Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аказваецца, можна нахіляць і ненахіляемых» — Ярашук пра адмену дэкрэту № 9


Belarus - The meeting of Independent Trade Unions in Minsk. Minsk, 7Oct2015
Belarus - The meeting of Independent Trade Unions in Minsk. Minsk, 7Oct2015

Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка адмяніў свой дэкрэт № 9 «Аб дадатковых мерах па разьвіцьці дрэваапрацоўчай прамысловасьці» ад 7 сьнежня 2012 году.

Пра тое, што дэкрэт страціў сілу, паведаміў на падставе ўказу кіраўніка дзяржавы № 182 ад 27 траўня Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал. Тэкст самога ўказу пакуль не публікуецца.

У паведамленьні адзначаецца, што дэкрэт № 9 прымаўся «ў мэтах павышэньня эфэктыўнасьці выкарыстаньня мер дзяржпадтрымкі падчас рэалізацыі інвэстпраектаў па разьвіцьці дрэваапрацоўчай прамысловасьці, умацаваньня працоўнай дысцыпліны і матэрыяльнага стымуляваньня работнікаў».

Дэкрэт № 9 крытыкавала апазыцыя і незалежныя прафсаюзы Беларусі, асудзілі яго і буйныя міжнародныя прафцэнтры. Дэкрэт прадугледжваў, сярод іншага, перавод на кантрактную форму найманьня працаўнікоў дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў — «Барысаўдрэў», «Віцебскдрэў», «Гомельдрэў», «Івацэвічдрэў», «Мастоўдрэў», «Рэчыцадрэў», «ФанДАК», «Магілёўдрэў» і Мазырскага дрэваапрацоўчага камбінату.

Згодна з дэкрэтам датэрміновае скасаваньне кантрактаў у пэрыяд рэалізацыі інвэстыцыйных праектаў з ініцыятывы работнікаў дапускалася толькі са згоды наймальніка.

У выпадку парушэньня работнікамі сваіх працоўных абавязкаў і звальненьня «за вінаватыя дзеяньні» сума атрыманай імі за пэрыяд працы штомесячнай грашовай выплаты падлягала вяртаньню.

За парушэньне падрадчыкам (субпадрадчыкам, праектнай арганізацыяй) тэрмінаў выкананьня працаў па рэалізацыі інвэстыцыйных праектаў дэкрэт прадугледжваў адміністрацыйную адказнасьць: штраф службовай асобе —ад 10 да 100 базавых велічынь, юрыдычнай асобе — ад 50 да 500.

Камэнтуючы навіну пра тое, што дэкрэт № 9 страціў сілу, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук напісаў у фэйсбуку, што гэты «адыёзны дэкрэт спарадзіў прымусовую працу з забаронай на звальненьне рабочых у дрэваапрацоўцы».

2 чэрвеня ў Жэнэве пытаньне аб прымусовай працы ў Беларусі будзе разглядаць Міжнародная канфэрэнцыя працы.

«Аказваецца, можна нахіляць і ненахіляемых, калі прынцыповасьць зьяўляецца складовай часткай сыстэмнасьці ў працы. Можна сабе ўявіць, на які балючы мазоль прыйшлося наступіць незьмяняльнаму беларускаму прэзыдэнту, каб прынесьці ў ахвяру сваю сьвятую карову — дэкрэт, няхай сабе ён і не працаваў. Прычым ужо другі раз.

Год назад, як вядома, напярэдадні такой жа Канфэрэнцыі працы быў адменены дэкрэт 2 у частцы, якая тычыцца парогу колькасьці, неабходнага для стварэньня прафсаюзу на прадпрыемстве.

Я не перабольшваю таго, што адбылося, і ня маю ілюзіяў наконт магчымасьці прынцыповай зьмены палітыкі цяперашняй улады адносна правоў працоўных і прафсаюзаў. Але і не прымяншаю значнасьць таго, што здарылася, з пункту гледжаньня магчымасьці дамагацца выніку не крыклівымі заявамі, кідкімі лёзунгамі і пустымі пагрозамі, а ўдумлівай, мэтанакіраванай, карпатлівай, сыстэмнай працай. Мы з маім калегамі па Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў працягваем барацьбу за будучыню працоўных, усяго народу нашай краіны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG