Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаліся суды за акцыі салідарнасьці з Пальчысам. Першы штраф — 840 рублёў


Леанід Кулакоў

Леанід Кулакоў

У Першамайскім раённым судзе Менску адбыўся першы працэс за акцыі салідарнасьці з блогерам Эдуардам Пальчысам, якога судзілі закрытым працэсам у Менскім гарадзкім судзе ў канцы кастрычніка.

Штраф 40 базавых велічыняў, альбо 840 рублёў, атрымаў актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў.

Вырак Кулакову вынес судзьдзя Дзьмітры Цыкал.

«Мяне судзілі завочна. Ведаю, што хапіла 15 хвілінаў, нават сьведак-міліцыянтаў за гэты час дапыталі. Але гэта быў суд паводле толькі аднаго са складзеных на мяне пратаколаў. Судзьдзя сказаў, што пазьней будуць разгледжаныя і астатнія 2. Іншыя актывісты, на якіх таксама складалі пратаколы за „справу Пальчыса“, проста ня ходзяць у суд», — распавёў Свабодзе Леанід Кулакоў.

Як сказаў адзін з удзельнікаў пікетаваньня, палітык Павал Севярынец, усяго за час акцый, якія праходзілі з 14 па 25 кастрычніка, было складзена каля 70 пратаколаў.

Паводле Севярынца, пратаколы на ўдзельнікаў акцыяў салідарнасьці з Пальчысам складаліся празь дзьве-тры хвіліны пасьля іх пачатку:

«Мы стаялі там па 5–6 гадзінаў на дзень. Там жа побач гарадзкі суд і Фрунзенскі раённы, усе чуюць цэлы працоўны дзень беларускія лёзунгі, таму яны не маглі пакінуць такое па-за ўвагай. Тут будзе адмысловы канвэер. Паколькі ўдзельнічалі ад пяці да чатырнаццаці чалавек штодня, то там будзе вялізны канвэер, пад 70 пратаколаў. І столькі ж, відаць, працэсаў. Позвы прыйшлі ўжо Віктару Кулаку, Юлі Фраловай. Там, думаю, будзе і Максім Вінярскі, і Алесь Макаеў, і іншыя. Позвы пачынаюць прыходзіць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG