Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Над полем ільну чэрці ня лёталі» — клічаўская майстрыца раскрывае сакрэты вышыванкі


«Вышыванка ня можа рабіцца для благога. У ёй заўжды дабрыня» — Валянціна Нікіціна з Клічава шые беларускую адзежу. Прылавак зь яе вышыванымі вырабамі мы знайшлі на пешаходнай магілёўскай вуліцы Ленінскай. Назва вуліцы моцна дысануе з тым, што бачым перад вачыма. Карціць Ленінскую назваць гэтак, як называлі яе здавён магілёўцы, — Ветраная. Надвячоркам народу на ёй процьма.

Рамяству вышываньня Валянціну навучылі яшчэ бацькі. Тое, хто вышывае, кажа яна, пра кепскае думаць ня мусіць.

Валянціна Нікіціна

Валянціна Нікіціна

Нітка блытаецца, значыць, чалавек пражыве даўжэй

На стале-прылаўку майстрыхі раскладзеныя паясы, вялікі выбар лялек-абярэгаў, ручнікі. Побач на шастку вывешаныя сарочкі-вышыванкі. Бел-чырвона-белая расфарбоўка асабліва кідаецца ў вочы.

«Белы колер — гэта ж колер чысьціні, а чырвоны — само жыцьцё. Выходзіць, што гэтыя колеры азначаюць «Чыстае жыцьцё», — тлумачыць сваё разуменьне ўлюблёнай беларускай колеравай гамы Валянціна Міхайлаўна.

«Вышыўкай я займаюся колькі сябе памятаю, — кажа яна. — У маім родзе ёю займаліся і родзічы па бацькавай лініі, і па матчынай. З маленства я назірала, калі яны сядзелі за сталом, як кладзецца нітачка ў мамы і, як у цётачкі. Прыкмячала, што яны па-рознаму кладуцца. Чаму, дзівілася, у адной голка сьлізгала па тканіне, а ў другой затрымліваецца. Чаму ў адной нітка скручваецца, а ў другой ідзе гладзенька...».

Муж майстрыхі Васіль Мікалаевіч

Муж майстрыхі Васіль Мікалаевіч

«Чаму?», — заінтрыгавана пытаю ў суразмоўніцы.

«Калі нітка блытаецца падчас вышыўкі, то гэты чалавек пражыве даўжэй. Такая прыкмета. Гэта не маё назіраньне», — з усьмешкай адказвае кабета.

«Як раней было? Зьбіраліся жанчыны ў адной хаце на свае вячоркі, як была паробленая праца па гаспадарцы. На комінку стаяла лямпа. Да яе бліжэй садзіліся вяскоўкі і вышывалі. Пазьней, як зьявілася электрычнасьць, садзіліся ўжо за сталом...».

Каб дабрабыту хапала і жыцьцё шчасьлівым было

Аповед Валянціны Міхайлаўны перарвалі дзьве жанчыны, якія падышлі да яе прылаўку зь дзецьмі.

Беларускія сарочкі-вышыванкі

Беларускія сарочкі-вышыванкі

«І гэта ўсё беларускае?», — зь недаверам спыталі жанчыны.

«Так!», — адказала майстрыха.

«І напраўду гэтыя лялькі дапамагаюць ад дурнога вока?», — зноў зь недаверам зьвярнуліся да Валянціны Міхайлаўны.

«Гэтак казалі нашы продкі, — адказала яна і дадала: — А гэта лялька, каб дабрабыт у хаце вёўся. А гэтыя лялькі: беларус і беларуска».

Дзеці настойліва даймалі дарослых, каб яны купілі хоць нешта. «А давайце, каб дабрабыту больш было», — ужо па-беларуску зьвярнулася да майстрыхі адна з жанчын.

І гэта ўсё беларускае!

І гэта ўсё беларускае!

«Як будзе ісьці вуліцай яшчэ раз, то падыходзьце і ад мяне пачуць нешта новае пра наша беларускае», — на разьвітаньне адказала Валянціна Міхайлаўна.

«У вышываньні ёсьць таямніца, якую заклалі здавён нашы продкі. Паглядзіце колькі ў вышыўцы розных значкоў, — пасьля гутаркі з пакупнікамі працягнула майстрыха. — Я абʼезьдзіла шмат вёсак і прыглядалася найперш, што закладзена ў ручніках. Сарочак-вышыванак я бачыла дужа мала. Захавалася ў мяне сарочка татава і сьвёкрава. Узоры, якія ёсьць на іх, нясуць цеплыню тых рук, што выткалі іх. Кожная з іх сапраўдны цуд».

Над полем ільну нават чэрці ня лёталі

Суразмоўніца паказала ўзор, як выглядала сарочка ейнага таты на адной з сваіх лялек.

«Яна вясельная. А ляльку гэту завуць Міхась, як майго тату. У таты не было паяска, а я для лялькі зрабіла пад кожны колер. Іх на сарочцы пяць. На кожнай сарочцы з вышыўкай мае быць абавязкова простая палоска зьверху да нізу. Гэта сымбаль бясконцага жыцьця. Пажаданьне доўгага веку. Ромбікі з кропачкай — гэта засеянае поле. А гэта ўжо дабрабыт. Кветкі на ручніках — гэта сымбаль яркага, шчасьлівага жыцьця. Вы ж прыгледзьцеся да ручнікоў на вясельлі. Ня ўсё так проста», — крыху прыадкрыла журналісту таямніцу беларускага арнамэнту Валянціна Міхайлаўна.

«Для жанчыны вышыванка мусіць быць за абярэгам на руках і грудзях. Гэта сьвятое. У мужчынскай сарочцы мусіць быць абярэг сьпераду і абавязкова ніз рукава. Абавязкова пояс мусіць быць. У мужчыны ён бароніць мужчынскі пачатак. Тое ж і ў жанчыны мае быць», — скончыла ўрок вышыванкі майстрыхі.

Паясы-абярэгі — абавязковы элемэнт беларускага нацыянальнага строю

Паясы-абярэгі — абавязковы элемэнт беларускага нацыянальнага строю

«Вышыванка ня можа рабіцца для благога. Заўжды ў ёй толькі дабрыня. Вышываючы жанчына ня мусіць думаць пра кепскае, — дадае майстрыха. — Таму, на вышываныя працы можна глядзець гадзінамі і вачэй не адвядзеш».

«Для нашага адзеньня бралася тканіна з ільну. Яна асаблівая: і ў холад грэла і ў сьпёку яна не дае перагравацца арганізму. У даўніну ж як казалі: „Над ільняным полі нават чэрці ня лёталі“. Гэтая нечысьць баіцца ільну. Наш беларускі лён нясе ачышчэньне, асьвятленьне; тое, што мусіць быць у чалавеку», — распавядае Валянціна.

Яна кажа, што ёй крыўдна, калі ў беларускай краме няма вырабаў з ільну. У Клічаў наагул ільну не прывозяць, там даводзіцца нямала езьдзіць, каб прыдбаць гэтага матэрыялу. Тканіны ж з ільну для маіх сарочак, для вышыўкі і лялек наагул няма ў продажы. «Прадаўцы кажуць: „Няма. Едзьце ў Воршу на ільнозавод“. А як туды наезьдзіш? Дорага», — паскардзілася журналісту майстрыха.

Чыноўнікаў у вышыванкі

Валянціна Міхайлаўна даўно на пэнсіі. Усё сваё працоўнае жыцьцё адрабіла пэдагогам. Цяпер разам з мужам Васілём Мікалаевічам свае вырабы возяць па фэстах нацыянальнай культуры, ці, як у Магілёве, выстаўляе на людных вуліцах.

Яна сябра Беларускага саюзу майстроў народных творчасьці, а яе вышыванкі перамаглі на конкурсе «Вясновы букет».

Пытаюся, а чаму беларусы дапусьцілі, каб іхны нацыянальны строй страціў папулярнасьць?

Прыкладна гэтак выглядала сарочка таты Валянціны Міхайлаўны

Прыкладна гэтак выглядала сарочка таты Валянціны Міхайлаўны

«Мануфактура, відаць, у гэтым вінаватая. Беларусы хацелі выглядаць, як ім падавалася, прыгожымі. Як усе! Як тыя кураняты з аднаго гнязда!», — адказвае суразмоўніца і пасьля роздуму дадае:

«На вялікі жаль, нашы кіраўнікі апранаюцца на нацыянальныя сьвяты, як у звычайны будзень. У іх беларускасьці і блізу няма. Аднак нам давялося аднаго пабачыць. Мы былі ў Дрыбіне, на фэсьце „Дрыбінскія таржкі“, і да нас падышоў намесьнік старшыні тамтэйшага райвыканкаму ў беларускім убраньні. На яго было прыемна глядзець і хацелася гаварыць з ім. Тады падумалася: „Во, гэты чыноўнік прыйшоў у народ такім, якім мусіць быць выхадзец з народу“. Хочацца бачыць гэткае на кожным сьвяце. Каб кіраўнікі ішлі да народа з народа».

Беларускія цацкі. Вырабленыя без іголкі

Беларускія цацкі. Вырабленыя без іголкі

На думку Валянціны Міхайлаўны, рабіць вышыванкі, ня ведаючы беларускай мовы, ня слушна. «Як ня ведаеш мовы, то гэтае рамяство губляе гармонію. Да жалю, такая загана ёсьць сярод майстроў гэтай справы. Трэба вучыць мову, каб адчуць напоўніцу радасьць ад вышываньня нацыянальнага арнамэнту», — зазначыла суразмоўніца.

Валянціна Міхайлаўна і Васіль Мікалаевіч выгадавалі шасьцярых дзяцей. Трое дачок таксама перанялі матчына рамяство. Зь імі маці абмяркоўвае свае вырабы праз інтэрнэт.

«Любоў да вышыванкі мусіць прыходзіць з маленства. Я ніколі не забараняю малым, якія падбягаюць да маіх вырабаў, кранаць іх», — заўважае на разьвітаньне Валянціна Міхайлаўна. 2 ліпеня майстрыца выяжджае «на гастролі» ў Менск на Дзень вышыванкі.

Абмен: малы аддае машыну за цацку-абярэг

Абмен: малы аддае машыну за цацку-абярэг

«Калі такая любоў зьявіцца, — зазначае яна, — тады ў кожнай беларускай сямʼі будзе вышыванка, якую будуць апранаць. Можа мы прыйдзем да гэтага праз такія, някідкія, лялькі-абярэгі. Я заўжды запрашаю дзетак у свой «музэй», як я называю свой прылавак, і кажу: «Заходзьце, глядзіце. Грошы за гэта не бяру. Дый экскурсавод сядзіць на месцы».

Вырабы майстрыхі з Клічава

Вырабы майстрыхі з Клічава

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG