Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія матацыклісты, а не тэрарысты. Першыя падрабязнасьці пра братоў Доўбашаў


Халід Доўбаш, фота з старонкі «Ўкантакце»

Халід Доўбаш, фота з старонкі «Ўкантакце»

«Ён ні пры чым. У адваротным выпадку яго б ужо пасадзілі ў турму». Свабода пагаварыла са знаёмымі Сулеймана й Халіда Доўбашаў, якіх расейскі тэлеканал «Лайфньюз» залічыў да тэрарыстаў.

Мяркуючы па сьпісе сяброў у сацыяльных сетках, Аляксей і Іван Доўбашы — актыўныя матацыклісты. Гэта пацьвердзілі некалькі іхніх знаёмых з Гомеля. Адзін зь іх распавёў некаторыя падрабязнасьці пра Аляксея (Халіда).

«З год таму мы пазнаёміліся ў гомельскай мотатусоўцы, — сказаў хлопец, які папрасіў не называць ягонага імя. — Але ні ў якіх мотаклюбах ня ўдзельнічаем — мы проста матацыклісты».

Па ягоных словах, браты жывуць у Гомелі. Але сёньня ён зьвязваўся з Халідам, і той пацьвердзіў, што знаходзіцца ў Брусэлі.

Нягледзячы на тое, што профілі Доўбашаў «Укантакце» падпісаныя арабскімі імёнамі, крыніца Свабоды называе Халіда іменем Аляксей.

Таксама ён упэўнены, што Халід Доўбаш не датычны да тэрактаў, пра што той казаў і ў інтэрвію Свабодзе.

«Я практычна ўпэўнены, што Аляксей ні пры чым. У адваротным выпадку яго ўжо пасадзілі б у турму».

Мікіта Матвеенка, іншы гомельскі байкер, апавёў, што Аляксей «павернуты на ісламе, і ў яго шмат такіх жа сяброў у сацсетках», перадае Эўрарадыё. У той жа час, кажа Мікіта, ад Доўбаша ня чулі ні пра Ісламскую дзяржаву, ні пра джыхад.

«Ён сам беларус, прыяжджае да бабулі. Быў у Гомелі цэлае мінулае лета. Нармальны чалавек. Папросіш, каб пазычыў грошы, пазычае без пытаньняў і кажа, што ня трэба вяртаць», — кажа Матвеенка.

Як ужо раней расказалі Свабодзе абодва браты Доўбашы, падазрэньне на свой адрас яны лічаць справай рук журналістаў з «Лайфньюз». Пасьля публікацыі пра іхнюю датычнасьць да тэрарыстычнай дзейнасьці да іх ніхто не зьвяртаўся. Больш за тое, браты самі зьвярталіся ў спэцслужбы па тлумачэньні.

«Там нам адказалі, што нічога падобнага ім не вядома і супраць нас яны нічога ня маюць», — сказаў Сулейман Доўбаш.

Свабода сочыць за разьвіцьцём падзей.

XS
SM
MD
LG