Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Калі ўжо БРСМ праводзіць „Дзень вышыванкі“, мы мо і ня будзем больш», — дырэктар «Арт Сядзібы»


Згодна з пастановай Саўміну БРСМ ладзіць ​2 ліпеня «Дзень вышыванкі» пад менскім Палацам спорту. У праграме дэфіле «Пад сьцягам з вышыванкай», раздача стужак з арнамэнтам, дэфіле ў касьцюмах з вышыўкай і эстрадны канцэрт.

Сваю дапамогу ў правядзеньні «Дня вышыванкі» БРСМ прапаноўвала «Арт Сядзіба», у якой пазычылі ідэю сьвята. Сярод прапановаў да БРСМ былі «Арт-фано», «Сьпеўны сход», выступы паэтаў і бардаў, беларускія гульні, выступы гуртоў Amaroka, Hurma, Lepšy kvas, Navi, Recha і Vuraj. Усё гэта прапаноўвалася зрабіць за ўласныя грошы.

Але як паведаміў Свабодзе дырэктар «Арт Сядзібы» Павал Белавус, прапановы ў БРСМ адхілілі, бо «праграма ўжо зацьверджаная». Таксама не знайшлося месца і пад стэнд «Арт Сядзібы», дзе тая хацела б прадаваць вышыванкі, вышымайкі і іншую «нацыянальную» прадукцыю.

Павал Белавус

Павал Белавус

У БРСМ сытуацыю Свабодзе не пракамэнтавалі.

«Казалі ў БРСМ, што ідэя файная, спадабалася, але, зразумейце, што мы не адны арганізатары, іншыя кажуць, што праграму ўжо ня будуць мяняць, — адзначыў у інтэрвію Свабодзе Павал Белавус. — Тэлефануючы, хацелі праверыць, як усё гэта адбываецца, але вынікі паказалі, што хутка і лёгка прымаць рашэньні, пагаджацца на такія прапановы яны не гатовыя. Гэта вельмі адрозьнівае іх ад нас, бо мы адкрытыя да ўсіх: недзяржаўных, апазыцыйных, дзяржаўных.

З праграмы няясна, ці будзе гэта сьвята „ў сялянскім стылі“, ці сучаснае моладзевае — з прадстаўнікамі субкультураў і рок-гуртамі. Мы мабыць туды пойдзем, каб паглядзець, як там усё адбываецца. Але ператвараць мерапрыемства ў мітынг, у апазыцыйнае шэсьце мы, вядома ж, ня будзем. Ёсьць, праўда, адна ідэя. Тым, хто будзе там, мы думаем прапанаваць цішоткі з Пагоняй. Цікава будзе паглядзець, як людзі адрэагуюць. Але зрываць мерапрыемства, спальваць там сябе на плошчы, вядома ж, ня будзем. Проста, добра было б, калі б людзі прыходзілі на мерапрыемства і паказвалі, што апроч вышыванкі ёсьць яшчэ і іншыя нацыянальныя сымбалі.

Можа, калі-небудзь і БРСМ правядзе «Дзень пад знакам Пагоні»

Спадзяемся прывучаць паважаць Пагоню і бел-чырвона-белы сьцяг. Паказваць, што сымбалі, якія дзяржава лічыць... ня вельмі бясьпечнымі — што яны не такія і страшныя. Што яны карыстаюцца попытам і павагай, нават у тых, хто нарадзіўся пасьля 1995 году і ўсё жыцьцё жыў пад чырвона-зялёным сьцягам. Можа, калі-небудзь і БРСМ правядзе „Дзень пад знакам Пагоні“.

Але калі ўжо БРСМ праводзіць „Дзень вышыванкі“, мы мо і ня будзем болей. Бо як ёсьць дзяржаўны і недзяржаўны Саюз журналістаў, Саюз пісьменьнікаў, Дзень незалежнасьці... Мы падумалі, што мы вышэйшыя за тое, каб рабіць недзяржаўны „Дзень вышыванкі“ насуперак дзяржаўнаму — такую барацьбу зь ветракамі весьці. Мо зробім ня „Дзень вышыванкі“ ўжо, а той жа „Дзень пад знакам Пагоні“ да пяцігодзьдзя арганізацыі — ідэяў шмат».

Дарэчы, БРСМ ладзіць конкурс сэлфі ў вышыванках пад расейскамоўным хэштэгам #вышиванка. Але не абыходзіцца без «ідэалягічных дывэрсіяў»: у шэраг конкурсных здымкаў карыстальнікі сацыяльных сетак устаўляюць нацыянальную сымболіку:

XS
SM
MD
LG