Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пальчыс: «Калі ўскрыюцца архівы КДБ, мне ні за што ня будзе сорамна»


Інтэрвію тыдня. Эдуард Пальчыс
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:16:02 0:00

Чарговы герой перадачы «Інтэрвію тыдня» — блогер Эдуард Пальчыс, аўтар і стваральнік сайта 1863х.com. Ён адказвае на пытаньне, ці спрабавалі яго вэрбаваць беларускія спэцслужбы, разважае пра тое, як трэба весьці інфармацыйныя войны, і тлумачыць, чаму карыстаецца пераважна расейскай мовай. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.

— Эдуард Пальчыс, таксама вядомы пад нікам Джон Сыльвэр, вёў папулярны патрыятычны сайт 1863x.com. 28 кастрычніка выйшаў на волю пасьля амаль 10 месяцаў за кратамі. Ён быў асуджаны на 1 год і 9 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.

Эдуард, калі вы пачыналі сайт, вы маглі ўявіць, чым гэта скончыцца?

— Канечне, не. Калі я ствараў сайт, у мяне не было надзеі, што яго будзе так шмат людзей чытаць. Самае страшнае, што мне ўяўлялася — што могуць пасадзіць на 15 сутак, альбо КДБ-шнікі падыдуць на вуліцы, возьмуць за локаць і скажуць: «Пойдзем пагаворым». Але ў выніку атрымалася ўсё па-кіношнаму, з крымінальнымі справамі, паездкамі, пераездамі.

— Але калі вы дапускалі 15 сутак, значыць, было адчуваньне, што нейкія рэпрэсіі могуць быць. Чаму?

— У нас кожны, хто пачынае пісаць нешта палітычнае, можа трапіць пад ціск. У нас усе, хто адносіцца да журналістаў-фрылансэраў, зазнаюць ціск з боку сілавікоў. У 2015 годзе па рэгіёнах часта давалі штрафы. Калі ты займаесься свабоднай інфармацыяй, то трапляеш пад увагу «каго трэба».

— І калі вы апынуліся за кратамі, наколькі гэта для вас было шокам? І чым гэта, на вашу думку, магло скончыцца?

— Шок быў вялікі, менавіта таму, што я думаў, што мяне хочуць пасадзіць не за блог, а прыдумаюць нешта іншае. Бо ў маім разуменьні заводзіць крымінальную справу за блог — гэта было ўпершыню ў Беларусі, для мяне гэта быў ідыятызм. Я доўга ня мог усьвядоміць, што яны так сур’ёзна паставіліся да блога, дзе было шмат гумару, сарказму.

— Калі б вы пісалі такія рэчы пра амэрыканцаў, літоўцаў ці нават украінцаў — то ўлады гэтага б не заўважылі. Але ўся праблема ў тым, што вы пісалі гэта пра расейцаў.

— Так, вядома. Я быў ананімны і непадкантрольны, тым больш у год выбараў. Таму іхняя празьмерная ўвага да мяне нарадзілася сама сабой. Можа, яны думалі, што я шпіён, ці завэрбаваны, ці гуляю ў нейкія гульні. Параноя ў нашай краіне квітнее.

Што да Расеі, то ў нашых сілавых структурах шмат людзей, якія спачуваюць Расеі, лічаць іх «братамі». І гэта таксама згуляла сваю ролю.

У майго сьледчага ў кабінэце Крым быў зафарбаваны як тэрыторыя Расеі

— Вы гэта гаворыце чыста тэарэтычна, ці падчас сьледчых дзеяньняў з вамі вы бачылі нейкія пацьверджаньні гэтым думкам?

— У майго сьледчага ў кабінэце Крым быў зафарбаваны як тэрыторыя Расеі. Ужо была зразумелая ягоная асабістая пазыцыя.

— Вас спрабавалі вэрбаваць на тым ці іншым этапе вашай гісторыі? Ці былі нейкія намёкі ці спробы дасягнуць нейкай «згоды»?

— Былі нейкія агульныя размовы. Але яны хутка зразумелі, што я ня той чалавек, які вэрбуецца, і ўсе такія размовы спыніліся. Бо я адразу сказаў, што я нічога не зраблю з таго, за што мне будзе сорамна, я лепш пайду ў турму. І я не зрабіў нічога такога, за што можа быць сорамна, у мяне няма ніякіх агентурных імёнаў, папераў, расьпісак. Калі ўскрыюцца архівы КДБ, мне ні за што сорамна ня будзе.

— Ці лічыце вы, што рашэньне суду па вашай справе стала вынікам пэўных геапалітычных разьлікаў беларускай улады, вынікам таго, што называюць нармалізацыяй адносінаў з Захадам? І што вы адчулі, калі пракурор запатрабаваў для вас 3,5 года зьняволеньня — зусім ня тое, што вы ў выніку атрымалі?

— Я прыблізна так і ўяўляў, што столькі запатрабуюць. Седзячы там, я вывучыў гэтую правапрымяняльную практыку і чакаў, што недзе 2,5 года мне могуць даць. Але дзякуючы грамадзкай падтрымцы, дзякуючы таму, што мяне прызналі палітвязьнем і прыцягнулі ўвагу — то вы ўсе мяне і выцягнулі на ўмоўны тэрмін.

— Вы пісалі на сваім сайце даволі простай мовай, даступнай самым шырокім слаям чытачоў. Гэта ваш лірычны герой ці вы асабіста?

Мая арыентацыя была на 15—20-гадовых, максымум — 25-гадовых людзей

— Мая арыентацыя была на 15—20-гадовых, максымум — 25-гадовых людзей, якія яшчэ ня ведаюць нейкіх палітычных ці гістарычных фактаў. І калі яны заходзяць на сайт незалежнай прэсы, то адчуваюць пэўную чужароднасьць. Бо там разумны тэкст, камэнтарыі...

— ...Напрыклад, на Радыё Свабода?

— Так, у вас вельмі разумныя тэксты, таму ня ўсе «хлопцы з раёнаў» могуць іх успрымаць. Я пісаў менавіта для моладзевай аўдыторыі. Таму там больш лірычны герой, чым рэальны я.

— Напрыклад, людзі з процьмай дыплёмаў розных унівэрсытэтаў і высокім інтэлектуальным узроўнем пішуць простымі фразамі дэтэктывы для шырокіх народных масаў. Тое, што вы пісалі для сайту — гэта ваш узровень, ці вы з пэўнай інтэлектуальнай вышыні наўмысна спускаліся на ўзровень свайго чытача?

— Я не лічу, што я знаходжуся на нейкай вышыні, я звычайны чалавек. Калі казаць пра тэксты... Так, я люблю шкадлівы гумар, сарказм, іронію — таму... так, у тэкстах ёсьць мае рысы характару.

— Гэтыя дні вы даяце па тры інтэрвію на дзень — тое, што называюць «15 хвілін славы». Але ж гэта пройдзе. Ці будзе вам лёгка прыняць тое, што празь некалькі тыдняў пра вас у пэўнай ступені забудуць?

— Уласна, я гэтага і чакаю. Я звычайны чалавек, і той шум, які цяпер вакол мяне — гэта заслуга ўсіх маіх чытачоў, журналістаў, актывістаў. Тых людзей, якія разумеюць, што за выказваньне свайго меркаваньня ў сеціве могуць пасадзіць усіх, а ня толькі Пальчыса. І што гэта вельмі важна. Гэтая ўвага сыдзе, і я цалкам камфортна гэта прымаю. Буду адпрацоўваць нейкімі дзеяньнямі, артыкуламі тое, што мне людзі даверылі.

— Сайт ваш, відавочна, улады зачыняць ці проста не дадуць яго весьці. Дзе вы думаеце прыкладаць свае здольнасьці надалей?

Будзем за сайт змагацца ў судзе да апошняга

— Будзем за сайт змагацца ў судзе да апошняга. Нават калі ў судзе яго прызнаюць экстрэмісцкім, буду юрыдычна разьбірацца, каб працягваць менавіта яго. На крайні выпадак ёсьць сацыяльныя сеткі, ёсьць незалежная прэса — калі там спатрэбяцца мае артыкулы, буду з радасьцю супрацоўнічаць.

— Але журналістыка і блогерства — гэта розныя рэчы, і паводле адказнасьці, і ў сэнсе прафэсійных падыходаў. Вы думаеце, што гатовы да журналістыкі?

— Сэнсу таго, што я раблю, можна дасягаць рознымі шляхамі. Я спрабаваў праз ананімнае блогерства. Але гэта ж самае можна рабіць і праз журналістыку, праз грамадзкую дзейнасьць. Мэта адна, спосабы і інструмэнты розныя.

— Калі пачаўся Крым і потым Данбас, то ўкраінцы ў адказ на інфармацыйную вайну, якую павяла супраць іх у інтэрнэце Расея, разгарнулі свае віртуальныя баявыя дзеяньні. Яны пачалі таксама запускаць фэйкі, дэзынфармацыю. Карацей, на вайне як на вайне. Гэта назвалі «канапавымі войскамі». Ці патрэбныя такія злучэньні Беларусі, як вы думаеце? І хто гэта павінен рабіць?

— «Інфармацыйныя войскі» вельмі патрэбныя Беларусі. Усе асноўныя краіны гэта робяць. Што да Беларусі, дык нам нават ня трэба хлусіць і прыдумляць. Мы вельмі чыстыя і шчырыя ў сваіх мэтах — захаваньне незалежнасьці і прадухіленьне пагрозаў нашай краіне. Таму ня трэба нічога хлусіць, трэба раскрываць чужую хлусьню.

Мы вельмі чыстыя і шчырыя ў сваіх мэтах — захаваньне незалежнасьці і прадухіленьне пагрозаў нашай краіне

Хто гэтым павінен займацца? Усе, у тым ліку і дзяржаўныя СМІ, бо мы ім плацім падаткі. Усе мы ў адной лодцы. Паасобку іхняя прапагандысцкая машына нас раздушыць. Што БТ і «Беларусь сегодня» проціпаставіць ОРТ і «Лайфньюс»?

— Тым больш што яны асабліва і ня хочуць процістаяць...

— У іх няма матыву, загаду і кадраў.

— Але гэта ня могуць быць журналісты, у іх іншая функцыя. Калі яны зоймуцца прапагандай, ім ня будуць давяраць.

— Я пра гэта і казаў, што нам ня трэба фэйкаў, ня трэба нічога прыдумляць. Трэба толькі раскрываць тое, што льецца з таго боку, гаварыць людзям праўду. Журналісты проста, як хірургі, павінны гэтыя нарывы ўскрываць, паказваць сапраўдны твар расейскай прапаганды.

— Я бачыў вашы адказы на пытаньне, чаму вы не карыстаецеся беларускай мовай. Вы казалі, што гэта такі маркетынгавы ход, што на расейскай мове трэба неяк агітаваць за беларускую мову. Але цяпер вы даяце інтэрвію для Радыё Свабода, вы ня пішаце тэкст на свой сайт. Усе слухачы і чытачы Радыё Свабода разумеюць беларускую мову. Чаму вы ў гэтым інтэрвію не гаворыце па-беларуску?

— Я хачу, каб зьнікалі сьцены паміж рознымі слаямі грамадзтва. Мы ўсе заадно, за пэўныя каштоўнасьці, але прыдумляем сабе бар’еры. Спрэчка вакол мовы — гэта дурны бар’ер. Я прыводзіў прыклад ірляндцаў, якія гавораць на ангельскай мове. Але паспрабуйце ім нешта сказаць пра іхнюю мову — атрымаеце жорсткі адпор. Ня трэба выдумляць нейкія бар’еры, трэба шукаць, што нас аб’ядноўвае.

— Але такі падыход аўтаматычна вядзе да зьнікненьня беларускай мовы. Калі нават беларускамоўныя будуць гаварыць па-расейску (каб усе астатнія разумелі), то ў выніку ўсе і будуць гаварыць па-расейску.

— Дык я на расейскай мове на сваім сайце ўвесь час прапагандую беларускую мову. Калі я радыкальна буду прэсаваць рускамоўнага — чаму ён не беларускамоўны — то ў яго будзе адмова, ён падумае, што беларускамоўныя — гэта нейкія сэктанты. Трэба павольна пераконваць, што беларуская мова — гэта някепска, гэта гістарычна правільна, каб ён хаця б сваіх дзяцей аддаў у беларускамоўны садок ці школу.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG