гатовы да рэдактуры тэкст наступнай па храналёгіі і першай па часе выданьня арыгіналу кнігі «Леў, вядзьмарка і гардэроб». Яго зрабіў сам Кім у 2008 годзе, калі сядзеў у турме па «справе чатырнаццаці» (паўтара года калёніі агульнага рэжыму за «пагрозу гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі»).

«Спадзяёмся, што ўсе шышкі набілі на першай кнізе, і ўсё, што магло адбыцца, ужо адбылося на першай кнізе. Таму другую кнігу спадзяёмся выдаць прасьцей і хутчэй, — кажа Кім. — Цяпер мы абнавілі і „прычасалі“ пераклад, ідзе праца над вокладкай. Плянуем сабраць грошы праз краўдфандынг і выдаць кнігу да Калядаў, да канца сьнежня 2016 году».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG