Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пройдуць суды над «вэгамі», якія параўналі цырк з канцлягерам


Суды за пікет каля менскага цырку 17 красавіка пачнуцца сёньня з раніцы ў Партызанскім судзе сталіцы. Судзіць будуць актывістаў грамадзкіх ініцыятыў «Экалягічны пошуг» і «Кошт жыцьця».

Судзіць будуць актывістаў грамадзкіх ініцыятыў «Экалягічны пошуг» і «Кошт жыцьця». Пачнуць зь вядомага па справе «графіцістаў» актывіста Вячаслава Касінерава, за ім на судовы канвэер трапяць яшчэ сама меней 6 актывістаў, у тым ліку былы маладафронтавец, а цяпер прыхільнік «Пошугу» Павал Сяргей з Маладэчна.

На кожнага з актывістаў паводле раскладу ў судзе выпадае ўсяго па 20 хвілін. Павал Сяргей мяркуе, што судзьдзі асабліва ня будуць напружвацца і за 20 хвілін справяцца з заданьнем прызначыць актывістам максымальныя штрафы:

«За гэты год па некалькі разоў нашых людзей судзілі за несанкцыянаваныя акцыі. Таму, мяркую, дадуць нам ад 40 да 50 базавых. Вось мяне, прыкладам, раней судзілі за акцыю на Камароўскім рынку супроць мясной індустрыі. Яшчэ шмат каго з нашых судзілі за акцыі падтрымкі прадпрымальнікаў. Мне ад нашага руху давялося ўдзельнічаць у пікеце ў Маладэчне супроць будаваньня сьвінарнікаў, дык пакаралі нават ня штрафам, а 7 суткамі.

Нашы актывісты шмат у якіх акцыях засьвяціліся, таму на папярэджаньне ад судзьдзяў не разьлічваем».

Паводле Паўла Сяргея, рух «Экалягічны пошуг» — гэта адгалінаваньне ініцыятывы «Пошуг», якая абʼяднала моладзь, неабыякавую да пытаньняў нацыянальнага і дэмакратычнага разьвіцьця краіны. Актывісты «Пошугу» прытрымліваюцца досыць анархічных поглядаў, таму ў руху няма звычайнай герархіі.

«Мы займаемся рознымі праблемамі. Як сацыяльнымі, нацыянальнымі, гэтак і экалягічнымі. Таксама мы прытрымліваемся ідэяў вэгетарыянства. Гэта наша асаблівасьць. Як і тое, што ў нас збольшага анархісцкія погляды. Таму ў нас няма кіраўніцтва, нейкай пэўнай структуры. То бок любы чалавек з блізкімі да нашых поглядамі можа назваць сябе актывістам „Пошугу“ і дзейнічаць у гэтым кірунку. Ідэі, прапановы любога з нас мы разглядаем і вырашаем, што зь імі рабіць далей. Сярод нас няма правадыроў, тых, хто кіруе намі — гэта таксама прынцыпова».

Паводле Паўла Сяргея, на пікет каля цырку актывісты «Пошугу» выходзілі, добра ведаючы, што калі ў цэнтры гораду яны разгорнуць свае банэры ў абарону жывёл, дык гэта для іх абернецца сама меней судамі.

«Калі прыйшлі да цырку, нас ужо чакалі міліцыянты. І хоць мы былі ў масках, не сумняваліся, што вылічаць і прыцягнуць да адказнасьці», — кажа іншы ўдзельнік пікету, Вячаслаў Касінераў.

Як можна ацаніць грамадзкі вынік пікету каля цырку? Паводле Вячаслава, на іхнія банэры людзі бясспрэчна зьвярталі ўвагу. А як ставіліся — гэта іншая рэч.

«На імпрэзу ў цырк прыйшло 200–250 чалавек, і ўсе заўважалі нашы банэры. Прыкладам, на адным з банэраў было напісана, што сучасны цырк — гэта як канцлягер, як Даха́ў для жывёл.

Мы чулі, як дзеці пыталіся, што робяць гэтыя людзі, а бацькі мусілі тлумачыць. Маўляў, некаторыя лічаць, што цырк — гэта ня вельмі добра, і чаму.

Некаторыя рэагавалі адмоўна. Прыкладам, адна з жанчын, маці, падышла да нас з абурэньнем, што ў іх тут сьвята, а мы тут стаім...

Але, ведаеце, гэта сьвята ў іх, а ў жывёл — не. Бо як кажуць? Хто служыў у войску, той у цырку не сьмяецца. І гэта цалкам адпавядае рэчаіснасьці, бо дрэсіроўка жывёл, абыходжаньне зь імі ў цырку грунтуецца на тых жа мэтадах, ці нават горшых, і вельмі часта гэта занадта жорстка. То бок наша акцыя — гэта была такая тэрапія, як мы лічым», — сказаў Вячаслаў Касінераў.

Паводле актывіста, «Пошуг» ладзіць ня толькі вулічныя пратэсты, але і адукацыйныя акцыі — навучальныя сэмінары, прагляды фільмаў, дыскусіі. Асаблівасьцю гэтых навучальных праграм сталі правы жывёл.

«Мы ўсе любім сабачак і коцікаў, але чамусьці ядзім сьвінак і каровак», — іранізуе Вячаслаў Касінераў.

Сам Вячаслаў далучае сябе да «вэгаў» — гэта тыя, хто прынцыпова ня есьць ня толькі мяса, але і яек, ня пʼе малака, а бялок спажывае толькі з расьліннай ежы.

Акрамя Вячаслава Касінерава і Паўла Сяргея, за пікет каля цырку 17 траўня ў Партызанскім судзе будуць судзіць таксама Дашу Тылецкую, Яну Каралёву, Юрыя Пучылу, Максімільяна Бойчанку, Арцёма Каралёва.

Падчас пікету 17 красавіка перад цыркавым прадстаўленьнем актывісты «Экалягічнага пошугу» і «Кошту жыцьця» заклікалі байкатаваць цыркавое шоў з удзелам дрэсіраваных жывёл. Пікет працягваўся каля 20 хвілін. Неўзабаве да актывістаў падышоў ахоўнік цырку. На месцы таксама аказаліся і людзі ў цывільнай вопратцы зь відэакамэрамі.

«Пазьней, у сярэдзіне траўня, супрацоўнікі міліцыі ўчынілі сапраўдную аблаву на ўдзельнікаў пікету», — паведамляе сайт «Вясны».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG