Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кулакоў: Прасіў у судзьдзі арышт, дала штраф


Леанід Кулакоў, архіўнае фота

Леанід Кулакоў, архіўнае фота

Актывістаў Леаніда Кулакова і Максіма Вінярскага аштрафавалі за расьцяжку з патрабаваньнем сумленных выбараў

На 50 базавых велічынь аштрафаваў Заводзкі суд Менску актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова за расьцяжку напярэдадні парлямэнцкіх выбараў. 3 верасьня на пуцеправодзе цераз Байкальскую вуліцу зьявілася расьцяжка з патрабаваньнем свабодных і сумленных выбараў. Міліцыянты затрымалі за яе вывешваньне актывістаў Леаніда Кулакова і Максіма Вінярскага. Адметна, што, склаўшы пратаколы, актывістаў з управы міліцыі адпусьцілі, але потым зноў затрымалі за тую ж акцыю. «Давялося тлумачыць, што пратакол на нас ужо складзены», — казаў Леанід Кулакоў.

23 верасьня актывіста судзіла судзьдзя Вера Галаўкова.

«Судзьдзя — маладая яшчэ жанчына. Заявіў ёй адвод, дык была вельмі зьдзіўленая, маўляў, я ж вам яшчэ нічога не зрабіла. Патлумачыў, што не давяраю судзьдзям у Беларусі, бо абараняюць рэжым, які крадзе ў нас будучыню. Потым прасіў для сябе арышт, а ня штраф, калі палічыць мяне вінаватым. Бо грошай сплачваць тыя штрафы ў мяне няма, столькі іх ужо атрымаў. Не, усё ж дала 50 базавых — гэта больш за 10 мільёнаў старымі грашыма. А ў мяне і новых няма», — сказаў карэспандэнту Свабоды Леанід Кулакоў.

Паводле зьвестак Кулакова, у тым жа судзе Алена Някрасава завочна судзіла Максіма Вінярскага. У суд актывіст не зьявіўся. «Сказалі, што дакладна асудзілі, але колькі далі штрафу, мне паведаміць адмовіліся», — кажа Леанід Кулакоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG