Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч: Мяне сілаю чыноўнікі выпіхваюць у палітыку


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

Ваўкавыскую фірму «Ніка-таксі 22222», у якой працуе былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч, Міністэрства транспарту пазбаўляе ліцэнзіі. Бяз працы застаюцца 25 чалавек. Аўтуховіч лічыць, што гэта адбываецца незаконна.

Рашэньне аб пазбаўленьні ліцэнзіі ваўкавыскай фірмы перавозчыкаў «Ніка-таксі 22222» прынятае 13 траўня. Паводле Мікалая Аўтуховіча, у ім запісана, што фірму пазбаўляюць ліцэнзіі за грубыя парушэньні заканадаўства аб ліцэнзаваньні. На тое, каб спыніць працу, даецца два тыдні.

Аўтуховіч тлумачыць Свабодзе, што Міністэрства транспарту мае на ўвазе пад грубымі парушэньнямі заканадаўства. — У лістападзе на фірме была праверка, і транспартная інспэкцыя выявіла 4 машыны, у якіх несвоечасова быў праведзены тэхагляд. Але ў трох выпадках інспэкцыя памылілася, і мы змаглі пацьвердзіць гэта дакумэнтальна. Тым ня менш мы прызналі сваю віну за адну машыну і заплацілі штраф у памеры 10 базавых велічынь. І вось празь некалькі месяцаў нам абвяшчаюць, што ў фірмы за гэтае ж парушэньне адбіраюць ліцэнзію. Атрымліваецца, што за адно і тое парушэньне караюць двойчы. Але гэта незаконна.

Аўтуховіч кажа, што такія дзеяньні Мінтранса, безумоўна, зьвязаныя зь яго палітычнай дзейнасьцю. Але, на яго думку, ёсьць свае матывы і ў чыноўнікаў ад Мінтранса, якія хацелі б яму адпомсьціць.

— Я калі вярнуўся зь вязьніцы і пачаў ізноў працаваць у фірме таксі, сутыкнуўся з карумпаванасьцю чыноўнікаў.

Яны папросту «крышуюць» тых, хто займаецца перавозкамі на машынах, якія належным чынам не аформленыя, без таксомэтраў і г.д. Пра ўсё гэта я наўпрост казаў начальніку раённай інспэкцыі, калі яны чапляліся да мяне, што нашы машыны аздоблены пляфонамі і гербам Ваўкавыску — ім вельмі карцела, каб мы гэта паздымалі, але мы заканадаўства ніяк не парушалі. Нас пачалі штрафаваць за тое, чаго мы нават не парушалі, але ўсе гэтыя пратаколы і акты я абскарджваў у вышэйшых інстанцыях і выйграваў справы. Яны ня ведалі ўжо, што рабіць. І вось гэтая праверка прыходзіла — менавіта каб помсьціць нам. Але ці можна за адно парушэньне пазбаўляць адразу ліцэнзіі, пакінуць бяз працы 25 чалавек? Ці патрэбна гэта дзяржаве, якая губляе чарговага падаткаплатніка? І вось вам вялікая і малая палітыка. Я папросту зачапіў гэтую карупцыю, і яна хоча са мною разьлічыцца.

Дырэктарка фірмы «Ніка-таксі 22222» Людміла Парэмская кажа, што рыхтуецца рэгістраваць іншую фірму. Аўтуховіч дадае, што ў Мінтрансе ставяцца да такіх рэчаў ляяльна, бо гэта ізноў новыя вялікія грашовыя паступленьні. Спадарыня Парэмская кажа, што на тое, каб запусьціць новую фірму, спатрэбіцца каля 50 мільёнаў рублёў.

— Ну вось глядзіце, у мяне тут усё па сьпісе: 210 тысяч — рэгістрацыя статута, пячатка — 450 тысяч, за ліцэнзію — 2 мільёны 100 тысяч, амаль 4 мільёны на рэгістрацыю дакумэнтаў у ДАІ, на тэхагляд усіх транспартных сродкаў — каля 20 мільёнаў, рэгістрацыя таксомэтраў і іншае...

Паводле Аўтуховіча, у лютым забралі ліцэнзіі амаль у 500 перавозчыкаў. Гэта вельмі шмат.

— Але пры гэтым, — распавядае Аўтуховіч, — у Мінтрансе кажуць, каб тыя падавалі дакумэнты на новыя ліцэнзіі — маўляў, дадзім. Уяўляеце, з чаго робяцца грошы?

Таксіст Кірыл, які працуе ў фірме паўгода, кажа, што папросту ня ведае, што далей рабіць, бо працу знайсьці ў Ваўкавыску немагчыма.

— У мяне двое дзетак, чакаем трэцяе дзіця. Я тут атрымліваю каля двух мільёнаў, мільён аддаю на крэдыт. Жонка пакуль яшчэ робіць у краме. Мы без бацькоў не пражылі б, гэта добра, што дапамагаюць. Мы і так тут сьвету белага ня бачым, не бываем ні ў якіх адпачынках, ні дзяцей нікуды ня возім, жывем, абы неяк пракарміцца. Я ня ведаю, куды ісьці і што рабіць.

Малады кіроўца Артур распавядае, што шукаў у Ваўкавыску працы шэсьць месяцаў і толькі цяпер знайшоў.

— Калі яшчэ страціць і гэта, то будзе вельмі складана. У нашым горадзе можна недзе ўладкавацца толькі ў выпадку, калі маеш добрых знаёмых альбо сваякоў, а інакш нічога ня будзе, спраўдзіў на сабе. Я, дарэчы, і на заробкі езьдзіў у Расею, але болей не хачу туды. Мае знаёмыя па 3–4 месяцы ўжо сядзяць па хатах, бо няма дзе працаваць. Відаць, давядзецца да іх далучацца...

Зэльвенскі прадпрымальнік Віктар Ламека, які пазнаёміўся з рашэньнем Мінтранса аб пазбаўленьні ліцэнзіі, раіць Аўтуховічу падаваць скаргу ў суд. Лічыць, што ў дадзеным выпадку заканадаўства парушана Мінтрансам:

Віктар Ламека

Віктар Ламека

— У дырэктыве прэзыдэнта аб падтрымцы малога бізнэсу гаворыцца пра тое, што няма неабходнасьці караць прадпрымальніка за фармальныя парушэньні, калі яны не прыносяць стратаў дзяржаве. Удадзеным выпадку гэтыя нормы парушаныя Мінтрансам. Таму пазбаўленьне ліцэнзіі незаконнае.

Аўтуховіч кажа, што суды зоймуць шмат часу і скончацца, як звычайна бывае, нічым. А ізноў рабіць нейкія галадоўкі, паводле яго, таксама не выходзіць, бо людзі стомленыя ад гэтага і наўрад ці будуць гэтым займацца.

— Чыноўнікі папросту выпіхваюць мяне ў палітыку, хоць я не палітык і не хачу гэтым займацца. Але калі я бачу, што карупцыя разьядае папросту ўсе сфэры жыцьця — мы ж бачым нават з афіцыйнай інфармацыі, як крадуць чыноўнікі, як судзяць за карупцыю пракурораў, падаткоўцаў і нават судзьдзяў за хабар, — то што застаецца яшчэ рабіць, каб у гэтай краіне адбыліся зьмены? Хочаш ня хочаш, але тут ужо трэба ісьці ў тую палітыку. І яны, дарэчы, піхаюць мяне і такіх, як я, абедзьвюма нагамі.

XS
SM
MD
LG