Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская АЭС выклікае напружаньне ў адносінах Беларусі і Літвы.

Карбалевіч: Ад самага пачатку будаўніцтва Астравецкай атамнай станцыі афіцыйная Вільня выказвае незадаволеньне гэтым працэсам. АЭС будзе знаходзіцца за 50 кілямэтраў ад літоўскай сталіцы. Апошнімі днямі бакі абмяняліся шэрагам дыпляматычных заяваў і жэстаў. Нагадаю факты.

5 траўня ў МЗС Літвы выклікалі пасла Беларусі і ўручылі яму ноту датычна магчымага інцыдэнту на БелАЭС. Падставай для гэтага стала інфармацыя тэлеканала «Белсат». Як паведамлялася ў матэрыяле тэлеканала, рабочы з атамнай станцыі ў Астраўцы паведаміў, што абвалілася бэтонная канструкцыя «на пляцоўцы паміж двума рэактарамі». Прадстаўнікі БелАЭС назвалі гэтае паведамленьне «поўнай лухтой».

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Аднак пазьней беларускія ўлады трохі скарэктавалі сваю пазыцыю. Яны прызналі, што нейкае здарэньне ўсё ж было. Міністэрства энэргетыкі паведаміла, што пры будаўніцтве БелАЭС адбылося частковае пашкоджаньне канструкцыяў, якія падтрымліваюць апалубкі аднаго з падсобных памяшканьняў, а не «апорнай канструкцыі будучага будынка кантролю ядзернай бясьпекі».

Амбасадар Літвы ў Менску Эвалдас Ігнатавічус быў запрошаны на сустрэчу з намесьнікам міністра энэргетыкі Беларусі Вадзімам Закрэўскім, а потым выкліканы і ў МЗС Беларусі. Там яму патлумачылі, што адбылося на станцыі. Потым яга запрасілі наведаць і саму станцыю, але ён адмовіўся, заявіўшы, што гэтым павінны займацца экспэрты.

Літва лічыць, што Беларусь парушае патрабаваньні бясьпекі АЭС і не выконвае міжнароднае пагадненьне — Канвэнцыю аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў трансгранічным кантэксьце, згодна зь якой атэстацыя патэнцыйна небясьпечных праектаў павінна праводзіцца ня толькі ўнутры дзяржавы, але і ў сумежных краінах.

Беларусь адкідае ўсе абвінавачваньні, заяўляючы, што ўсю неабходную інфармацыю пра бясьпеку станцыі яна прадставіла літоўскаму боку.

Падаецца, што беларуская АЭС ператвараецца ў дыпляматычную бомбу, якая закладаецца ў беларуска-літоўскія адносіны і будзе азмрочваць іх на дзесяцігодзьдзі наперад.

Сытуацыя не такая рэдкая ў міжнародных адносінах, калі яны азмрочваюцца будоўляй нейкіх экалягічна небясьпечных аб’ектаў недалёка ад мяжы. У дадзеным выпадку яна ўскладняецца тым, што беларускія ўлады ўвогуле не прызвычаіліся дзейнічаць у полі міжнароднага права. Часта, як і ў іншых пытаньнях, напрыклад, палітычных, яны спрабуюць выдаць прапагандысцкую туфту для ўнутранага спажываньня на замежную аўдыторыю. Можна ўзгадаць, як некалькі год таму ўлады правялі ў Астраўцы грамадзкія слуханьні, куды, як прынята ў Беларусі, прывезьлі адмыслова падрыхтаваных людзей, але не пусьцілі адмыслоўцаў, эколягаў.

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Мне здаецца, будаўніцтва Астравецкай АЭС якраз і паказвае ўсю палітычна-эканамічную сыстэму Беларусі і ўсе яе недахопы, якія ў іншых выпадках так выразна і не відаць. Перш за ўсё, недахоп кантактаваньня з грамадзкасьцю, выпрацоўкі нейкай агульнай думкі. Калі гэта ўсё і рабілася, то «для галачкі», і на так званую дыскусію былі запрошаныя патрэбныя ўладзе людзі.

Цяпер высьвятляюцца шмат якія рэчы, пра якія праціўнікі пабудовы АЭС папярэджвалі яшчэ 5–7 гадоў таму, калі дыскусіі вакол гэтага аб’екта былі актуальнымі і абгрунтаванымі. Папярэджвалі пра тое, што гэта выкліча нэгатыўную рэакцыю з боку Літвы. Гэта цяпер мы назіраем. Таксама — што кошт будоўлі АЭС акажацца нашмат большы за папярэдні. І цяпер гэта выглядае праўдай, бо цяперашняя лічба каля 10 мільярдаў даляраў адрозьніваецца ад таго, што ад пачатку гаварылі ўлады. Значная частка будоўлі ідзе на расейскія пазыкі, яна павісьне на дзяржаўным бюджэце, і Беларусь толькі павялічыць сваю залежнасьць ад Расеі, фінансавую і тэхналягічную, бо тэхналёгіі на будоўлі якраз прыходзяць з Расеі.

Сам кошт электраэнэргіі, якая будзе выпрацоўвацца на гэтай АЭС, будзе даражэйшы за плянаваны. Прыняцьце рашэньня прыпала на высокія кошты на газ і нафту, калі нафта каштавала вышэй за 110–120 даляраў. Цяпер нафта балянсуе пры 40–45 далярах, што кардынальна мяняе ўсе разьлікі коштаў энэргіі. Гэта паказвае сыстэму прыняцьця рашэньняў у Беларусі, калі ўсе меркаваньні грамадзкасьці проста не бяруцца ў лік.

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Дракахруст: На мой погляд, сытуацыя ўсё ж не настолькі адназначная. Сапраўды, Беларусь — краіна аўтарытарная, закрытая, краіна, якая не прывыкла абмяркоўваць свае рашэньні з уласным насельніцтвам і ня надта хоча гэта абмяркоўваць з кім бы там ні было. Літва — краіна дэмакратычная, краіна, у якой дыскусіі — гэта сэнс палітычнага грамадзкага жыцьця. Яна адмовілася ад савецкага кшталту электрастанцыі на Ігналіне, і таму можна сапраўды сказаць, што калі Вільня кажа Менску, што вы нешта ня выканалі, то вельмі імаверна, што яна мае рацыю.

Але можна паглядзець зь іншага боку. Існуе міжнародная супольнасьць, Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў, агенцтва ААН МАГАТЭ, якое і займаецца кантролем і адсочваньнем таго, як і дзе ў сьвеце гэтыя самыя атамныя электрастанцыі будуюць і як яны функцыянуюць. Беларускія ўлады не прызвычаіліся да выкананьня міжнароднага права. Але ў мяне такое ўражаньне, што калі б крокі беларускага боку ці іх адсутнасьць наўпрост супярэчылі б міжнароднаму закону, які тычыцца пабудовы атамных станцыяў, то слова б сваё казала ня Вільня. Ці казала б і Вільня, і МАГАТЭ. Мы бачым, што ў іншых сытуацыях, з той жа ядзернай праграмай Ірана, гэтым займаюцца не амэрыканскія экспэрты — гэтым займаецца МАГАТЭ. Вільня аргумэнтамі МАГАТЭ не апэруе. Мы чуем, што прыяжджае ў Беларусь прэзыдэнт МАГАТЭ, едзе на станцыю і кажа, што ўсё о’кей.

Так што, магчыма, рэч у тым, што Беларусь парушае не міжнародныя правілы, а негалосныя правілы добрасуседзтва. Некаторыя экспэрты выказваюць такое меркаваньне, што літоўцы маюць на ўвазе нейкія эканамічныя меркаваньні. Калі ў Беларусі зьявіцца такая крыніца адносна таннай энэргіі, гэта будзе ім нявыгадна, і таму, акрамя ўласна прававога боку, тут ёсьць і палітыка.

Цыганкоў: Можна прызнаць, што тут прысутнічае і палітыка. Прэзыдэнт Даля Грыбаўскайце выказвае заклапочанасьць станам навакольнага асяродзьдзя, дэманструе сябе як адказны палітык. Літва — сусед Беларусі, і, натуральна, яна хвалюецца за бясьпеку. МАГАТЭ, асабліва на фоне Чарнобыльскай трагедыі, шмат абвінавачвалі ў перадузятасьці ў такіх пытаньнях — яны якраз зацікаўлены бок. Калі прымаецца рашэньне, МАГАТЭ заўсёды за тое, каб будаваць АЭС. Гэта і ёсьць сутнасьць існаваньня гэтай арганізацыі — разьвіваць атамную энэргетыку. Так што гэта не ААН, і МАГАТЭ ня можа тут лічыцца абсалютна аб’ектыўным бокам.

Дракахруст: Абсалютна аб’ектыўным бокам можа быць толькі Госпад Бог. Але адсутнасьць адмоўнай рэакцыі МАГАТЭ сьведчыць пра тое, што наўрад ці Беларусь вінаватая ў парушэньні нейкіх міжнародна прызнаных прынцыпаў. За выкананьнем іранскай праграмы сочыць менавіта МАГАТЭ.

Карбалевіч: Паралель з іранскай праграмай тут не зусім дарэчы. У Іране ішла гаворка пра пагрозу стварэньня ядзернай зброі. Таму гэта выклікала сусьветную рэакцыю. Сапраўды, пасьля Чарнобыльскай катастрофы МАГАТЭ ў вачах грамадзкасьці Беларусі, Расеі, Украіны ня ў самым добрым сьвятле паўстала.

Дракахруст: Чаму гэта робіць МАГАТЭ ў Іране? Таму што менавіта яно высьвятляе, парушаныя прынцыпы ці не парушаныя.

Цыганкоў: У Іране дамаўляліся вялікія дзяржавы: Эўразьвяз, ЗША, Расея, а МАГАТЭ выконвала чыста тэхнічную функцыю праверкі. А дамова ішла на самым вышэйшым узроўні. Вось тады гэтай дамове давяралі. Давяралі дзяржавам, а не МАГАТЭ.

Дракахруст: Але экспэртызу рабіла менавіта МАГАТЭ.

Цыганкоў: Чыста тэхнічная вузкая функцыя.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG