Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клоўнатэрапія. Перамагчы рак дапамагла Доктар Нюша


Актрыса Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Ганна Маслоўская дзевяць гадоў таму вылечылася ад раку. Яна ўпэўнена, што рак — гэта хвароба дрэнных думак. Таму, каб перамагчы яе, трэба душу сваю настроіць на добрае.

Ганьне Маслоўскай пашанцавала сустрэцца ў Менску з псыхолягам, якая запрасіла наведваць трэнінгі па эмацыйным і прафэсійным выгараньні. І цяпер, калі хвароба ўжо прайшла і даводзіцца толькі штогод праходзіць абсьледаваньне, там можна неяк, як кажуць, выпускаць пар.

​«Ёсьць у спэктаклі „Чарнобыльская малітва“ фраза „Чалавек памірае заўсёды адзін“. Цяпер гаворка не пра сьмерць. Але ў цяжкіх сытуацыях чалавек застаецца сам на самам, ён робіць нейкі выбар, прымае рашэньні. І нават, ёсьць нехта побач ці не, гэта таксама яго рашэньне. І так атрымалася, што пасьля лякарні, пасьля таго як хвароба сышла, са мной ніхто не размаўляў пра тое, што са мной здарылася. Бацькі неяк па-свойму гэта перажывалі — не маглі ці не хацелі. Так атрымалася, што ў тэатры таксама замаўчалі гэты факт. Паралізаваў нейкі страх. Людзі, калі ўпершыню з гэтым сутыкаюцца, яны не ведаюць як сябе паводзіць. У нас няма гэтага кодэксу паводзінаў. Кодэкс будаўнікоў камунізму быў, а тут...».

У групе, разам з Ганнай, жанчына, якая прыйшла пасьля захворваньня на рак, другая адмовілася ад мэдычнай дапамогі і спрабуе сама неяк справіцца за кошт экалёгіі думак, паводзін, харчаваньня. І ёсьць жанчына, якая прыяжджае з Любані, цяпер праходзіць хімічны блёк, яна без валасоў.



«Яны распавядаюць пра тое, што адбываецца, а ў іх гэта яшчэ востра. Гэты боль, перажываньні, адсутнасьць падтрымкі родных і блізкіх. І я заўсёды пасьля гэтых размоваў кажу ім штораз: „Дзякуй!“. Бо ў мяне цяпер, праз 9 гадоў, ёсьць магчымасьць перажыць тое, што я замаўчала, затаптала, зьела і панесла далей. А яно, аказваецца, нікуды не дзелася. Яно ёсьць і яно мне там дзесьці перашкаджала рухацца ў патрэбных напрамку і хуткасьці. Любую эмоцыю трэба пражыць і разьвітацца зь ёй. І гэтае захворваньне, гэты вялікі стрэс трэба пражыць. Вось пра гэта таксама чамусьці яшчэ не гавораць. І я пра гэта кажу: дазвольце сабе пражыць усё, што зьвязана з гэтым захворваньнем і пасьля яго».



З 1994 года Ганна Маслоўская займаецца клоўнатэрапіяй у Рэспубліканскім дзіцячым анкалягічным цэнтры ў Бараўлянах. Яна супрацоўнічае са швайцарскім фондам «Тэадора» у Беларусі і зьяўляецца адной з заснавальніц гэтага праекту ў СНД. Ужо цягам 20 гадоў дзеці ведаюць яе як «Доктара Нюшу». Яна прыходзіць у дзіцячыя палаты, каб дарыць радасьць і надзею, каб дапамагчы перанесьці балючыя працэдуры. Такія дактары-клоўны павінны прайсьці падрыхтоўку: пазнаёміцца зь некаторымі азамі мэдыцыны, гігіены, псыхалёгіі. Гэтая праца ў анкацэнтры і досьвед у пэўным сэнсе дапамаглі ёй выявіць сваё захворваньне і неадкладна пачаць змагацца зь ім. Дзевяць год таму Ганна заўважыла радзімку на голені, якая пачала расьці. Спачатку яна зьвярнулася да касмэтоляга.

Хірург паглядзеў і кажа: „О, трэба рэзаць. Заўтра прыйдзеш“. Прыйшла. Ён паклаў мяне на стол, я ляжу, трасуся. Парэзаў, пачыкаў. Я ў той жа дзень летам паехала да дачок на лецішча


«Яна паглядзела праз вялікую лупу і кажа, што мне трэба ісьці да анколяга. Мне гэта не спадабалася, я наогул не люблю хадзіць да лекараў, бо для мяне гэта подзьвіг. Я зайшла ў анкалягічны дыспансэр, простых людзей туды ўсіх накіроўваюць. Мне сказалі, вы павінны здаць кілямэтар аналізаў і потым запісацца праз месяц-два. Я махнула рукой. Тады я параілася са сваім калегам доктарам-клоўнам, зь якім мы тады працавалі ў дзіцячым цэнтры анкалёгіі. Ён кажа: пойдзем, пакажаш нашым дзіцячым анколягам. Пойдзем. Гэта ж пяць хвілін. Я вельмі не люблю карыстацца службовым становішчам, бо дзяцей шмат, я столькі гадоў ведаю нашых лекараў, паважаю іх працу і было неяк няёмка. Але мой калега ўзяў за руку і прывёў. Нашы ўрачы з добрым пачуцьцём гумару. Хірург паглядзеў і кажа: „О, трэба рэзаць. Заўтра прыйдзеш“. Прыйшла. Ён паклаў мяне на стол, я ляжу, трасуся. Парэзаў, пачыкаў. Я ў той жа дзень летам паехала да дачок на лецішча».

А праз два тыдні Ганьне патэлефанавалі з анкацэнтру і сказалі, што прыйшла яе біяпсія, аналізы дрэнныя, і ёй трэба прыехаць.

«Першая рэакцыя: я адразу ўспомніла дзетак, якія праходзілі хімію, як іх ванітавала, як ім было дрэнна. І я разумею, што гэта страх таго, што будзе дрэнна, бо я гэтага не вытрымаю. Менавіта чамусьці я падумала пра хімію, пра ўскладненьні, якія я не вытрымаю. Я з гэтым ужо 11 гадоў жыла і працавала. Галоўнае чаго не вытрымліваюць дзеткі, што пачынаюцца ўскладненьні на лекі і арганізм, асабліва падлеткавы, які бурна разьвіваецца, не вытрымлівае. Я разумею свой арганізм і ў мяне такі страх. Паплакала, а потым папрасіла некага з калег зьезьдзіць са мной на машыне. Першая рэакцыя — страх, а потым неяк хутка, напісалі накіраваньне і на наступны дзень я была ў гэтым нялюбым анкалягічным дыспансэры. Тут жа дадатковыя аналізы. Накіраваньне ў стацыянар. Дзень —два і я патрапіла ў дарослае аддзяленьне анкалёгіі. І тут другі шок, бо гэта зусім не дзіцячы цэнтар, дзе каляровыя сьцены, шмат сьвятла, усе ўсьміхаюцца. Ва ўсякім разе, калі клоўн прыходзіў, мне ўсьміхаліся. Я ўсё ж бачыла настрой, накіраваны на добрыя адносіны, ветлівасьць, усьмешку. А тут усё было інакш. Нейкі зусім іншы пах, цёмны калідор. І я думаю, тут добра паміраць, змагацца тут дрэнна. Не тое, што я сабралася паміраць, а тут усё вось такое. Яе называюць каралева раку — меланома. Трэба было выразаць яшчэ 15 см вакол гэтага месца. Было складана, бо потым нага адмаўлялася без цягліцы, без сваёй часткі доўга хадзіць. Але час прайшоў — я танцую, скачу, калі магу, займаюся спортам».



Праца доктарам-клоўнам ў дзіцячым анкалягічным цэнтры спрыяла таму, што ў Ганны Маслоўскай сфармавалася пэўная жыцьцёвая пазыцыя:

«Жыцьцёвая пазыцыя — з усьмешкай. Плюс яшчэ рэфлекс, цяпер я разумею, што можа гэта для мяне асабіста і не вельмі добры. Ён добры для тых, хто побач са мной. Нешта здараецца, але першы момант я кажу:"Усё добра". А потым мяне ўжо пачынае кілбасіць. Калі я на працы бачу гэтых дзетак і мне дрэнна, мяне выварочвае, мне зносіць мозг. Мне вельмі дрэнна. Але вось гэта клоўнскае:"Усё добра". І тут таксама усё добра. Але ж ты нікуды не дзенеш думкі, адчуваньні свае. Сярод бацькоў — гэта ў асноўным настрой на барацьбу і аптымізм. Часам прыходзіш, бачыш у маці вочы чырвоныя, недзе ўжо плакала ці дрэнны настрой. Падтрымаеш яе і яна неяк ізноў — наперад. Настрой жа ў дзяцей у многім залежыць ад тых, хто побач зь імі».

А як паставіліся сваякі Ганны да яе хваробы, як рэагавалі, калі ёй неабходная была падтрымка? Яна кажа, што гэта быў яшчэ большы шок.



«Я шмат часу падтрымлівала дзяцей, іх бацькоў, дзядуль і бабуль.І ў мяне гэта атрымлівалася. Я ведала добра як гэта рабіць. А калі гэта здарылася са мной, тыя ад каго, я ўпэўнена была павінна быць гэта падтрымка, зараз я разумею, яны разгубіліся. Ну, калі ў бацькоў дачка захворвае на рак, яны разгубіліся. Тым больш, што мае бацькі працуюць усе жыцьцё ў тэатры, людзі вельмі эмацыйныя. Маці маёй маці ў свой час хварэла на рак і потым пра 25 год гэта мая бабуля памерла ад іншай формы раку. І цяпер я разумею, што яны разгубіліся. А тады разгубілася я, бо падтрымка — гэта не салаты, бульёны, лекі. Мне не былі патрэбныя лекі, у мяне не было хіміятэрапіі. У мяне тая форма, калі альбо выдаляецца, альбо як ёсьць. Мне пашанцавала. Проста ўсё прыйшло ў свой час. Мне вельмі пашанцавала. Проста пасьпелі зрабіць у патрэбны час. Прыходзіў бацька, маці. Маці ўсё прыносіла нейкія траўкі, настойкі яшчэ нешта. Я ўжо выпісалася зь лякарні, прайшоў год, а яна мяне ўсё лячыла ад рака. А я кажу, што ў мяне няма ўжо гэтай хваробы. Бацькі перажывалі свае ўражаньні ад гэтага, але не маглі даць таго, што мне было патрэбна. І тады, канечне, мае вочы былі ўнутры мяне».

У лякарні дапамагаў гумар, Ганна была ўся накіраваная на перамогу, на жыцьцё. Але яшчэ адзін шок яна перажыла пасьля лякарні, калі пачытала ў інтэрнэце статыстыку выжываньня цягам 10 гадоў. Тым больш ёй сказалі, што першы год трэба прыходзіць кожныя тры месяцы на абсьледаваньне ў анкадыспансэр.

«І кожны раз доктар казаў: „Я не разумею вашага аптымізму, што вы так усьміхаецеся. У вас вельмі дрэннае захворваньне. Вельмі небясьпечнае. Таму ў любы момант, ласкава запрашаем, калі што — да нас“. А я прыходжу, вось УЗІ — глядзіце, доктар. Усё лепш і лепш. Лімфавузлы робяцца меншымі Аднойчы іду і думаю, калі ён пачне вось так зноў са мной размаўляць, то запушчу ў яго крэслам. Відаць у мяне была моцная энэргетыка ў той час, моцнае жаданьне. Бо калі я ўвайшла ў кабінэт, сядзелі студэнты-практыканты, я кажу, вось мае аналізы. І тут ён кажа — бачыце, калі пацыентка добра настроена на барацьбу з хваробай, бачыце, як у яе ўсё добра. І з таго часу у нас зусім іншыя адносіны сталі. Крэсла не спатрэбілася. Я ніколі сабе гэта не дазваляла. Гэта былі мае абаронныя думкі».

Я ня толькі прыходжу да дзяцей і іх неяк там забаўляю. Усё ж аддаеш тое, што ў цябе ёсьць. А ёсьць ужо больш, чым толькі забавы, гумар.


Менавіта дзякуючы кнігам амэрыканкі Луізы Хей, сярод якіх вядомая «Вылекуй сваё жыцьцё», Ганна зразумела, што менавіта трэба шукаць у сабе. Што ж ёй дапамагло пераадолець хваробу?

«Мяне заўсёды пыталіся, ты стала клоўнам, таму што ты такая вясёлая ці ты такая вясёлая, таму што ты стала клоўнам. Гэта цяпер складана зразумець. Дык вось назавём яго — мой прафэсійны аптымізм, ці мой асабісты аптымізм, мой характар. І я шмат чаго ведаю пра гэтыя захворваньні, я бачу гэтых дзяцей, якія вядуць барацьбу, матуль, якія побач зь дзецьмі. Я бачу як трэба трымацца, як лепш для сябе. Потым я шмат чытала, а пачала наведваць псыхалягічныя трэнінгі.... Маладыя клоўны не могуць нават зразумець, што адносіны да сябе і да гэтай працы зь дзецьмі ўжо іншыя. Я ня толькі прыходжу да дзяцей і іх неяк там забаўляю. Усё ж аддаеш тое, што ў цябе ёсьць. А ёсьць ужо больш, чым толькі забавы, гумар. Столькі мы бачылі гэтых дзяцей. Гэты боль нікуды не дзяваецца, ты яго перажываеш, нясеш у сабе».



У Ганны Маслоўскай дзьве дачкі: старэйшай Аляксандры 24 гады, малодшая Глафіра заканчвае сёлета харэаграфічны каледж, яна заняла першае месца на міжнародным конкурсе сучаснага балета. Ужо пасьля хваробы зьявіўся ў сям’і Ганны сын.

«Ужо больш за два гады ў мяне сын Дзімка, якому ў гэтым месяцы будзе пяць гадоў. Паколькі меланома — гэта каралева анкалёгіі, і потым давялося жыць, прыладкоўвацца да шматлікіх „нельга“. Гэта яшчэ адзін шок быў. Так многа нельга, а жыць хочацца. Але мне ўсё жыцьцё вельмі хацелася сына. І ўвогуле ўсё жыцьцё я была ўпэўнена, што ў мяне будзе трое дзяцей. І дзеці прыходзяць да нас рознымі шляхамі. Вось у мяне зьявіўся такі цудоўны хлопчык. Мы ўзялі яго з дому дзіцяці. Хто каго ўзяў цяпер таксама неадназначнае пытаньне: ён нас абраў ці мы яго. Мой сын прыйшоў да мяне».

У кожнага свой шлях. І свой шлях самы надзейны. Усё часова, можна пачакаць, усё будзе так, як захочаш ты.


У спэктаклі «Адвечная песьня» па паэме Янкі Купалы Ганна Маслоўская іграе Вясну, вобраз надзеі і аднаўленьня жыцьця. Сыходзячы са сваёй перажытай гісторыі, якую ж параду Ганна Маслоўская можа даць тым, хто толькі яшчэ на пачатку барацьбы з ракам?

«У кожнага свой шлях. І свой шлях самы надзейны. Усё часова, можна пачакаць, усё будзе так, як захочаш ты. А для таго, каб было добра, трэба думаць пра тое, што ты хочаш перамагчы гэтую хваробу, пра тое як ты хочаш жыць далей. Намаляваць сабе такую карцінку і імкнуцца да гэтага. Трэба душу сваю настроіць на тое, каб чуць толькі добрае. Фільтраваць. Гэта цяжка. Але гэтаму трэба вучыцца, калі лічыць, што рак гэта хвароба дрэнных думак. Ёсьць сэнс задумацца, чаму гэта хвароба прыйшла, чаму я павінна навучыцца, аб чым я павінна падумаць, каб зьмяніць нешта вакол сябе, у сабе, каб сышла гэта хвароба».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG