Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Качка LifeNews пра «беларускіх тэрарыстаў» так ці інакш кідае цень на Беларусь


Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Паведамленьні расейскіх СМІ пра «беларускі сьлед» у брусэльскіх тэрактах маглі быць часткай інфармацыйнай кампаніі супраць Беларусі.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў палітычны аналітык і мэдыяэкспэрт Аляксандар Класкоўскі.

Аляксандар Класкоўскі мае дзьве вэрсіі, якія могуць тлумачыць, чаму адбыўся інфармацыйны ўкід наконт «беларускага сьледу» ў тэрактах у Брусэлі:

«Гэта ўсё пайшло ад такой крыніцы, як LifeNews. А вядома, што гэта клясычна жоўты сродак масавай інфармацыі. Таму мэта можа быць банальная, як і ў любой бульварнай прэсы — то бок разьдзьмуць зь нічога сэнсацыю і тым самым прыцягнуць увагу. Тады за гэтым стаіць проста пагарда да прафэсійнай журналісцкай этыкі, таму што ад самага пачатку было бачна, што там канцы з канцамі не сыходзяцца, у гэтай інфармацыі тырчалі белыя ніткі. Таму адна з вэрсіяў — гэта была проста грубая бульваршчына», — кажа экспэрт.

Іншая вэрсія, працягвае Класкоўскі, — гэта тое, што «беларускі сьлед» у брусэльскіх тэрактах быў часткай мэтанакіраванай прапагандысцкай акцыі Масквы:

«Гэтая вэрсія можа выглядаць, умоўна кажучы, кансьпіралягічнай. Але калі ведаць, што і LifeNews, і некаторыя рэсурсы адразу падхапілі вось гэтую качку, то пры жаданьні тут можна ўбачыць і пэўныя палітычныя мэты.

Натуральна, што гэтая псэўдасэнсацыя, што беларусы нібыта датычныя да тэрактаў у Брусэлі, абляцела многія рэсурсы, і яна так ці інакш кідае цень на Беларусь, выклікае пытаньні. А ў зьвязку з тым, што паралельна, у прыватнасьці, праходзіць візыт польскага міністра замежных спраў і наагул цяпер намеціўся выразны трэнд на нармалізацыю дачыненьняў паміж Беларусьсю і Захадам, можа ўзьнікнуць думка, што, можа, камусьці там на Ўсходзе гэта не падабаецца.

Але я б ня стаў на падставе аднаго ўкіду адразу рабіць такія высновы. Я хачу падкрэсьліць, што гэта толькі вэрсія, і варта адсачыць, як яно будзе далей — ці набудзе гэта характар нейкай кампаніі? Тады можна будзе рабіць больш выразныя высновы», — падкрэсьлівае экспэрт.

Між тым Класкоўскі прызнае, што апошнім часам некаторыя расейскія СМІ пэрыядычна спрабуюць «пакусваць Беларусь і беларускія ўлады».

«Нават такія публікацыі зьяўляюцца, што Лукашэнка ўжо тут здрадзіў Маскве, павярнуў на Захад, ператварыў Беларусь у гадавальнік заўзятых нацыяналістаў, „беларускіх бандэраўцаў“ і г.д.

З аднаго боку, гэтая тэма пакуль не выходзіць на такія буйныя мэйнстрымныя рэсурсы. Але, зь іншага боку, паколькі раз-пораз такога кшталту ўкіды робяцца, ужо ўзьнікае думка, што гэта пэўны зандаж глебы і, можа, праверка нэрваў беларускага кіраўніцтва, можа, пэўныя званочкі, што, маўляў, „мы цябе кантралюем“.

Так што калі гаворка ідзе пра расейскую прапаганду, асабліва пасьля Крыму, пасьля таго як яны паказалі поўнае пагарджаньне агульначалавечымі нормамі, калі вытворчасьць фэйкаў была пастаўлена на канвэер, то чакаць можна ўсяго.

Гэта сапраўды тэрмаядзерная зброя Крамля, і таму любыя тэндэнцыі, якія так ці інакш тычацца Беларусі, варта вельмі ўважліва адсочваць», — лічыць Класкоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG