Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская праграмістка працуе ў горадзе будучыні — там, дзе няма дзяржаўнай улады


Надзея Сьцепанчук

Надзея Сьцепанчук

Каровы ля салёну «Паршэ», вечны смог над «прыватным» горадам і мафійная бюракратыя. Менская праграмістка Надзея Сьцепанчук апошнія паўгода працуе ў індыйскім стартапе і дарасла да шэфа аддзелу.

Летась выкладчыца інфарматыкі ў Коласаўскім ліцэі Надзея Сьцепанчук вырашыла радыкальна зьмяніць спэцыялізацыю, паспрабаваўшы сілы ў замежным праекце. Дагэтуль быў дыстанцыйны вопыт супрацы з эўрапейскай праграмэрскай фірмай. Пасьля нядоўгіх развагаў падпісала гадавы кантракт на працу ў Індыі.

Стартап-гігант: 3 тысячы супрацоўнікаў, два дзясяткі краін-кліентаў

Галоўны офіс буйнога стартапу Zomato месьціцца ў горадзе Гургаон (Gurgaon) штату Гарʼяна (Haryana), недалёка ад Нью-Дэлі. Пра прынцыповыя адметнасьці мэгаполісу, аналягаў якому няма ў сьвеце, яна распавядзе крыху пазьней, а пакуль пытаньне: чаму для самарэалізацыі абраная краіна, дзе канкурэнцыя сярод праграмістаў і без таго моцная, а заробкі, мяркуючы па ўсім, наўрад ці вышэйшыя за беларускія?

Zomato можа сабе дазволіць такую рэкляму

Zomato можа сабе дазволіць такую рэкляму

«Так, мы называемся стартапам, але ў прынцыпе гэта вялікая фірма, на якую працуюць 3 тысячы чалавек па ўсім сьвеце. Спэцыялізацыя — праграмнае забесьпячэньне для кавярняў, рэстарацыяў, уніфікацыя сайтаў са смартфонамі. То бок — рэвію, фота, мэню, кіраваньне праз тэлефон. Праграма працуе ў 23 краінах сьвету, і гэтая лічба павялічваецца. Іншымі словамі, едзеце ў Штаты, адкрываеце нашу праграму, шукаеце бліжэйшы рэстаран, вывучаеце мэню, бачыце, што колькі каштуе, і г.д. Таксама ад нядаўняга часу дадалася функцыя дастаўкі ежы: „наклікаў“ праз праграму на тэлефоне, і любая замова прыяжджае праз 30–40 хвілін».

Сёньня Індыя перажывае сапраўдную «эпідэмію» стартапаў, кажа Надзея. Таму, перанасычаная, здавалася б, праграмістамі краіна мае вялікі дэфіцыт кваліфікаваных кадраў у гэтай галіне:

З індыйскімі калегамі-праграмістамі

З індыйскімі калегамі-праграмістамі

«Такое адчуваньне, што стартапы робяць усе, хто толькі можа. Адпаведна, знайсьці чалавека, які жадае пайсьці працаваць у вялікую фірму, вельмі складана. З добрым рэзюмэ разьбіраюць адразу ж. Вялізная праблема — прыцягнуць новых людзей. Прыкладам, шукаем праграміста, але ніхто не адгукаецца, усіх мабілізавалі стартапы, кожны хоча працаваць над сваім праектам. Замежнікі ў сілу пэўных прычынаў таксама ня едуць. Нават славянаў, якіх нібыта нічога не спыняе, няма: зь беларусаў, расейцаў, украінцаў толькі я. Праўда, яшчэ дзяўчына зь Нідэрляндаў, хлапец з Турэччыны, пяцёра партугальцаў — такая вось геаграфія».

Надзея Сьцепанчук кажа, што трапіла ў Індыю выпадкова — пасьля таго як кампанію, зь якой яна па дамове супрацоўнічала зь Беларусі, набылі індусы:

«Мая гісторыя досыць цікавая. Дагэтуль, калі яшчэ была ў Беларусі, я працавала з італьянскай фірмай, якая займалася тым жа самым — рэвію для рэстаранаў. А потым Zomato купіла італьянцаў, пашырыўшы сфэру ўплыву. Увогуле за апошні час яны набылі досыць шмат фірмаў па ўсім сьвеце — польскую, чэскую, амэрыканскую, каб быць паўсюль. Адпаведна, пасьля таго як італьянскі праект стаў індыйскім, па старым сяброўстве мне прапанавалі далучыцца да новай каманды, бо кампанія разрастаецца, шукае дадатковых праграмістаў. І я адказала: чаму не? Давайце паспрабуем! Прынамсі, мне было цікава даведацца, як яны тут працуюць».

Разьбіваньне стэрэатыпаў: «дармовага» жыцьця ў Індыі няма

За прамінулыя шэсьць месяцаў Надзея ніводнага разу не пашкадавала пра свой выбар, хоць і кажа, што паводле ўзроўню кваліфікацыі яна ледзь ня самая дасьведчаная праграмістка на ўсю фірму:

Сучасны офіс індыйскага стартапу

Сучасны офіс індыйскага стартапу

«Ёсьць шмат стэрэатыпаў наконт таго, што індыйскія праграмісты працуюць ледзь не за ежу, бла-бла-бла. Таму адна з мэтаў — на ўласныя вочы пабачыць, так гэта ці не. Магу сказаць, што як людзі яны вельмі клясныя, вясёлыя, цікавыя — сядзіць за кампутарам і раптам пачынае сьпяваць, клёва. Каманда выдатная, працаваць адна асалода. У гэтым пляне камфортна і ўтульна.

Што тычыцца прафэсійнай падрыхтоўкі, то тут больш складана. На фірме няма людзей зь вялікім досьведам, самы вопытны чалавек — гэта я. Пераважна год стажу, можа два. Часта мяняюць месца працы: год недзе пабыў — гэта ўжо шмат. Мяняюць спэцыялізацыю, ідуць у іншыя сфэры. А паколькі вопытных мала, з-за гэтага якасьць коду жахлівая — самі ўявіце, што могуць студэнты пасьля ўнівэру. Таму праблемаў у іхняй працы бачу шмат — прафэсіяналы з досьведам у дэфіцыце, збольшага людзі з годам-двума практыкі».

У нацыянальных колерах

У нацыянальных колерах

Асноўная маса праграмісцкага люду ў Індыі сканцэнтраваная ў Бангалоры, пабраціме Менску. Тут аналяг амэрыканскай Крэмніевай даліны, а ў прывязцы да Беларусі — своеасаблівы Парк высокіх тэхналёгіяў: «Вось там у літаральным сэнсе: калі кінуць позірк у кагосьці на вуліцы, абавязкова натрапіш на стартапэра, на праграміста», — кажа Надзея Сьцепанчук.

А наколькі прыбытковая ІТ-сфэра ў Індыі?

«Я ня ведаю канкрэтна заробкі маіх калегаў, але, мяркуючы па гутарках са стартапэрамі, блізкія да беларускага ўзроўню. Напрыклад, я пішу праграмы пад iPhone, і прынамсі ў гэтым сэктары расцэнкі практычна беларускія — ніяк не 50 даляраў на месяц, як хтосьці лічыць. Разам з тым стэрэатып пра „дармавое“ жыцьцё ў Індыі таксама не адпавядае рэальнасьці. Дакладней, шмат дзе танна, але не ў маім горадзе. Я, напрыклад, наймаю кватэру за 500 даляраў. Гэта шмат. Для мяне ў літаральным сэнсе гэта было шокам, бо разьлічвала ўціснуцца, як у Менску — даляраў за 300. Але я мэтанакіравана шукала, каб было бліжэй да офісу, таму давялося пагаджацца. Зрэшты, бывае і больш. Калі набываць ежу не на вуліцы, а ў краме — таксама даражэй, чым у Беларусі. Такі вось узровень жыцьця ў горадзе».

Гургаон: футурыстычны праект прыватных карпарацыяў

Мільёньнік Гургаон — другі па велічыні горад у штаце Гарʼяна і першы ў Індыі экспэрымэнт «прыватнага гораду». Тут няма дзяржаўнай адміністрацыі, усю палітыку фармуюць бізнэс-карпарацыі. Цікаўлюся ў Надзеі: як жывецца ў мэгаполісе, пазбаўленым дзяржаўнай апекі?

Від на горад з кватэры Надзеі

Від на горад з кватэры Надзеі

Туман і смог — звыклая рэч для Гургаона

Туман і смог — звыклая рэч для Гургаона

«Сапраўды ўнікальны выпадак, бо горад жыве і імкліва расьце безь дзяржаўнай адміністрацыі. Яго гаспадары — бізнэс-структуры, якія забясьпечваюць жыцьцядзейнасьць усяго мэгаполісу. Дарогі, транспарт, будаўніцтва — усё ў прыватных руках, дзяржаўнага няма нічога. Паколькі ўзровень жыцьця лічыцца высокім, гэта адбіваецца на коштах. Зайшоўшы ў краму набыць нейкія звычайныя рэчы, адразу адчуваеш розьніцу зь іншымі месцамі. Дарэчы, для іх такі досьвед таксама новы — увогуле ці ня першы горад зь недзяржаўнай структурай. Пры гэтым, як усюды ў Індыі, тут калясальны кантраст: навокал шкло і бэтон, а побач у брудзе капаюцца сьвінкі. Вечны смог, блакітнае неба бывае вельмі рэдка. Першы час не разумееш, як такое можа быць увогуле: стаяць сучасныя хмарачосы, паміж якімі спакойна ходзяць каровы. Па вуліцы, дзе наш офіс, — салён „Паршэ“, прадаюцца самыя наварочаныя аўто. А на ўваходзе „загараюць“ парсючкі».

Парсючкі і каровы ў горадзе

Парсючкі і каровы ў горадзе

Замежніку ў такі кантраст, зазначае Надзея, арганічна ўпісацца немагчыма — за пару месяцаў проста прызвычайваесься як да тутэйшага калярыту. Як і да мясцовай бюракратыі, якая ў Індыі «квітнее» на ўсіх узроўнях. Напрыклад, пакуль яе працоўныя паперы перакачоўвалі з аднаго стала на іншы, месяц давялося жыць з пратэрмінаванай візай. Як аказалася, не вызваляе ад «хаджэньня па пакутах» нават высокая мэнэджэрская пазыцыя. Надзея ад нядаўняга часу — «галоўны чалавек», які адказвае на фірме за ўсе Apple-прыстасаваньні:

Індыйскі ахоўнік

Індыйскі ахоўнік

«Бюракратыя выядае нэрвы цалкам. Калі нешта патрэбна — будзеш увесь час некуды хадзіць. На фірме ёсьць адмысловыя людзі, якія займаюцца працоўнымі дакумэнтамі, візамі для супрацоўнікаў, усім-усім. Але калі я хачу, каб яны штосьці зрабілі, я павінна пастаянна хадзіць і прасіць. Немагчыма ім сказаць — зрабіце — і супакоіцца. Трэба прыйсьці і спраўдзіць. Хочаш, каб было пэўна — два разы схадзі, а лепш тры. Усё працуе толькі ў адзін бок, ад іх ніколі няма фідбэку. Ходзіш і ўвесь час нагадваеш. Пры тым, што фірма прыватная, мы ўсе супрацоўнікі, усе сябры. Але калі нешта неабходна, ніякае сяброўства не спрацоўвае. Гэта прынцып такі, яны самі тлумачаць: хочаш выніку — схадзі і спраўдзі. То бок мэйл не працуе, мэсэнджэр не працуе, падыдзі і пацікаўся. Спосаб камунікацыі такі. Зноў жа, кажуць: гэта Індыя, мы так жывём, так працуем. Спачатку было дзіка, але цяпер звыклася да іх, яны прызвычаіліся да мяне».

Брудна, бедна, тлумна: страхі эўрапейскіх «гастарбайтэраў»

Надзея расказвае, што праца ў офісе займае большую частку жыцьця, таму няма нават часу на тое, каб паезьдзіць па краіне ды патраціць крыху заробку. Тым ня меней усё ж намагаецца вырвацца за межы гораду прынамсі на сьветлавы дзень у выходны:​

Палац Чхатарпур у Нью-Дэлі і легендарны Тадж-Махал

Палац Чхатарпур у Нью-Дэлі і легендарны Тадж-Махал

«Са мной падпісаны кантракт, дзе названая сума за год. Але мы працуем ад 9-й раніцы і да 9-й вечара, у такім рытме — шэсьць дзён на тыдзень. Часу, каб куды паехаць і патраціць заробленыя грошы, асабліва няма. Лягічна, што цалейшыя будуць, але ж цікава некуды выбрацца, паглядзець краіну, людзей. Стараюся сюды-туды паехаць хоць на адзіны выходны. Тым больш што па-за межамі нашага гораду можна добра ашчадзіць: на тым жа Гоа, куды ўсе едуць, дый паўсюль. Прыклад: у суседнім горадзе тры бананы каштуюць 10 рупіяў (1 даляр — 60 рупіяў). То бок, у эквіваленце за даляр можна набыць 18 бананаў. Але толькі ня ў нашым горадзе. Так, тут таксама жывуць бедныя людзі, бо хто прыбірае вуліцу — апрыёры бедны. Ён не харчуецца ў кавярні, купляе на вуліцы. Там кошты зусім іншыя. Скажам, я набывала гародніну: на паўдаляра купіла бульбу, капусту, цыбулю і нагатавала сабе на два дні. Вялізны кантраст».

Вулічны гандаль

Вулічны гандаль

Замежнікі практычна круглы год прыяжджаюць у Індыю турыстамі, але не разглядаюць яе як краіну, дзе можна працаваць і тым самым папоўніць уласны бюджэт. Што найперш палохае «гастарбайтэраў», у тым ліку зь Беларусі?

«Так, ніхто ня хоча ехаць. Я напісала ўсім сваім сябрам у Беларусі: фірма шукае праграмістаў, прыяжджайце. Усе адказалі — прабач, але неяк не „камільфо“. Перадусім, заробак ніжэйшы, чым у Беларусі. Я казала, што да беларускага набліжаецца, але пакуль усё ж меншы. Адпаведна, зь Беларусі ніхто ехаць ня хоча. Як бы выходзіць, што паніжэньне ўзроўню прыбыткаў. Ну і, само сабой, спрацоўвае стэрэатып пра тое, што брудна, бедна, тлумна. Вядома, месца не для кожнага, але асабіста мне тут вельмі цікава, яны выдаюць такія гісторыі, што нам і ня сьнілася. У іх зусім іншае разуменьне жыцьця. Праўда, ёсьць прыклады ланцуговай рэакцыі — скажам, у нас цяпер 5 чалавек з Партугаліі, і яны падцягваюць сяброў. То бок — людзі прыехалі, ім спадабалася, на іхні досьвед адгукаюцца іншыя. Хоць мае высілкі пакуль бясплённыя».

Выдаткі моўнага асяродзьдзя: «Бʼюціфуль піпль»

Канспэкт па хіндзі

Канспэкт па хіндзі

Пры гэтым Надзея Сьцепанчук не хавае, што ехала не абагаціцца, а ў пэўнай ступені дзеля прыгоды. Таму расчараваньне ад зробленага кроку ёй не пагражае:

«У прынцыпе, так, я ехала па прыгоды. Не скажу, што трачу ўсе грошы толькі на жытло і на выхадзе нічога не застаецца. Не, канечне. Хоць атрымліваю меней, чым калегі-праграмісты ў Беларусі, але гэта зь лішкам кампэнсуецца мясцовымі ўражаньнямі. То бок сапраўды для мяне гэта прыгода, нават, можна сказаць, авантурызм — паглядзець, як жывуць людзі ў краіне з такой даўняй гісторыяй. Да таго ж кожны дзень тут — англамоўнае асяродзьдзе, вельмі добрая практыка, каб камунікаваць зь людзьмі, вырашаць праблемы. Я ўжо адчуваю, што мой узровень ангельскай мовы значна палепшыўся. Ну, абʼектыўна немагчыма мець у Беларусі такое моўнае асяродзьдзе».

Сьвята колеру Холі

Сьвята колеру Холі

А ці не баіцца яна, што ў падобным асяродку ангельскую мову можна ня столькі падцягнуць, колькі падагнаць яе пад спэцыфічныя стандарты рэгіёну?

«Вымаўленьне шмат у каго, вядома, спэцыфічнае, але ангельскую яны ведаюць у адпаведнасьці з усімі правіламі, бо ад першай клясы вучацца ў школе па-ангельску. То бок ад пачатку жыцьця. Так, у іх свой калярыт, пагаджуся. Але ж індусы розныя: адны з поўначы, іншыя з поўдня. Тыя, хто прыяжджае з поўдня, гавораць па-ангельску, яны хіндзі практычна ня ведаюць. Жыхары поўначы і цэнтральнай часткі паміж сабой гавораць на хіндзі. Дарэчы, я таксама пачала вывучаць хіндзі — тут ёсьць адмысловыя курсы, замежнікі таксама могуць вучыць. Але паміж сабой у офісе кантактуем, натуральна, па-ангельску».

Беларускамоўны торт ад сяброў

Беларускамоўны торт ад сяброў

Полавая палітыка: ад гендэрнага перакосу да прэфэрэнцыяў

Цікаўлюся ў Надзеі: наколькі значная жаночая прысутнасьць у індыйскім бізнэсе? У свой час дзяўчаткі ў сямʼі сталі лічыцца непажаданымі, як вынік — мужчын стала прыкметна больш. Суразмоўніца зазначае: наступствы недальнабачнай палітыкі кампэнсуюцца разнастайнымі прэфэрэнцыямі жанчынам і дзяўчатам, пачынаючы ад іх нараджэньня:

Спосаб уратавацца ад смогу

Спосаб уратавацца ад смогу

«На паверсе сярод праграмістаў 5–6 дзяўчат. Апроч таго, што я займаю пазыцыю кіраўніцы, ёсьць яшчэ дзьве каманды, дзе лідэрамі таксама дзяўчаты. Разумныя, адукаваныя. Па вялікім рахунку, такі падзел у Беларусі існуе таксама. Вазьміце любую праграмісцкую фірму, там працэнт дзяўчат зусім малы. Але яны ёсьць там, ёсьць і тут. Я не кажу пра іншыя групы, якія займаюцца продажам, кантэнтам, дзе дзяўчат шмат. Апроч таго, жанчынам у Індыі даюцца значныя прэфэрэнцыі. Калі мужчына і жанчына хочуць набыць квіток у кіно, першай прададуць жанчыне. Вагоны ў мэтро асобныя, толькі для жанчын. Прэфэрэнцыі не ад нейкіх заігрываньняў, проста гендэрны балянс розны — мужчын нашмат больш. Таму шмат дзе для жанчын ствараюцца спрыяльныя ўмовы».

Надзея Сьцепанчук спадзяецца, што Індыя стане для яе найлепшым фізычным і маральным выпрабаваньнем, пасьля якога далейшы шлях па жыцьці будзе «займальнай прагулкай».

З былым вучнем Міхасём Лысюком, які вучыцца ў Сынгапуры

З былым вучнем Міхасём Лысюком, які вучыцца ў Сынгапуры

«У прынцыпе, Індыя — гэта выпрабаваньне ўласнай волі. У мяне тут быў сябра з Турэччыны, калі мы размаўлялі, ён так і сказаў: выжыву — вытрымаю паўсюль у сьвеце. Ня ведаю, як далей, але пакуль мне падабаецца быць тут. Шчыра кажучы, ня надта нават хочацца ў пераважна халодную Беларусь. Я не пляную тут заставацца назаўсёды, але як мінімум да восені буду працаваць, мой кантракт разьлічаны да кастрычніка. А ў якой краіне хацелася б паспрабаваць сябе яшчэ? Неяк зьбіралася паехаць папрацаваць у Амстэрдам, але цяпер ужо хочацца большага мультыкультурнага асяродзьдзя. Таму, мабыць, Сынгапур».

Праца працай, а ліцэйскі выпускны — сьвятое

Некалькі гадоў таму Надзея разам зь сябрам наведвала Індыю як турыстка. Але гэта не ідзе ні ў якае параўнаньне з тым, калі тут жывеш і працуеш:

Месца хапае ўсім — і людзям, і жывёлам

Месца хапае ўсім — і людзям, і жывёлам

«Калі толькі вандруеш, то бачыш паверхню, вонкавы бок: бруд, беднасьць, неўладкаванасьць. Але ты не стасуесься зь людзьмі, не кантактуеш зь імі. Гэтым разам я тут жыву больш за паўгода, маю сяброў, размаўляю, жыву зь імі адным жыцьцём, аднымі задачамі; у іх вельмі цікавы сьветапогляд, які мне імпануе. Таму бачыць знутры і звонку — зусім розныя рэчы. У іх вельмі паказальнае стаўленьне да сямʼі. Для іх сямʼя — самае галоўнае. Штодня кожнаму маці ці бацька тэлефануе — альбо дзеці бацькам, гэта абавязкова. Гэта сьвятое для іх, адзін пра аднаго клапоцяцца неверагодна. Абсалютна кожны працуе і адсылае частку грошай родным. Што добра было б узяць у іх за прыклад. Браты, сёстры, бліжэйшыя родзічы — з усімі падтрымліваецца кантакт. Як яны ставяцца да сямʼі — варта павучыцца».

Надзея Сьцепанчук у Індыі

Надзея Сьцепанчук у Індыі

Апошнія гады Надзея Сьцепанчук працавала ў Коласаўскім ліцэі, выкладала інфарматыку. Маладосьць і агульныя інтарэсы з падлеткамі рабілі яе ня толькі настаўніцай, але і сябрам. Гаворыць, што дагэтуль лістуецца з многімі выпускнікамі, а ў чэрвені адмыслова ляціць у Беларусь, каб пабыць на выпускной вечарыне:

Краінавыя прыярытэты Надзеі

Краінавыя прыярытэты Надзеі

«Зразумела, што ў Індыі зусім іншыя ўражаньні, зусім іншы досьвед, зусім іншая жыцьцёвая практыка. Настолькі ўсё адрознае ад беларускіх рэаліяў, што цяжка нават перадаць. Але па ліцэі я вельмі сумую, гэта сакральнае месца, якому аддадзена вельмі шмат душы. Таму летам зьбіраюся адмыслова прыехаць на выпускны, гэта для мяне надзвычай важная падзея. Ліцэя не хапае, настаўнікаў, вучняў. Усіх памятаю, пішам адзін аднаму ў Фэйсбуку, абменьваемся прывітаньнямі. Ліцэй з жыцьця выкрасьліць немагчыма, гэта неверагоднае месца...»

Індыя: уражаньні на ўсё жыцьцё

Індыя: уражаньні на ўсё жыцьцё

Яшчэ ў Беларусі Надзея стварыла першую віртуальную казку па-беларуску «Зайкава хатка», адаптаваную для мабільных прыстасаваньняў сямейства Apple. Аддзел Zomato, у якім яна працуе ў індыйскім Гургаоне, таксама арыентаваны на праграмы для iPhone — адзінае, што маштаб задачаў непараўнальна большы.

XS
SM
MD
LG