Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт пра спажыўкаапэрацыю: «Гэты мярцьвяк бервяном ляжыць і не пускае ў вёску прыватніка»


Белкаапсаюз — дзяржаўны манапаліст у гандлі на вёсцы і ў райцэнтрах — працуе сабе на страту. Агулам па краіне страты гэтага дзяржаўнага рытэйлу склалі 75 мільярдаў рублёў. Таваразварот у сельскіх крамах малы, а выдаткі на іх утрыманьне вялікія: у сярэднім кожная прыносіць у месяц страты ад 5 да 7 мільёнаў. Вясковыя крамы закрываюцца, людзі мусяць чакаць аўталаўкі ці ехаць у горад. А прыватнікаў у вёску не пускаюць — або ствараюць ім невыносныя ўмовы.

У Берасьцейскай вобласьці на сёньняшні дзень працуюць 1800 гандлёвых аб’ектаў Белкаапсаюзу, зь іх 1506 крамаў — у сельскай мясцовасьці, а таксама 74 аўтакрамы. Але кожны гандлёвы пункт, які працуе ў вёсцы, нясе страты ад 5 да 7 мільёнаў рублёў штомесяц, распавяла на прэсавай канфэрэнцыі Тацьцяна Ляшкевіч, прэсавы сакратар Белкаапсаюзу. Як вынік, дзяржаўныя крамы, 70% якіх прыпадае ў рэгіёне на вёску, прыносяць стратаў за год на 1 мільярд 250 мільёнаў рублёў.

Нястачы ў крамах аплачваюць супрацоўнікі

Сур’ёзная праблема крамаў Белкаапсаюзу — нястачы. У некаторых сельскіх крамах яны даходзяць да сотні мільёнаў рублёў. Гэтак, прыкладам, паказала рэвізія ў вёсцы Ябланка, што ў Івацэвіцкім раёне. Гісторыя з той нястачай завяршылася самагубствам, кажуць мясцовыя жыхары. А ў выніку крама ў гэтай вёсцы проста перастала існаваць, і цяпер тры разы на тыдзень у Ябланку прыяжджае аўталаўка.

У гарадзкіх крамах, дзе таваразварот нашмат значнейшы, чым у вёсцы, нястачы здараюцца яшчэ большыя. Адна з апошніх праверак у буйным гандлёвым цэнтры «Рамонак», што ў цэнтры Івацэвічаў, выявіла нястачу 48 мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы Белкаапсаюз мае спагнаць з працаўнікоў крамы. У выніку суму падзялілі пароўну паміж прадаўцамі, касірамі ды апэратарамі, і кожны супрацоўнік павінен выплаціць па 6 мільёнаў рублёў — удвая больш за месячны заробак. Праз тое, што працаўнікі гандлю нясуць матэрыяльную адказнасьць, ахвочых працаваць тут вельмі мала. Былая загадчыца адной з крамаў у Івацэвічах, спадарыня Ларыса, кажа, што ў выніку людзі трапляюць ледзь ня ў рабства:

«У мяне знаёмыя працавалі ў івацэвіцкай краме „Барвінак“. Нястача ў той краме летась склала ажно каля 100 мільёнаў рублёў. Дзяўчаты, якія павінны былі выплаціць гэтыя грошы, былі проста ў шоку. Уявіце, аддаць столькі грошай, калі ў цябе заробак 3–4 мільёны штомесяц! Выйсьце з сытуацыі — крэдыты, якія пазьней трэба аддаваць. А адну зь дзяўчат наагул перавялі на іншы аб’ект — у нехарчовую краму, дзе няма нястачаў. І вось яна працуе там, а заробак, які мае, адразу ж аддае ў бухгальтэрыю райспажыўсаюзу. Зразумела, што працаваць у такой сытуацыі зусім няма матывацыі і цікавасьці».

За нерэалізаваныя і пратэрмінаваныя прадукты плацяць прадаўцы

Наагул, нястачы ў дзяржаўнай краме — звычайная справа, распавядае былая працаўніца Івацэвіцкага райспажыўсаюзу Сьвятлана. Прычынаў некалькі.

Калі ў калектыве працуюць несумленныя людзі, яны крадуць. Нават калі пазьней нястача выявіцца і зладзеі таксама павінны будуць яе выплачваць, то церпяць яны менш, бо сума нястачы разьмяркоўваецца на калектыў пароўну.

Нястачы зьяўляюцца і таму, што мясцовае кіраўніцтва патрабуе забясьпечыць у малой краме шырокі асартымэнт тавараў.

«Ёсьць патрабаваньне, каб у краме быў пэўны асартымэнт. Прычым мясцовае кіраўніцтва райспажыўсаюзу сочыць за гэтым. І вось, калі чыноўнікі наведваюцца з рэйдам у краму, яны пачынаюць абурацца: „А чаму гэта ў нас паліцы пустыя?“ І тут жа замаўляюць нам тавары.

Мы спрабуем казаць, што няма попыту і гэтак далей. Але наша думка не цікавіць чыноўнікаў.

У выніку празь нейкі час у краму паступае прадукцыя. Тавары ў нас у асноўным харчовыя. Адпаведна, яны маюць абмежаваны тэрмін прыдатнасьці. Завозіцца гародніна, садавіна. А яе ніхто не набывае. На паліцах гэтыя прадукты хутка высыхаюць і неўзабаве маюць проста жахлівы выгляд, таму іх адназначна ніхто не набудзе.

Праходзіць месяц-другі, і мы вымушаны проста выкідаць гэты тавар, бо аддаць яго назад пастаўніку няма магчымасьці. І ў выніку ўсе кошты гэтага сапсаванага тавару мы плацім са сваёй кішэні.

Тое самае тычыцца і мясных, малочных вырабаў, кансэрваў, піва.

Толькі некаторыя пастаўнікі забіраюць у нас пратэрмінаваны тавар. А ўявіце, калі ў краме невялікі таваразварот, а чыноўнікі пастаянна замаўляюць сюды тавар! Мы ня можам яго не прыняць. А пасьля таго як харчы сапсуюцца, мы самі плацім за іх. Хіба гэта падыход?»

Таму ахвочых працаваць у крамах Белкаапсаюзу няма. Паводле Белстату, на Берасьцейшчыне колькасьць звольненых сёлета перавышае колькасьць прынятых на працу больш як на чвэрць. Сама спадарыня Ларыса звольнілася з крамы ў лютым. Кажа, што сысьці было надзвычай складана, мясцовае кіраўніцтва катэгарычна адмаўлялася яе звальняць. Толькі калі накіравала скаргу ў пракуратуру, атрымала працоўную кніжку і разьліковыя.

«Белкаапсаюз — вялізны холдынг, у якім няма рэальных гаспадароў»

Страты і нястачы ў сетцы Белкаапсаюзу, які падпарадкоўваецца Савету міністраў, — гэты вынік безгаспадарчасьці, кажа сустаршыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва, уласьнік прыватнай крамы ў Менску Віктар Маргелаў:

«У гандлі асабліва відавочна, што прыватная форма ўласнасьці больш выніковая. Белкаапсаюз — гэта вялізны холдынг, у якім выбудавана шматступенчатая форма кіраваньня, і ў выніку, калі няма рэальных гаспадароў, то не заўсёды ўдаецца дасягнуць лепшага выніку. Правільны гандаль — гэта галоўным чынам вытрымка балянсу, каб на рынку прысутнічалі розныя гульцы. Прычым неістотна, якая форма ўласнасьці, але каб нароўні з буйнымі сеткамі былі сярэднія і дробныя прадпрымальнікі. Калі балянсу няма — атрымаецца крайнасьць. Калі пераважаюць дробныя крамы, то гэта кепска, бо яны ня могуць забясьпечыць танныя кошты. Тое самае можна сказаць і пра буйныя крамы — яны калі пераважаюць, то ня ставяць на мэце зьніжэньне коштаў».

Гэтае чароўнае слова — аптымізацыя

Пры ўсіх праблемах, стратах і неэфэктыўнасьці працы дзяржава стараецца ратаваць Белкаапсаюз. Чыноўнікі кажуць, што дзяржаўны гандаль выконвае, апрача іншага, і сацыяльную функцыю — абслугоўвае сельскае насельніцтва. Тры тыдні таму Ўпраўленьне гандлю Белспажыўсаюзу даслала Радыё Свабода афіцыйны дакумэнт, які называецца «Аб аптымізацыі гандлёвай сеткі спажывецкай каапэрацыі»:

«70% абʼектаў працуюць у сельскай мясцоваcьці, зь іх больш за адну тысячу крамаў — у населеных пунктах з колькасьцю жыхароў менш за 100 чалавек...

У цяперашні час назіраецца тэндэнцыя скарачэньня колькасьці жыхароў у сельскай мясцовасьці, у сувязі з чым праводзіцца праца па аптымізацыі стратнай гандлёвай сеткі Белкаапсаюзу. Закрыцьцё крамаў — гэта крайняя мера, якая ажыцьцяўляецца толькі пасьля дакладнага аналізу іх працы і далейшых пэрспэктыў разьвіцьця населеных пунктаў».

Хоць крамы дзяржаўнага манапаліста Белкаапсаюзу ў вёсках закрываюцца, прыватнікаў туды стараюцца не пускаць. Церпяць пры гэтым людзі, сельскія працаўнікі, кажа старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:

«Спажыўкаапэрацыя сама ўжо недзеяздольная, анахранізм. Але гэты мярцьвяк бервяном ляжыць і не пускае ў вёску прыватніка. Я ведаю шмат прыкладаў, як зачыняюцца крамы ў даволі вялікіх вёсках, і як гэтыя аўталаўкі не заўсёды па раскладзе прыяжджаюць, і нацэнкі там вялікія. Адзінае выйсьце — прыватнік. І ён прыходзіць, але яму невыносныя ўмовы ствараюць. Таму што ён канкурэнт, ён кідае выклік гэтаму монстру — Белкаапсаюзу. А ўлады ўсё робяць, каб прыкрыць прыватніка. І пакуль я ня бачу сымбіёзу прыватніка і каапэрацыі».

Сваю незадаволенасьць дзейнасьцю Белспажыўсаюзу выказваў у сёлетнім пасланьні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Аляксандар Лукашэнка. Ён заявіў: «Калі Белкаапсаюз не дакажа сваёй дзеяздольнасьці, рыхтуйцеся да сурʼёзнай рэформы».

Але крытыкаваў Лукашэнка Белкаапсаюз і летась, і пазалетась, зьмянілася кіраўніцтва, ранейшае — пасадзілі (былога кіраўніка Белкаапсаюзу Сяргея Сідзька — на 12 гадоў, а былога кіраўніка ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва Дзьмітрыя Калодзезнага — на 4,5 года за хабарніцтва). А зрухаў пакуль ня бачна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG